Вы тут

Наталля Качанава наведала дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў у Мінску


Звяртаючыся да жыхароў дома-інтэрната, Наталля Качанава павіншавала іх з наступіўшым годам, а таксама выказала падзяку за каштоўны ўклад у будаўніцтва суверэннай Беларусі:


— Хтосьці з вас застаў страшнае ваеннае ліхалецце, хтосьці ўжо пасля вайны аднаўляў краіну з руін, ствараючы сваёй працай тыя выгоды, якія ёсць у нашага маладога пакалення, вучыў дзяцей, лячыў людзей, рабіў усё, каб мы сёння жылі ў такой прыгожай краіне. Мы па праву ганарымся нашай Беларуссю, таму што няма на зямлі такога месца, як наша родная краіна, мы яе бязмерна любім. І усё гэта дзякуючы вам, людзям старэйшага пакалення, якія рабілі ўсё, каб ніколі будучыя пакаленні не сутыкнуліся з трагедыяй вайны. Нізкі вам паклон. Прэзідэнт нашай краіны клапоціцца аб кожным чалавеку: дзіцяці, пенсіянеры, працаздольным. Усё, што робіцца ў Беларусі па сацыяльнай абароне грамадзян і сацыяльным дабрабыце, — дарагога варта. 

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла цеплыню атмасферы, якая пануе ў доме-інтэрнаце: 

— Я моцна ўразілася, пабачыўшы выдатныя работы, якія вы тут ствараеце. Я ўбачыла, што кожны з вас мае справу: хтосьці на рэабілітацыі, хтосьці стварае творы мастацтва, вы  сябруеце, разам спяваеце, танцуеце. Няхай Бог ахоўвае вас, здароўя, радасці і цеплыні ў зносінах, любіце адзін аднаго. Я шчыра дзякую супрацоўнікам установы: нізкі вам паклон, гэта праца, якая патрэбна нам усім. А нашай краіне — росквіту і міру, нездарма гэты год Прэзідэнт абвясціў Годам міру і стварэння: гэта самае галоўнае. Як бы мы ні жылі, мы разумеем: толькі мір дае чалавеку магчымасць жыць спакойна. Спакойна за сваіх родных, блізкіх, за ўсіх, хто побач з табой, за ўвесь народ Беларусі, — павіншавала пражываючых і супрацоўнікаў дома-інтэрната Наталля Качанава. 

На сённяшні дзень ва ўстанове пражывае амаль 360 чалавек: гэта інваліды І і ІІ групы, а таксама пенсіянеры. Галоўная задача дома-інтэрната — стварэнне камфортных і бяспечных умоў пражывання, распавяла дырэктар установы Наталля Зычкова. Створаныя ўмовы даюць пражываючым шмат магчымасцяў — гэта не толькі рэабілітацыя і сацыялізацыя пенсіянераў, але і разнапланавыя музычныя, мастацкія, тэатральныя гурткі.

— Супрацоўнікі і пражываючыя называюць гэта месца проста домам. Кожны чалавек, незалежна ад свайго ўзросту, можа апынуцца ў складанай сітуацыі, і вельмі важна, каб побач быў чалавек, які можа стаць апорай. У дадзеным выпадку гэта дзяржава і тыя людзі, якія працуюць у нашай установе: працавіты і вельмі творчы калектыў, які стварае ўсе ўмовы, каб нашы падапечныя маглі не толькі смачна харчавацца і спаць, але і каб кожная іх хвіліна была занята. Што трэба чалавеку? Крышачку ўвагі і клопату. Гэта вельмі важна і ўласціва нашаму дому. 

Наталля Зычкова адзначыла, што ва ўстанову трапляюць адзінокія людзі, а таксама пенсіянеры, чые дзеці пражываюць за мяжой: 

— Нашай самай старэйшай пражываючай, Вользе Альховік, на сённяшні дзень 103 гады: мы адсвяткавалі гэтую дату зусім нядаўна, напрыканцы снежня. Вольга Клімаўна сама піша вершы і чытае іх: хачу сказаць, што дзякуючы клопату і створаным умовам жыццё падаўжаецца. Гэта наша галоўная задача: упэўніць, што ў любым узросце жыццё цудоўнае — і ў 70, і ў 80 або 100 гадоў.

Усе пражываючыя, якія трапляюць у дом-інтэрнат самі абіраюць умовы знаходжання. Гэта можа быць як кароткатэрміновае — да трох месяцаў, часовае — да года, або пастаяннае. Пенсіянер Юрый Тананыкін, які ў гэтым годзе адзначыць свой 75-гадовы юбілей, распавёў, што пражывае ў доме-інтэрнаце ўжо амаль год: 

—Нягледзячы на афіцыйную назву ўстановы, мы ўсе прывыклі называць гэта проста домам. У нас вялікая сям’я: і супрацоўнікі, і пражываючыя. Мы знаходзімся ў даступных умовах: гаворка ідзе не толькі аб пражыванні і харчаванні — ніякіх жыллёва-бытавых пытанняў нават не паўстае. Калі вы хочаце памяняць ложак — мяняйце хоць кожны дзень. Харчаванне таксама без абмежаванняў. Заняткі даспадобы: можаш целы дзень ляжаць і глядзець тэлевізар. Але мне больш падабаецца займацца музыкай, я іграю на акардэоне і піяніна, — падзяліўся меркаваннямі пенсіянер. 

Пасля святочнага канцэрту, зладжанага для пражываючых дома-інтэрната, старшыня Савета Рэспублікі ўручыла ўстанове сертыфікат для набыцця неабходнага абсталявання, а таксама салодкія пачастункі. У сваю чаргу калектыў дома-інтэрната прэзентаваў звязаныя ў творчай майстэрні цёплыя рэчы. 

— Вялікі дзякуй, паважаныя сябры. Я ведаю, што ў гэтых рэчах ёсць часцінка цеплыні вашых сэрцаў. Я з вялікай радасцю буду гэта насіць, успамінаючы вас кожны дзень. Наша добрае сяброўства, несумненна, будзе працягвацца: мы будзем наведваць вас і сустракацца, — паабяцала Наталля Качанава. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.