Вы тут

Сельсавет з Іванаўскага раёна наладзіў супрацоўніцтва з Сібір’ю


У ходзе работы сёмага пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Іркуцкай вобласці і Рэспублікі Беларусь, якое прайшло на мінулым тыдні ў Іркуцку, было падпісана пагадненне аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж муніцыпальным утварэннем Тургенеўка Баяндаеўскага раёна Іркуцкай вобласці і Мотальскім сельскім саветам Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.


Сяргей Піліповіч і Віктар Сінкевіч падчас падпісання пратакола па выніках сустрэчы.

Старшыня Мотальскага сельвыканкама Сяргей Піліповіч расказаў карэспандэнту «МС» пра сваю паездку ў Іркуцкую вобласць і падпісаныя дакументы. Паводле яго слоў, Тургенеўка ўяўляе сабой часцінку Беларусі ў далёкай Сібіры. Заснавалі вёску ў 1909 годзе беларускія перасяленцы. У ходзе сталыпінскай рэформы некалі нашы землякі накіраваліся асвойваць дзікія таёжныя прасторы. Кожнай сям'і давалі прыкладна па гектары зямлі, якую трэба было шчодра паліць потам: спачатку высякалі лес, карчавалі пні, аралі зямлю. Па першым часе жылі ў зямлянках. Некаторыя не вытрымлівалі цяжкіх умоў і вярталіся. А заставаліся самыя моцныя духам і целам. За некалькі гадоў яны пабудавалі паселішча з трывалымі, грунтоўнымі дамамі, якія стаяць да гэтай пары. Сёння ў іх жывуць нашчадкі першых пасяленцаў.

Самадзейны калектыў «Варэнічкі».

У 1930 годзе ў Тургенеўцы ўтварыўся калгас імя Чапаева, хутка ён стаў грымець на ўсю краіну. Тут ставілі рэкорды па надоях малака і ўраджайнасці сельгаскультур. У 70-я гады калгас быў мільянерам, а яго працаўнікі актыўна куплялі машыны, чым выдзяляліся з усёй акругі. Так што кіраўнік тутэйшага музея ніколі не забывае падкрэсліваць працавітасць як нацыянальную рысу беларусаў. Хоць чыстакроўных беларусаў тут фактычна не засталося, сем'і цяпер змешаныя, але жыхары Тургенеўкі не забываюць свае карані. У школе працуе факультатыў па вывучэнні беларускай мовы. У Доме культуры ёсць два творчыя калектывы — народны хор «Варэнічкі» і дзіцячы ансамбль «Ручнічок». Песні яны пяюць беларускія. І святы ў Тургенеўцы адзначаюць нашы — Купалле, Дажынкі, Гуканне вясны. Увосень тут праводзяць вясёлыя спаборніцтвы па копцы бульбы — «картохінг». Чэмпіянат складаецца з трох частак: спачатку капаюць бульбу навыперадкі, потым цягаюць мяхі на хуткасць, а затым кідаюць бульбіны на адлегласць. Фестываль, які таксама мае адгалосак беларускасці, збірае шмат гасцей. Тут кожная сям'я саджае бульбу. І нават прозвішча кіраўніка пасялення Віктара Сінкевіча сведчыць аб беларускіх каранях.

Так выглядаюць дамы былых прасяленцаў.

— Шмат цікавага давялося ўбачыць у Тургенеўцы, якая знаходзіцца за 70 кіламетраў ад Байкала, — расказвае Сяргей Піліповіч. — Вельмі мяне ўразіла іх бібліятэка. Гэта сапраўдны культурны цэнтр, аснашчаны ўсім неабходным для чытання і атрымання інфармацыі. Тут багаты кніжны фонд, камп'ютары, мэбля — усё уладкавана так, што зручна і дзецям, і дарослым. Бібліятэка праводзіць шмат мерапрыемстваў. Тут можна даведацца і пра гісторыю пасялення, і пра яго людзей.

Паводле слоў Сяргея Мікалаевіча, у Моталя з Тургенеўкай агульнае тое, што абедзве адміністрацыйныя адзінкі складаюцца з аднаго населенага пункта, праўда, Моталь у некалькі разоў большы па колькасці насельніцтва. А яшчэ і ў расійскім, і ў беларускім сёлах ёсць цікавыя музеі, праходзяць фестывалі і святы. Вось і на «Мотальскія прысмакі», якія пройдуць у жніўні 2023 года, запрасілі сяброў з Тургенеўкі.

У сельскай бібліятэцы Тургенеўкі.

Сяргей Піліповіч расказаў, што з кіраўніцтвам пасялення накрэслілі праграму супрацоўніцтва: «Найперш гутарка ідзе аб інфармацыйных абменах у сферы эканомікі ды культуры. Падчас сустрэчы падпісалі пратакол аб намерах, а далей будзем напаўняць супрацоўніцтва канкрэтнымі напрацоўкамі і мерапрыемствамі. Нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго ў плане арганізацыі самакіравання».


Як ужо гаварылася, падпісанне дакументаў адбылося ў рамках сёмага пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Іркуцкай вобласці. Асноўным пытаннем стала абмеркаванне плана мерапрыемстваў па рэаліззацыі пагаднення паміж урадамі Іркуцкай вобласці і Беларусі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, гуманітарным супрацоўніцтве на 2023-2025 гады. Дакумент падпісалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка (як адказны за каардынацыю супрацоўніцтва краіны і расійскага рэгіёна) і губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў.

Беларуская дэлегацыя, у якую увайшлі больш за 30 прамыслоўцаў, наведала шэраг буйных прадпрыемстваў Іркуцкай вобласці, у ліку якіх «Медтэхсервіс». Біржа дзелавых кантактаў сабрала больш за 100 прадстаўнікоў бізнесу з абодвух бакоў. Беларусы пабывалі таксама ў абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Іркуцка. Усклалі кветкі да мемарыяла «Вечны агонь Славы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота дадзена Мотальскім сельскім саветам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.