Вы тут

Старастай вёскі — 37 гадоў? Гэта пра Ванду Раслякову


Калі Ванда Паўлаўна сказала, што старастай у Галоўчыцах яна з 1985 года, мы не тое каб не паверылі, — здзівіліся, сталі падлічваць. Бо прывыклі, што інстытут старастаў у вёсках культывуецца недзе з сярэдзіны 1990-х гадоў. Але ж узнік ён сапраўды не на пустым месцы. І ў савецкі перыяд у многіх населеных пунктах абіралі старасту.


Ванда і Аляксей Расляковы.

Вось і ў Галоўчыцах так было. Менавіта яе, бібліятэкара ва ўзросце за трыццаць, актывістку грамадскага жыцця, на сельскім сходзе абралі старастай.

— Некалі ў нас жыццё віравала, — расказвае Ванда Паўлаўна. — Быў торфазавод, выпускалі за год тон 300 торфабрыкету, нават дамы для работнікаў завода будавалі. У вёсцы былі школа, дзіцячы садок, клуб з бібліятэкай, ФАП, крама, лазня — адным словам, уся інфраструктура. Цяпер з усяго пералічанага засталася толькі крама.

Хоць па адукацыі яна гандлёвы работнік, але давялося працаваць у бухгалтэрыі, у дзіцячым садку. Апошнія ў працоўнай біяграфіі 34 гады шчыравала ў бібліятэцы. Менавіта тады яна разам з вясковымі актывістамі арганізоўвала святочныя і іншыя мерапрыемствы — не злічыць, колькі правялі суботнікаў, працоўных дэсантаў па прыборцы тэрыторыі, па навядзенні парадку на могілках. Стараста згадала, як цікава арганізоўвалі дні вёскі: да падрыхтоўкі прыцягвалі многіх вяскоўцаў, запрашалі самадзейных артыстаў. Потым, калі клуб і бібліятэку скасавалі, будынак доўга яшчэ служыў людзям у якасці Дома сацыяльных паслуг. Там таксама ладзілі святы, збіраліся на сустрэчы з прадстаўнікамі раённай улады, медыкамі, спецыялістамі, якія наведвалі вёску падчас інфармацыйных дзён.

Вёска, на жаль, не расце, а, наадварот, меншае. Некалькі гадоў таму будынак, дзе быў Дом сацыяльных паслуг, прадалі прадпрымальніку. Цяпер адзіным грамадскім месцам для Галоўчыц, дзе пад сотню жыхароў, застаецца крама. Але ж стараста, як і раней, заўсёды на сувязі з сельсаветам.

Яго старшыня Вячаслаў РУСАКЕВІЧ гаворыць, што Ванда Паўлаўна ў ліку самых актыўных старастаў. Да таго ж у яе ёсць надзейная апора і памочнік — муж Аляксей Міхайлавіч.

Калі мінулай восенню вялі вялікую работу па ачыстцы абочын дарог ад лішніх дрэў і хмызняку, Аляксей Раслякоў усе дні шчыраваў з работнікамі дарожных службаў. Дзе вялікая тэхніка не праходзіла, там вясковы ўмелец са сваімі механічнымі прыстасаваннямі вывозіў галлё і драўляныя адходы. Аляксей Міхайлавіч — на ўсе рукі майстар. У яго ёсць, напрыклад, не зусім звычайная «веламашына». Да веласіпеда прырабіў маторчык ад бензакасы, і цяпер гаспадар — на колах. «Мая машына безадмоўная: трэба пад'ехаць хутка — ускочыў, завёўся і паехаў, а калі бензін скончыцца, не бяда — круці педалі».

Раней Ванда Паўлаўна, калі трэба было з’ездзіць па справах, сядала на веласіпед і ехала, нават у Дзмітравічы, у сельсавет. Цяпер з мабільнасцю яе выручае муж.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.