Вы тут

Не выдумвайце для дзіцяці казкі пра бацьку — яны могуць і не спатрэбіцца


Многія хваляванні дарослыя людзі часта надумваюць сабе самі, насамрэч жа непрыемныя сітуацыі могуць проста не здарыцца ў іх жыцці, а «слізкія» пытанні, якіх яны так баяліся, — ім не зададуць. Напрыклад, дзяцей, якія жывуць толькі з матуляй, не заўжды хвалюе пытанне, дзе іх тата і хто ён такі, таму не варта зацыклівацца над пошукам адказаў. Лепш засяродзіцца на тым, каб выгадаваць з дзіцяці чалавека. Разабрацца ў матчыных хваляваннях нам дапамагала Ала Кавалеўская, педагог-псіхолаг дзіцячага сацыяльнага прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Цэнтральнага раёна г. Мінска, старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі БДПУ.


Гаспадар свайго жыцця

Паралельна са сталеннем чалавека фарміруецца і яго суб’ектнасць — арыентацыя на самога сябе як на самастойнага і актыўнага творцу ўласнага жыцця. Іншымі словамі, чалавек пачынае ўсведамляць, што ён сам «гаспадар свайго жыцця». У залежнасці ад абставін і ўмоў выхавання суб’ектнасць асобы настае раней ці пазней. Часам нават дарослыя не разумеюць, ці сваё жыццё яны пражываюць, ці той справай займаюцца, ці з тым чалавекам крочаць разам. А дзеці да 18 гадоў тым больш не заўжды «саспяваюць» да суб’ектнасці, і таму многія пытанні іх проста не хвалююць, заўважыла псіхолаг:

— Той, хто больш арыентаваны на суб’ектнасць (ініцыятыўны, актыўны, самастойны), хутчэй за ўсё і будзе задаваць пытанні пра тату. Аднак многія дзеці такія пытанні проста не задаюць. Вось і выхаванцы нашага прытулку часам на мае пытанні адказваюць так: «Біялагічны тата ёсць ці мае ён іншую сям’ю — не ведаю», то-бок, падлетка не цікавіць, што там з яго татам, чаму ён раз на год наведваецца і што сабе думае. Псіхалагічнага кантакту з бацькам няма, і ён (гэты кантакт, як і бацька) падлетку, па вялікім рахунку, і не патрэбны.

Пытанні накшталт «а дзе мой тата?» хутчэй будуць задаваць дзеці, якія валодаюць высокай рэфлексіяй — развагамі аб сваім псіхалагічным стане, схільнасцю аналізаваць свае перажыванні ці «заганяцца», як сказалі б у сучасным маладзёжным асяроддзі. Празмернае самакапанне, дарэчы, таксама не лепшы варыянт развіцця, бо можа прывесці да дэпрэсій ці неўрозаў.

Інфармаваць, а не палохаць

Бываюць мамы, якія моцна рэфлексуюць, але ж ім варта памятаць, што дзіця — гэта напалову тата, а паколькі той у іх з дзіцем жыцці адсутнічае, то, пэўна, не моцна перажывае. Таму не трэба думаць, што дзіця таксама актыўна задаецца думкамі «а дзе ж мой тата?», лічыць Ала Кавалеўская:

— Дзіця, можа, і не думае пра гэта, а мама нешта намагаецца патлумачыць яму, расказаць. У такім выпадку гэта матуліна бяда (што сказаць пра адсутнасць таты), і не трэба перакладваць яе на здаровую галаву дзіцяці. Зусім іншая справа — што адказваць дзіцяці, калі яно сапраўды цікавіцца, дзе тата. І лепш пры гэтым ісці канструктыўным шляхам.

Існуе такое паняцце «разумнага даверу». Вельмі небяспечна фарміраваць трывожнае дзіця, расказваючы, што вакол усё кепска, а яго тата — увогуле вораг (паўтару, што дзіця — гэта на 50 % тата, а не толькі мама). У выніку дзяўчынка можа думаць, што ўсе мужчыны — гэта зло, а хлопчык — што ён сам і ёсць зло, і гэта вельмі небяспечна.

— Як сказаў у свой час амерыканскі педагог і псіхолаг Бенджамін Спок, «для дзіцяці лепш бестурботная маці, чым трывожная». Бестурботная маці дае магчымасць на рызыку, на развіццё, ініцыятыву, актыўнасць, самапрэзентацыю, то-бок, дае дзіцяці свабоду, — патлумачыла псіхолаг. — А трывожная маці намагаецца ахоўваць дзіця. Казаць, напрыклад: «Твой бацька шмат піў, таму мы з ім разышліся, ты не надумайся яго шукаць, бо ён можа быць алкаголікам, ды і ў цябе могуць яго гены праявіцца». З аднаго боку, сапраўды, можна баяцца такога павароту, а з другога — трэба інфармаваць дзіця, але ж не палохаць.

Часам малыя ў прытулку, дзе працуе наша суразмоўца, нават не памятаюць сваіх бацькоў, бо вельмі рана апынуліся пад апекай дзяржавы, а бацькі ўрэшце пазбавіліся сваіх правоў. І хаця тут стараюцца сфарміраваць у дзяцей станоўчае ўспрыманне свету, але ж ёсць такая рэч, як генетыка, таму малыя павінны ведаць, якія ў іх генетычныя схільнасці, што могуць перадацца ад бацькоў, перакананы спецыялісты.

— Гэта і схільнасць да злоўжывання алкаголем, і раннія палавыя схільнасці — і калі яны гэта паспрабуюць, то верагодней за ўсё з гэтым і застануцца. Дзіцяці неабходна веданне сваёй аб’ектыўнай гісторыі без ацэнкі «добра» ці «кепска», а дзеля таго, каб улічваць гэта ў сваім жыцці, — падкрэсліла псіхолаг.

Расказваць, але не ацэньваць

Расказваць пра нейкія рэчы і шукаць адказы на пытанні дзіцяці трэба тады, калі яно пачынае іх задаваць, раіць Ала Кавалеўская. Пры гэтым важна дакладна разумець, пра што пытаецца малы і што мае на ўвазе. «Ці быў у мяне тата?» — «Быў». На гэтым можна спыніцца, а на дадатковыя пытанні адказваць па меры іх з’яўлення. Дзіця можа спытаць, што за чалавек яго тата, а можа і не спытаць больш нічога.

— Але ж калі ў таты ёсць нейкая гісторыя, накшталт псіхічнага захворвання, то на пэўнай стадыі, калі дзіця пачынае набываць самастойнасць, трэба яму сказаць пра гэта. Першыя званочкі пачынаюцца дзесьці гадоў з васьмі, генетычная гісторыя можа прабівацца ў падлеткавым узросце, так што трэба сачыць, ці не назіраюцца ў малога пэўныя схільнасці, якія вы ўжо бачылі ў яго таты. Неабходна тлумачыць дзіцяці, якія могуць існаваць небяспекі. Не малы выбіраў тату, а мама, і не малы выбіраў свой генатып. Трэба гаварыць шчыра, аднак не даваць ацэнак дзеянням, каб не навязваць сваё ўспрыманне.

З іншага боку, не варта абмяжоўваць дзіця ў жаданні пазнаёміцца з тым з бацькоў, каго няма ў яго жыцці (пры наяўнасці такога жадання), каб малы не думаў, што тата ці мама хочуць мець з ім адносіны, але іх да яго проста не пускаюць. Дзіця павінна ведаць, адкуль яно ўзялося, хто яго біялагічныя бацькі, чым можа пагражаць генетыка ад іх.

— Трэба проста папярэдзіць дзіця: «Хочаш ведаць, хто твой бацька? Добра, гэта дасць табе вось такія магчымасці. Але пры гэтым існуюць і пэўныя рызыкі ад таго, што ты пра яго даведаешся», — патлумачыла псіхолаг. — Пры гэтым неабходна давесці да малога і той факт, што бацька верагодней за ўсё таксама будзе на нешта разлічваць у дачыненні да дзіцяці, калі яно вырашыць пазнаёміцца, і трэба ўдакладніць у непаўналетняга, ці гатовы ён да гэтага. Нават калі гаворка не пра грошы, а пра нейкі душэўны ўклад, які мусіць, пэўна, стаць узаемным. А можа быць і наадварот: непрыняцце бацькам дзіцяці, бо, калі малы быў яму непатрэбны дагэтуль, то пэўна, будзе непатрэбны і далей, і гэта таксама трэба прагаварыць, асабліва калі дзіця настойвае на знаёмстве.

Можа, тата і не патрэбны?

— Ёсць яшчэ ўплыў мікраасяроддзя, у якім жыве дзіця. Калі яго выхоўвае адна мама і адна бабуля і ў прабабулі было гэтак жа, то малое і не задумваецца, што бывае па-іншаму. Проста ў гэтай сям’і мужчыны, можа, і не патрэбныя. Людзі жывуць па-рознаму, так што, адказваючы на дзіцячыя пытанні пра бацьку, трэба арыентавацца на канкрэтную сітуацыю (мамы, дзіцяці), каб у малога не склалася ўражанне, што, калі яго сям’я «не такая», значыць, гэта кепска.

Калі дзіця не цікавіцца, дзе яго тата, то мама і сама можа спытаць, ці хочацца малому гэта ведаць. З дзіцем трэба мець узаемадзеянне, выхоўваць так, каб яно было арыентавана на сваё жыццё, а не проста безумоўна любіць яго. Многія з дзяцей у прытулку, дарэчы, канструктыўна ўспрымаюць сітуацыю, у якой апынуліся, як эпізод у сваім жыцці, які не звязаны з імі (гэта памылка бацькоў, а не іх). А яны, калі вырастуць, будуць жыць па-свойму, а не шукаць карані праблемы «чаму ж у мяне ў жыцці ўсё кепска» ў сваім мінулым і адносінах з бацькамі. Гэта дэструктыўны шлях, мяркуе псіхолаг.

Не чакай, не абвінавачвай, не шкадуй

Іншая справа, калі дзіця «страчвае» тату пасля разводу бацькоў, бо вельмі часта тата і малы бачацца ўсяго раз на тыдзень, а то і ўвогуле бацька прысутнічае ў жыцці толькі ў выглядзе аліментаў.

— У нашай краіне пры скасаванні шлюбу хіба што не галоўнай тэмай гучыць «пастаяннае месца жыхарства», то-бок, дзіця павінна мець свой куток. А чаму б не зрабіць гэты куток таксама і ў новым жыллі таты, а не толькі ў мамы, каб тата ў поўнай меры ўдзельнічаў у жыцці малога? Мы як псіхолагі падчас разводу высвятляем меркаванне дзіцяці, дзе і з кім яно хоча жыць, бо ў нас так прынята, што адзін з бацькоў жыве асобна, а другі — разам з дзіцем. Такім чынам, яны застаюцца бацькамі не ў роўнай ступені. 

А суд, хоць і ўлічвае меркаванне дзіцяці, аднак дзейнічае ў інтарэсах дзіцяці, — падзялілася думкамі спецыяліст. — У некаторых краінах, напрыклад, вызначана, што пасля разводу дзіця два тыдні жыве з маці, два тыдні — з бацькам. Тады не атрымліваецца, што тата — суцэльнае свята па выхадных і на канікулах, а мама — хатні тыран, які вымушае вучыцца і чысціць зубы.

Мама найперш за ўсё павінна задумацца аб сваёй адказнасці за будучыню дзіцяці, бо закон хоць і абараняе правы дзіцяці, аднак у многім абараняе правы жанчын. Калі жанчына нараджае «для сябе», яна павінна быць гатовая, што дзіця можа спытаць, дзе тата, і прыйдзецца адказваць на гэта пытанне, бо дзіця — не шафа і не сабачка, якога «ўзялі і завялі».

А бывае і так, што бацька сапраўды касманаўт або служыць на аператыўнай рабоце, ці ён марскі капітан. І да гэтага таксама трэба падрыхтаваць дзіця і патлумачыць, што мама сама зрабіла такі выбар, калі нараджала ад таты, чыя прафесія ну ніяк не дазваляе яму пастаянна жыць разам з сям’ёй, і тата, здаецца, і ёсць, а, здаецца, і няма.

— Вы робіце ўсё, што можаце, але будзе так, як будзе. Вашы ўчынкі правільныя на той момант, на які яны рабіліся, і тады (у тых абставінах і ўмовах ды на той розум) гэта здавалася вам найлепшым рашэннем. Ёсць рэчы, якія мы не можам пераадолець, а можам толькі прыняць. І дзяцей трэба таксама выхоўваць у рамках пэўных абмежаванняў і тлумачыць ім, што некаторыя рэчы непераадольныя, — супакойвае псіхолаг занадта трывожных мам.

Гісторыя кожнай сям’і свая. І як дзіця ні выхоўвай, яно ўсё роўна вырасце такім, якім вырасце. Нельга чакаць, абвінавачваць ці шкадаваць аб тым, што дала ці не дала маці. Яна — толькі праваднік у жыццё, але сваё жыццё дзіця робіць само.

Святлана АНДРУШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Тата-касманаўт ці тата-здраднік?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.