Вы тут

«Ты нас ласкай атуліла». Патрыятызм — не толькі пачуцці, але і кагніцыі


Выхаванне патрыятызму ў маладога пакалення — адна з самых актуальных задач для сучаснай беларускай грамадскасці. Пры гэтым варта ясна ўсведамляць, што ўяўляе сабою гэты духоўна-псіхалагічны феномен — патрыятызм.


Патрыятызм — складанае паняцце, калі разглядаць яго аналітычна. Бясспрэчна, гэта найперш любоў — любоў да радзімы, да яе прыроды, да яе народа. Любоў можа быць усёахопнай, усёпаглынальнай, як у героя паэмы М. Ю. Лермантава «Мцыры» («Я знал одной лишь думы власть, // Одну, но пламенную страсть...»). Патрыятычным пачуццём ахоплены аўтар — Адам Міцкевіч — і яго героі з паэмы «Пан Тадэвуш». Ваяры и беларускія партызаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны ажыццяўлялі подзвігі і ішлі на смерць не за камуністычную партыю, а за родную зямлю. 

У трагічным ХХ стагоддзі тысячы людзей па розных прычынах вымушаны былі пакідаць свае краіны. Па сведчанні многіх і многіх, няма больш пакутлівага пачуцця, як настальгія — туга па любімай страчанай Айчыне. 

Любоў да Радзімы не бывае сляпой — яна заўсёды спалучаецца з удзячнасцю сваёй зямлі, гонарам за яе або, наадварот, болем за яе пакуты ў ваеннае ліхалецце. 

Аднак, мне здаецца, патрыятызм — не толькі пачуцці, але і кагніцыі, гэта значыць, пэўныя перакананні, меркаванні, устаноўкі асобы, якія фарміруюцца па меры яе сталення («одной лишь думы власть»). 

Кагніцыі — інтэлектуальныя складнікі свядомасці — урэшце прыводзяць да ўсведамлення маладым чалавекам свайго абавязку перад радзімай і нават гатоўнасці аддаць за яе жыццё. 

Такім чынам, патрыятызм — асаблівае пачуццё, якое можна назваць вышэйшым, інтэлектуальна асветленым, бо, каб любіць, неабходна ведаць і разумець. Патрыёт — той, хто любіць Айчыну, бо ведае яе геаграфічныя асаблівасці, яе прыроду, яе гісторыю, яе культуру. 

Натуральна, што бацькі, выхавальнікі, настаўнікі, пісьменнікі, займаючыся выха¬ваннем маладога пакалення, павінны абавязкова ўлічваць узрост дзяцей, ступень іх разумовага развіцця. Скажам, адчуваць свой абавязак перад радзімай, гатоўнасць абараняць яе. Патрыятызм фарміруецца з падлеткавага ўзросту — старэйшага школьнага. Малодшым школьнікам неабходна даваць папярэднія звесткі пра родны край. Менавіта такой думкай кіраваўся знакаміты беларускі паэт і знаўца паэзіі Віктар Шніп, калі складаў зборнік паэзіі для малодшых школьнікаў «Зямля мая» з серыі «Жывая класіка дзецям», якая выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура». 

Зборнік невялікі, складаецца з 12 вершаў: улічана тое, што да кнігі можна звяртацца паслядоўна ў розныя дні і гадзіны, але можна прачытаць і за адзін раз, а таму ўражанні дзяцей не варта перагружаць. 

У большасці выпадкаў у вершах самі іх назвы даюць агульнае ўяўленне пра Радзіму: «Дарагая Беларусь», «Беларусь», «Мой край», «Зямля мая», «Прыляцеў я ў свой край», «Зямля з блакітнымі вачамі». 

«Беларусь». «Зямля». «Край». Назва краіны, якая нават падсвядома выклікае ста¬ноўчыя асацыяцыі. Зямля як сінонім планеты, пэўнай прасторы, глебы. А слова «край» — агульнаславянскае і першапачаткова азначала тэрыторыю, абавязкова нечым абмежаваную — хутчэй за ўсё прыроднай перашкодай-абаронай, напрыклад, ракой («Мой край — бялюткія бярозы // Абапал сіняе ракі» ў Веры Вярбы). Уяўленне аселых земляробаў пра сваю тэрыторыю — пачатак пачуцця патрыятызму. І коласаўскі «родны кут» — адсюль. Семантыка гэтых паняццяў — утульнасць свайго. Утульнасць ствараюць, як правіла, палі з вертыкальнымі дамінантамі прасторы — дрэвамі. У Артура Вольскага: «То ялінкі, то сасонкі // падпіраюць небакрай...» Беларус заўсёды жыў паблізу лесу, у акружэнні яго, або высаджваў сады. «Лясы шумяць, цвіце за полем гай» у Адама Русака. Немагчыма ўявіць нашу краі¬ну і без крыніц, азёраў, рэчак: «Зямля з блакітнымі вачамі — святло азёр, прастор лугоў»; «Звіняць крыніцы, як цымбалы»; «... Рэкі цягнуцца, як рукі, // Да чыстых рук тваіх сяброў» (Эдзі Агняцвет). Або ў Ніны Галіноўскай: «Зямля мая азёрная...» 

Паэты, прадстаўленыя ў зборніку, зачараваны прыгажосцю сваёй зямлі. Яна ўтульная і ў той жа час прасторная. «Залацістыя прасторы», — так іх бачыць Пятрусь Броўка. У яго ж: «Ты нас ласкай атуліла, // І я ў шчасці гавару: // „Як ты сэрцу майму міла, // Дарагая Беларусь“». 

Усе паэты прызнаюцца ў любові да Айчыны, адчуваюць сваю блізкасць да яе. Але каб тое ж адчуў маленькі чытач, неабходна і яго захапіць апісаннямі прыкмет роднага, па сутнасці, самага важнага для кожнага чалавека. У Васіля Жуковіча верш называецца «Незаменнае». Ён пералічвае святыя для беларуса словы: «Мір. Радзіма. Мама». І іншыя паэты акцэнтуюць увагу на нашых каштоўнасцях. Міхась Пазнякоў называе іх «Скарб»: «Гэта — праца, // Рукі, сэрцы, // Што ствараюць і пяюць. // Гэта — дружба, мір, // Што ў свеце // Нас з табою берагуць». 

Героі паэтаў — і птушкі, святыя для беларусаў. Дзеці любяць птушак, усё жывое, таму ўключэнне твораў пра іх у зборнік патрыятычнай лірыкі правамернае. Птушкі — яскравы прыклад прывязанасці да свайго, роднага, да гнязда, дзе нарадзіліся, да якога заўсёды вяр¬таюцца вясною. У Авяр’яна Дзеружынскага бусел радуецца, калі прылятае ў свой край. Лірычны герой Міхася Калачынскага ў вершы «Размова з жураўлём» вядзе дыялог з птушкай, пытае ў жорава, што ён бачыў. Шмат бачыў жораў у чужых краях, але «шлях у родны край бацькоўскі, // ён мілей зямель заморскіх». 

Складальнік кнігі ўключыў у яе нават верш «Беларуская бульба» Авяр’яна Дзеружынскага. На гэты раз паэт ужывае не высокія словы, а стравы з бульбы і спосабы яе кулінарнай апрацоўкі. Дзеці павінны адчуць важнасць і матэрыяльнага таксама, калі яно сваё, роднае. 

Аформіла кнігу Вольга Барай. Ілюстрацыі яе пераважна рэалістычна-ўмоўныя, але раптам сярод характэрных, рознакаляровых, пейзажаў — буйным планам буслы, бульба. Не толькі паэзія, словы, але і малюнкі дапамагаюць чытачам чаргаваць уражанні, пераключацца на розныя аб’екты, якія ў цэлым ствараюць карціну Радзімы. 

Зборнік «Зямля мая» складзены з вялікай любоўю і да роднага краю, і да маленькіх чытачоў. 

Таццяна ШАМЯКІНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.