Вы тут

Традыцыі адзначаць Новы год менавіта 1 студзеня звыш 300 год!


У савецкі час узнікла большасць навагодніх традыцый, якія мы шануем і сёння: гатаваць салату “Аліўе”, купляць мандарыны, ладзіць вялікія ёлкі для дзяцей, загадваць жаданні пад бой курантаў. Дарэчы, традыцыі адзначаць Новы год менавіта 1 студзеня звыш 300 год!

Мы пацікавіліся ў беларусаў рознага ўзросту пра іх сямейныя традыцыі святкавання Новага года і Калядаў.


Маргарыта Раманоўская, 25 гадоў:

— На першым курсе ўніверсітэта вельмі хацелася адзначыць свята з сябрамі, аддзяліцца ад бацькоў, адчуць сябе дарослай. Аднак з гадамі разумееш, што галоўны цуд менавіта ў атмасферы, якую можна адчуць толькі ў коле сям’і. Таму цяпер пачынаю святкаваць заўседы дома, а пасля курантаў працягваю ўжо з сябрамі.

Удзень перад Новым годам мы разам прыбіраем кватэру. Маці заўседы казала, што пачынаць год трэба ў чыстай хаце, з чыстымі думкамі, у самай лепшай і прыгожай вопратцы. Таму заўседы купляю сабе новую сукенку! Некалькі год таму бацька недзе прачытаў, што сустракаць Новы год трэба з грашыма ў кішэнях. Так і робім, але калі ты ў сукенцы без кішэняў, прыходзіцца падключаць фантазію!

— На стале, зразумела, аліўе, курыца з бульбай, шмат мандарынаў і цукерак. Адну традыцыю і я прынесла ў сям’ю: пакуль б’юць куранты, мы пішам на паперцы жаданне, падпальваем яе, а потым засыпаем попел у келіх з шампанскім і выпіваем. Некалькі разоў выпадкова падпальвалі абрус, цяпер стараемся быць больш акуратнымі!.

Вольга Андрэенка, 48 гадоў:

— У нашай сям’і гадавалася пяцёра дзяцей, таму падрыхтоўка да святаў была заўседы вельмі вяселай. Я нарадзілася і правяла ўсе дзяцінства ў весцы, таму Новы год для мяне — гэта шмат снегу, высокія гурбы і пякучы мароз. Галоўным падарункам былі цукеркі, старэйшыя сёстры і браты часта прывозілі замежныя шакаладкі. Для нас, малодшых, гэта было сапраўднай радасцю. Упрыгожвалі ялінку ў асноўным самаробнымі цацкамі, некаторыя захаваліся ў мяне і да гэтага часу. І мы чапляем іх на ёлку разам з сучаснымі. Так захоўваем сувязь пакаленняў. 

Для мяне абавязковы атрыбут свята — менавіта жывая ёлка. Сваім дзецям таксама прывіла любоў да жывога дрэва, ім падабаецца гэты духмяны лясны водар. Абавязкова пішам лісты Дзеду Марозу! Вырашылі, што ў наступным годзе з’ездзім з дзецьмі ў яго рэзідэнцыю, што ў Белавежскай пушчы, яны нас ужо некалькі гадоў просяць.

Генадзь Дубовік, 76 гадоў:

— У гады майго дзяцінства і юнацтва мы ў вёсцы больш чакалі Калядаў. Заўседы гадалі, хто прыйдзе ў гэтым годзе, рыхтавалі прысмакі. Некалькі разоў я і сам хадзіў калядаваць. Да калядак яшчэ і касцюмы рабілі самі, былі ў нас і каза, і мядзведзь, і воўк.

Я памятаю, як маці падчас Калядаў гатавала некалькі розных відаў куцці. Спачатку посную, потым багатую — з разынкамі, і трэцюю — зноў посную. Каша гэтая заўседы рабілася ў адным гаршку і адным чалавекам, гэта значыла, што ўвесь будучы год сям’я правядзе разам. А раніцай на стале заўсёды былі бліны або аладкі з макам. Яліны былі толькі сапраўдныя, таму што іншых проста не было. Але і цяпер, хаця дзеці і прывезлі нам штучную яліну, мы ўсё роўна штогод ставім сапраўдную. Прывыклі, ужо не хочацца нічога змяняць.

Дзяўчаты заўсёды чакалі святаў, каб паваражыць. Люстэркі, хусткі, вада ў тазіках — чаго толькі не рабілі. Трэба, дарэчы, запытацца ў жонкі, каго яна там бачыла!.


Цікава ведаць

У 2009 годзе беларускі абрад «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці быў унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Абрад зарадзіўся ў XVIII стагоддзі. У гэты час салдаты і афіцэры рускай арміі хадзілі па вясковых хатах і віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі розныя прадстаўленні і прасілі падарункі. Затым традыцыі перанялі вясковыя хлопцы — яны сталі апранацца ў карнавальныя касцюмы, якія нагадваюць ваенную форму. Менавіта таму гэтыя персанажы атрымалі мянушку «цары». Працэсія «цароў» на Шчодры вечар (з 13 на 14 студзеня) наведвае дамы сялян і разыгрывае драму «Цар Максіміліян». Пасля паказу адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома і адорванне ўдзельнікаў абраду. З надыходам цемры «цары» запальваюць паходні, што надае абраду незвычайную відовішчнасць. Гэты ўнікальны абрад быў абноўлены ў 1997 годзе і праводзіцца дагэтуль.

Марыя ТАРНАЛІЦКАЯ 

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.