Вы тут

Зазірнуць у будучыню: варажба на Каляды з пункта гледжання псіхалогіі


У ноч з 6 на 7 студзеня пачынаюцца Каляды — самы містычны час у славянскай традыцыі. Лічылася, што гэта перыяд разгулу тагасветнай сілы, дзякуючы якой можна даведацца пра сваю будучыню і атрымаць адказы на найважнейшыя пытанні. Праваслаўная царква не падтрымлівае калядную варажбу і кантакты з нячыстым духам. Ды і наўрад ці нехта сур’ёзна спадзяецца на дапамогу іншых сіл, але розныя рытуалы людзі праводзяць і цяпер. Чаму яны не губляюць папулярнасць?


— У жыцці кожнага чалавека вельмі шмат нявызначанасці, з якой нам складана, трывожна. А варажба — гэта спосаб знізіць трывогу, падстрахавацца, — тлумачыць практыкуючы псіхолаг Таша Пятрова. — Ёсць людзі, якія схільныя да такога магічнага мыслення ў большай ці меншай ступені. Менавіта яны і звяртаюцца па дапамогу да такіх рытуалаў. Ды і часам хочацца перакласці на каго-небудзь адказнасць за тое, што з намі адбываецца. На маю думку, любая вера можа дапамагаць. Мы адпраўляем туды сваю псіхічную энергію, думаем пра жаданае, чакаем, што рытуал спрацуе, і пачынаем фармаваць сваю рэальнасць. Тады і наша жаданне спраўджваецца. Задобрыўшы любыя сілы, мы робімся смялейшымі, адчуваем падтрымку і як быццам знаходзім дадатковы рэсурс. Я за тое, каб чалавек сам выбіраў спосабы, якія яму дапамагаюць быць шчаслівым«.

Лічыцца, што існуе некалькі паралельных рэальнасцяў. Яны напоўнены рознымі энергіямі, і з іх дапамогай можна зазірнуць у будучае. Але для гэтага патрэбны асаблівы стан, таму і існуюць розныя рытуалы, прадметы сілы.

Ёсць меркаванне, што мы, падглядаючы ў будучыню, можам сапсаваць сваё жыццё. Мама ў дзяцінстве мяне таксама лаяла за карты і варажбу. Думаю, што гэта можа нашкодзіць толькі тым, што, даведаўшыся пра сваю будучыню, мы будзем шукаць толькі яе, і прапусцім іншыя варыянты. Калі ўбачым добрыя знакі, палічым, што поспех будзе у любым выпадку, значыць, не трэба нічога для гэтага рабіць. Калі чалавек пачынае жыць толькі гэтымі практыкамі, варажыць на кожнае пытанне, то гэта ўжо трывожны сігнал. Усё залежыць ад людзей: калі чалавек мае ўстойлівую псіхіку, не «завісне», то дзеля цікаўнасці можна варажыць. Калі чалавек у цяжкім эмацыйным стане ці з асаблівасцямі псіхікі, то лепш не рызыкаваць. 

Я лічу, што спраўджвацца розная варажба можа таму, што мы канкрэтна фарміруем свой запыт, настрайваемся на канкрэтны вынік. А наш мозг шукае пацверджанне нашым жа ўяўленням пра сябе і свой лёс. Гэта і стварае адчуванне, што словы спраўдзіліся. Прычым адносіца гэта і да негатыўных, і да станоўчых прадказанняў. Уражлівыя людзі пасля атрымання негатыўных слоў могуць самі сябе запраграмаваць на негатыўныя падзеі і доўгі час жыць ў напрузе. На мой погляд, наша будучыня — гэта прастора варыянтаў. Можа, і ёсць нейкія асноўныя вехі лёсу, але як і калі мы да іх прыйдзем, мы вырашаем самі, самі ствараем свой лёс рознымі выбарамі.

У некаторых практыках я выкарыстоўваю агонь, вобразы, — рассказвае Таша. — Мне таксама падабаюцца карты Таро, але ці варажба гэта, не ведаю. Хутчэй — магчымасць пашырыць успрыманне пытання«.

Таксама Таша падзялілася некалькімі спосабамі «варажбы» — самапазнанняў, якія можна паўтарыць у сучасных умовах, і для іх не трэба чакаць святочных дзён.

— Запаліць свечку, сфарміраваць запыт і доўга глядзець на полымя свечкі і спрабаваць убачыць у ім адказ. Выява або асаблівы стан, што прыйдзе. 

— Варажба на кававай гушчы таксама просты і інфарматыўны метад. Выпіваеце каву, пераварочваеце кубак і ставіце на талерку. Праз нейкі час разглядаеце і тое, што разлілося на талерцы, і тое, што засталося ў кубку. Спрабуеце ўбачыць выявы, постаці, адчуць, што з вамі адбываецца, калі гледзіце на гэту гушчу. 

— А самая простая практыка — заўважаць знакі. Калі ідзеце кудысьці, прасіце вышэйшыя сілы падаць вам знак. І заўважайце, што адбываецца навокал. Гэта вельмі цікава.

Варажба ў святочныя або ў самыя звычайныя дні можа дапамагчы накіраваць вашу ўвагу на вырашэнне хвалюючага пытання, развіць інтуіцыю і адкрыць новае бачанне сітуацыі. Спрабуючы нешта разгледзець ў кававай гушчы, вы міжволі задумваецеся пра важныя для сябе рэчы. Гэта дапамагае вызначыць, што насамрэч каштоўна, а што не. Такім чынам, падобныя рытуалы дапамагаюць лепш адчуць саміх сябе. Галоўнае, не забывайцеся пра ваша рэальнае жыццё. І «варажыце» сабе на радасць!

Марыя ТАРНАЛІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.