Вы тут

Як перастаць ахвяраваць сабой у адносінах? Парады псіхолага


Яшчэ ўчора, здавалася, вы кляліся ў каханні і любавалiся адзін адным. Сёння ж — сваркі, маніпуляцыі, здрады. Многія з нас жывуць у залежных адносінах ад мужчыны, называючы гэта каханнем. Нам уласціва не заўважаць, што пад маскай кахання хаваецца нездаровая прыхільнасць да чалавека. Здаецца, што жанчына з высокім інтэлектам здольная адрозніць здаровыя адносіны ад разбуральных. А што ж насамрэч адбываецца ў жаночай галаве?


«Ахвяра» прапускае магчымасці, якія змяняюць жыццё да лепшага

«Жанчына-ахвяра» баіцца застацца адна, таму гатова мірыцца з агрэсіўнымі, разбуральнымі паводзінамі партнёра. Яе ўстаноўка — «калі я не ў адносінах, то я ніхто, таму буду хоць з кімсьці» — прыводзіць толькі да знішчэння самаацэнкі.

Вельмі часта сэнс свайго жыцця жанчыны бачаць толькі ў мужчыне: «я без яго памру», «мне патрэбен толькі ён і ніхто іншы», «мне дрэнна без яго». Гэта сведчыць пра тое, што ў чалавека няма іншых крыніц радасці, якія маглі б яго падтрымаць, калі партнёр раптам сыдзе цi знікне. Гэта адназначна не каханне. Гэта эмацыйная залежнасць. Па сутнасці, жанчына робіць іншага чалавека адказным за сваё шчасце. Менавіта так з’яўляецца ахвярнасць у адносінах.

Асноўныя сімптомы ахвяры:

  • жаль да сябе;
  • песімістычны погляд на будучыню;
  • «ахвяра» не прызнае віны, не жадае браць на сябе адказнасць за негатыўныя падзеі — хваробы, сваркі, растанні. Але заўсёды адзначае сваю заслугу ў складаных сітуацыях. Унутранае перажыванне бездапаможнасці, схільнасць шкадаваць сябе праяўляецца ў штодзённых маніпуляцыях;
  • «ахвяра» заўсёды пазбягае адказнасці за сваё жыццё;
  • увесь час знаходзіцца ў пошуку тых, хто адгадае і задаволіць яе жаданні;
  • часта крыўдзіцца, шукае вінаватых і сама нярэдка адчувае пачуццё віны;
  • «ахвяра» заўсёды нечым не задаволена. Засяроджваецца на праблемах і непрыемнасцях. Пакутай і горам прыцягвае ўвагу навакольных.

Сіндром ахвяры не дае асобе праявіць свае лепшыя якасці, рэалізаваць здольнасці і таленты. Замест шчаслiвай будучыні вымалёўваецца пустэча і невядомасць. Такі чалавек не ведае, чаго хоча, і не ўяўляе, як дасягаць мэты.

Праверце сябе

Зразумець, што гаворка ідзе не пра здаровае каханне, а пра празмерную эмацыйную прыхільнасць, дапаможа тэст. Прачытайце сцвярджэнні і адзначце тыя, што характарызуюць вас. Чым больш адказаў, на якія вы адказваеце «Так», тым мацней вы залежыце ад іншага чалавека.

  • Вы не можаце сабе нават уявіць, як будзеце жыць без «каханага», не верыце, што будзеце шчаслівыя без яго. Думка пра тое, што вашыя адносіны скончацца, выклікае страх.
  • Вас не адпускаюць дакучлівыя думкі — дзе ён, чым займаецца, з кім, пра магчымы разрыў з ім. Можа ўзнікаць паталагічная рэўнасць, якая прыводзіць да скандалаў, істэрык.
  • Вы мяняеце свае звычкі, падладжваецеся пад жыццё партнёра, церпіце знявагу, абы дагадзіць яму. Ваша кола зносін звужаецца, мяняюцца хобі і захапленні.
  • Калі «яго» няма побач, вы пакутуеце. Гэта адбіваецца на фізічным узроўні — слабасцю ў целе, дрыгаценнем рук, болямі. Усе гэтыя сімптомы знікаюць у момант кантакту з партнёрам.
  • Вы імкнецеся зліцца з аб’ектам залежнасці, валодаць ім, кантраляваць яго ва ўсім, знаходзіцца побач 24 гадзіны.
  • Тое, што радавала вас раней, зараз не выклікае ніякіх эмоцый. Вы здольныя цешыцца толькі ў прысутнасці свайго партнёра.
  • Калі партнёр вас эксплуатуе або падманвае (змяняе, б’е, абкрадвае), вы апраўдваеце яго. Магчыма, вы нават вінаваціце ў тым, што адбываецца, сябе («гэта я нешта зрабіла не так», «мне трэба выправіцца»).

Як выйсці са становішча ахвяры?

Ахвяра здольная сама справіцца са сваімі праблемамі, але не жадае гэтага рабіць. І яна хоча жалю, які прымае за каханне. Любімая фраза «ахвяры»: «Так, але...». Напрыклад: «Так, я магу сысці ад мужа, але тады дзеці застануцца без бацькі». 

  • Усвядомце сваю каштоўнасць
  • Пачніце паводзіць сябе як моцная асоба. Стаўце мэты і рэалізоўвайце іх.
  • Развівайце ў сабе звычкі свабодных і самастойных людзей.
  • Памятайце, што толькі вы выбіраеце, якую ролю іграць у сваім жыцці.
  • Адмоўцеся ад звычкі скардзіцца.

Навучыцеся давяраць сабе, любіць сябе і шанаваць. Пазбягайце тых, з кім адчуваеце сябе непаўнавартаснай і знясіленай. Не трэба нікому даказваць, што вы вартыя кахання і павагі. Лепш быць адной, чым з тымі, хто забівае веру ў вас. Не імкніцеся быць ідэальнай і ўсім дагаджаць.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: рexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.