Вы тут

Паглядзець на драматургічны тэкст па-новаму


Усім вядома, што п’еса — твор драматургіі, які прызначаны для выканання на сцэне. Беларускі спартыўны журналіст, драматург, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Руслан Васільеў вырашыў у сваёй новай кнізе «П’есы для чытання» паглядзець на драматургічны тэкст па-новаму.


Фота: pixabay.com

Смелае і нават дзёрскае апісанне выдання: «П’есы, што ўвайшлі ў зборнік, ніколі не ставіліся на тэатральнай сцэне, што, зрэшты, не гаворыць аб іх недахопах. Можа быць і цалкам наадварот! Улічваючы сучасныя постмадэрнісцкія рэаліі ў храмах Мельпамены. І, галоўнае, кожны з нас мае магчымасць прайграць п’есы ў сваім розуме. Не грэбуйце магчымасцю! Знайдзіце рэкамендаваную музыку — і падымайце заслону! Прадстаўленне пачынаецца».

«П’есы для чытання» ўбачылі свет сёлета. Сама кніга выканана ў духу мінімалізма. Аформленая ў жоўта-сініх колерах, яна аздоблена толькі адной дастаткова вядомай выявай. Карціну «П’еро і Арлекін» (альбо Мардзі-Гра) стварыў французскі мастакпостімпрэсіяніст Поль Сезан у 1890 годзе.

Выява абрана невыпадкова. Арлекін і П’еро з’яўляюцца традыцыйнымі персанажамі італьянскага народнага тэатра. Малюнак адсылае нас зноў да анатацыі, дзе аўтар наракае на стан сучаснага тэатра і падкрэслівае сваю адданасць класічнаму мастацтву: як формай, так і музычным суправаджэннем.

Надзвычай уважлівае стаўленне да музыкі вызначае ўвесь зборнік. Сярод саўндтрэкаў да падзей — густоўныя і класічныя творы, оперныя пастаноўкі: «Макбэт», «Атыла» Д. Вердзі, «Рынальда», «Трыумф часу і праўды» Г. Ф. Гендэля, «Кармэн» Ж. Бізэ.

У зборнік «П’есы для чытання» ўвайшлі тры творы, да кожнага з якіх даецца азначэнне: «Алімпіяда, альбо гульні» — аднаактовая камедыя становішчаў, «Асуджэнне Булгакава» — драма ў 3 актах, «Праўдзівая гісторыя Кармэн» — дэтэктыўная фантазія ў 3 актах.

У аднаактовай камедыі становішчаў «Алімпіяда, альбо гульні» падзеі адбываюцца за некалькі дзён да пачатку зімовай Алімпіяды 2022, што праходзіла ў лютым у сталіцы Кітая. У адной з гасцініц Пекіна, ва ўмовах каранавірусных абмежаванняў і мер прафілактыкі, сустрэліся журналісты для асвятлення галоўнага свята ў спартыўным свеце.

Аўтар нетыпова падыходзіць да апісання нават саміх персанажаў. «Яраслаў — спартыўны журналіст з Мінска. Выглядае маладжава, але ўжо не хлопчык», «Аліямпіяда — малады спартыўны журналіст з Масквы. Ужо не 18, але яшчэ не 30».

Кароткая жывая п’еса напоўнена настальгіяй сталага журналіста і вірам маладога жыцця Алімпіяды. Перашкода, якая існуе ў іх размове, толькі падкрэслівае ментальную прорву, што існуе. Пакуль статусны мужчына заняты самашкадаваннем, пасрэдная журналістка, якая не мае нічога за душой, абышла яго.

Герой кпіць з імені сваёй суразмоўцы ў кантэксце Алімпійскіх гульняў, дзе яны сустрэліся. Але больш верагодна, што імя Алімпіяда атрымала ў гонар іншай падступнай жанчыны, якую ведае гісторыя. Маці Аляксандра Вялікага, Алімпіяда Эпірская, вядомая хітрасцю, не грэбавала ніякімі сродкамі дзеля дасягнення мэты.

Насычанасць, а месцамі і перанасычанасць сэнсамі — характэрная асаблівасць аўтарскага стылю Руслана Васільева. Не менш яскрава гэта раскрываецца перад чытачом у п’есе «Асуджэнне Булгакава». Драма ў 3 актах уяўляе сабой судовы працэс. У пасяджэнні прымаюць удзел героі твораў вядомага пісьменніка. За адным сталом сядзяць Аляксей Турбін, герой «Белай гвардыі» і «Дзён Турбіных»,

Раманам Хлудаў — з п’есы «Бег». Пад класічную музыку танцуюць Іосіф Сталін, вобраз якога створаны Булгакавым у п’есе «Батум», і Наталля Пушкіна, жонка вялікага паэта з п’есы «Аляксандр Пушкін».

Наташа, хатняя работніца гераіні рамана «Майстар і Маргарыта», і ў гэтых падзеях застаецца служанкай, ад якой патрабуюць накрыць стол альбо прынесці закускі. Абаяльны і хітраваты Аметыстаў з «Зойкінай кватэры» спрабуе знайсці самае выгаднае становішча.

Мудрагелістае, шматстаронкавае абмеркаванне, асуджэнне і нават прыніжэнне літаратурнага генія Булгакава яго ж героямі немагчыма зразумець без падмурка ў выглядзе прачытаных твораў, якія былі згаданы вышэй. Інакш тэкст, поўны тонкіх жартаў і літаратуразнаўчых адкрыццяў, ператвараецца для недасведчанага чалавека ў тарабаршчыну.

Моцная сувязь з класікай і яе асновай для чытання адчуваецца і ў трэцім творы «Праўдзівая гісторыя Кармэн». Толькі тут Руслан Васільеў выкарыстоўвае іншы метад. Ён не «выймае» персанажаў з твора, змясціўшы ў свае абставіны. Аўтар спрабуе перапісаць знакамітую гісторыю па-свойму.

Аднак хто мы такія, каб замахвацца на класіку? Ніводзін сучаснік не зможа змагацца ні з кампазітарам Жоржам Бізэ, аўтарам оперы, ні з Прасперам Мерымэ, аўтарам навелы. У іх ёсць перавага ў выглядзе смерці. Недатыкальнасць і робіць іх у пэўным сэнсе класікамі.

Таму дэтэктыўная фантазія ў дадзеным выпадку для людзей інтэлігентных і выхаваных паўстае хутчэй як фанфікшн-літаратура. Такія роздумы маюць месца, але не ў літаратурным асяроддзі.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.