Вы тут

Размова па сутнасці. «Мы жывём у асяроддзі, насычаным мастацтвам»


Яны вяртаюць нас у мінуўшчыну і фіксуюць сённяшні дзень, упісваючы яго ў гісторыю, звяртаюцца да нашчадкаў праз вобразы, якія чапляюць і вярэдзяць розум. Яны — пра гонар і славу. І так хочацца, каб не пра забыццё. Мастакі. Творцы. Людзі, якім вельмі патрэбная ўвага, таму што хоць і лічыцца, што кожны стварае так, як бачыць ён, але ж дакладна не толькі для сябе. Пра гэта наша размова напярэдадні з’езда Беларускага саюза мастакоў з яго сябрамі, вядомымі асобамі, якія вызначаюць мастацкі ўзровень цяперашняй Беларусі. Таму на «віртуальным круглым стале» мы абмяркоўвалі надзённыя пытанні для мастацкай супольнасці, напрыклад:

Мастакі — для краіны, у чым значнасць і каштоўнасць іх працы сёння?


Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў:

— Насамрэч мастакі — гэта частка нашай інтэлігенцыі, якая робіць часта незаўважныя для многіх, але вельмі важныя справы. І мы, не ўсведамляючы гэтага, жывём у асяроддзі, насычаным мастацтвам. Даўняя традыцыя, калі ў гарадах, нават у мікрараёнах, з’яўляліся манументальныя помнікі ці мазаікі — шмат хто памятае гэта з савецкага часу. Пэўная эстэтыка закладзена нават у каляровай гармоніі, у тым, як ставяцца ліхтары, афармляюцца вуліцы. Мінскае метро першапачаткова было напоўнена творамі мастацтва — мы бачым іх на старых станцыях, адзначаючы адметную аздобу «Плошчы Якуба Коласа» ды іншых. Людзей, якія маюць прафесійную адукацыю, уменне і жаданне працаваць, дзяржава заўсёды прыцягвала для стварэння твораў, у якіх закладзена яе ідэалагічная аснова. Бо візуальная выява выразна фіксуецца ў свядомасці: чалавек ідзе па вуліцы — і бачыць адметны вобраз, бярэ кнігу — і там малюнак на пэўную тэму.

Цяпер, калі адбыліся пэўныя зрухі і мы жывём у асобнай дзяржаве, у нас змяніліся прынцыпы разумення жыццёвай прасторы. Можна сказаць, што Беларусь — адна з нямногіх краін, у якіх мастакі так ці інакш адыгрываюць вялікую ролю ў фарміраванні эстэтыкі жыццёвага асяроддзя. Прыкладаў безліч. Новая ветка метро, у якім кожная станцыя — гэта фактычна музейны экспанат, дзе сышліся эстэтыка архітэктуры, дызайну і твораў мастацтва, таму што нашы выдатныя скульптары ўвялі туды беларускія тэмы. Важна, што ў такіх праектах ёсць пранікнёная беларуская нота. Або ў Гродне апошнія некалькі гадоў ідзе рэстаўрацыя Новага замка, што прадугледжвае не толькі пэўную архітэктурную ці гістарычную эстэтыку, але і візуальную. Нашы спецыялісты робяць складаныя манументальныя роспісы з графіту (гэта небяспечная праца на вышыні!), што патрабуе глыбокага разумення гісторыі краіны. Святкаванне кожнага Дня пісьменства дае беларускім гарадам новы мастацкі аб’ект ці творы ў рэгіянальных музеях. Нягледзячы на пандэмію і іншыя складанасці, у нас вялікая колькасць выставак (не толькі ў сталічным Палацы мастацтва, але ў музеях розных гарадоў), і яны выклікаюць цікавасць у людзей, якія ў выяўленчым мастацтве адчуваюць раскаванасць і шчырасць, якую мастакі заўсёды ўкладваюць у сваю працу — людзі прыходзяць па гэтыя эмоцыі.

Мікалай Кузьміч, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў:

— Саюз мастакоў — прафесійны саюз, а гэта значыць, што нашы творцы робяць годны ўнёсак у культуру нашай дзяржавы, асабліва калі гаворка пра манументальнае мастацтва, скульптуру, тое, што звязана з ландшафтам... Сёлета нам 84 гады — за гэты тэрмін столькі значных спраў здзейснена, але самае галоўнае, што захаваўся саюз, працуюць мастацкія камбінаты. Так, працаваць цяпер стала больш складана, але добра тое, што папулярызуецца менавіта прафесійнае мастацтва — яно трымае ўзровень і адзначае лепшае ў айчыннай культуры. Напрыклад, у нас прыцягвае ўвагу помнік Афанасію Брэсцкаму. А цяпер у горадзе праходзіць справаздачная выстава, прысвечаная Году гістарычнай памяці. Акрамя таго брэсцкія мастакі падарылі нашаму лялечнаму тэатру ў яго абноўлены будынак калекцыю сваіх работ.

Андрэй Вараб’ёў, старшыня Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў:

— Выяўленчае мастацтва не толькі ўпрыгожвае жыццё, але і напаўняе яго сэнсам. Людзі часта ў пагоні за матэрыяльным не паспяваюць падумаць пра духоўнае, а мастацтва імкнецца спрыяць думкам пра жыццё духу. Бо нас радуе насамрэч не толькі каўбаса, а шмат цудоўных з’яў — і прыгажосць у тым ліку. Нават на вонкавым узроўні, бо мы ўпрыгожваем гарады скульптурамі, манументальнымі роспісамі. Зразумела, дзяржава ў гэтым дапамагае і павінна дапамагаць, каб нашы гарады былі адметнымі. Напрыклад, у Магілёве я рабіў аздабленне моста — з’явіліся чатыры скульптуры львоў. Яны сталі знакавым месцам, куды вядуць усіх гасцей горада. Альбо ёсць скульптура Маленькага прынца, які палівае ружу — яшчэ адно месца прыцягнення, там прызначаюць спатканні, гуляюць з дзецьмі. Выхаваўчы момант таксама мае значэнне. І грамадства мяняецца паступова, бо калі дзеці растуць сярод твораў мастацтва, яны потым да іх ставяцца беражліва і вырастаюць больш культурнымі.

Іван Міско, скульптар, народны мастак Беларусі:

— Самае галоўнае, што могуць прапанаваць мастакі, — гэта ідэю. Арыгінальную, актуальную, патрэбную. Менавіта яна найбольш каштоўная ў нашай рабоце, нягледзячы на тое, што ёсць яшчэ рэалізацыя гэтай ідэі праз творчы працэс. Усе бачаць ужо вынік, як правіла, яго ацэньваюць і за яго плацяць. Але каб гэта здарылася, трэба спачатку даказаць вартасць ідэі, што не вельмі проста, бо людзі, ад якіх залежыць яе матэрыялізацыя (ці рэалізацыя), павінны валодаць творчым уяўленнем як мінімум. І калі сваю ідэю даводзіць іншым творцам, то гэта адна справа, а калі людзям не з творчага асяроддзя — зусім другая. Далёка не ўсе нашы ідэі, на жаль, могуць атрымліваць увасабленне. А жыць жа трэба не час ад часу. Калі прыйсці ў майстэрню да жывапісца, графіка, можна пабачыць вялікі запас гатовых работ — колькі ідэй ляжыць на паліцах! Было б цікава, каб Саюз мастакоў зрабіў праекты з ідэй, якія аказаліся нерэалізаваныя.

Я ўсё жыццё займаюся скульптурай, а гэта занятак сам па сабе не танны. Бо калі адліваць скульптуру ў метале — гэта дорага, ды і ў гліне яна каштуе грошай. Акрамя таго, у нашай спецыяльнасці, у адрозненні, напрыклад, ад жывапісцаў, немагчыма працаваць «у стол» , ствараючы таму, што карціць увасобіць задуму. Хіба што гіпс дапаможа вобраз, які нарадзіўся, захаваць — і тое не для гісторыі, бо гэта крохкі матэрыял. А колькі каштоўнасцей — ідэй — застаюцца незапатрабаванымі. Бо калі ёсць, напрыклад, творчы конкурс, то пераможа ў ім нехта адзін, атрымае заказ, астатнія, атрымліваецца, працавалі дарэмна, без аніякіх заахвочванняў ці падзяк. Але гэта мала хто разумее. Раней, калі мастак атрымліваў заказ ад дзяржавы, то яна аплачвала 50 працэнтаў падчас выканання. Сёння такога няма, і як таму ж маладому мастаку выжыць ды аплачваць майстэрню?

Таму крыўдна бывае чуць на нейкіх нарадах: прапануйце ідэю. Нібыта яна нараджаецца так проста, толькі таму, што мы належым да творчай супольнасці. Нараджаць ідэі — насамрэч частка нашай работы, а любая праца ў грамадстве павінна аплачвацца. Атрымліваецца, што мы вельмі часта нашы ідэі і талент проста дорым. Таму, я лічу, нашы творцы вартыя пашаны — яны шмат што гатовыя рабіць з-за апантанасці і любові да сваёй краіны. Гэта дарагога варта.

Юлія Анацкая, дырэктар «Мастацкага камбіната», Мінск:

— Мы сёння адчуваем патрэбу ў рабоце мастакоў, асабліва калі гаворка ідзе пра афармленне экст’ераў і інтэр’ераў. Замовы помнікаў, напрыклад, да «Дажынак». Іншая справа, што добры падыход — гэта калі ўсе помнікі і наогул афармленне горада робіцца ў адной стылістыцы, тады гэта глядзіцца арганічна. Для гэтага патрэбны агульны праект, што разумеюць нашы мастакі, але не яны прымаюць рашэнні... Лічу, што трэба мець на ўвазе розныя формы мастацтва. Бо манументальнае мастацтва — гэта не толькі помнікі. Гэта яшчэ мазаіка, якую зараз не робяць, а толькі рэстаўрыруюць, і вітражы, і роспісы графітам. Калі пра вітражы яшчэ больш-менш ведаюць, то іншыя формы манументальнага мастацтва паціху проста выміраюць, таму што няма замоў на аздабленне. Калі гаворка ідзе пра экстэр’ер, то чамусьці разглядаюць толькі круглыя формы — помнікі альбо арт-аб’екты. А плоскага аздаблення, акрамя вось гэтых, часта нізкіх па сваіх выявах роспісаў, якія мы называем мураламі, замоўцы не ведаюць. Таму варта ўлічваць мастацкі аспект яшчэ на ўзроўні праектаў.

Напрыклад, мы ажыццявілі графічны праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці ў межах сімпозіуму літаграфіі, прысвечанаму трагедыі беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Зацікавіўся музей «Хатынь», таму што ім трэба будзе аздабляць інтэр’еры новага будынка — акрамя музейнай экспазіцыі, ёсць калідоры, холы, канферэнц-залы, якія не павінны быць пустымі. Гэты ж падыход могуць мець на ўвазе любыя ўстановы — банкі, офісы, гатэлі, санаторыі. Але людзі сёння могуць не ведаць слова «літаграфія». Я лічу, адна з задач — пашыраць веды пра розныя формы выяўленчага мастацтва, каб замоўцы былі больш адукаваныя і маглі карыстацца нашымі магчымасцямі ў справе аздаблення інтэр’ераў і экстэр’ераў.

У апошні час мы аднавілі тры майстэрні. У графічнай майстэрні адрамантавалі станок. Але трэба было знайсці і падрыхтаваць друкара. Таму што друкароў на такіх станках нідзе не вучаць, працаваць на іх могуць толькі мастакі, зацікаўленыя гэтай тэхнікай (яна выкладаецца на кафедры графікі ў Акадэміі мастацтваў). Але не кожны мастак-графік згодны працаваць у майстэрні і друкаваць чужыя аўтарскія работы. Мы знайшлі такога чалавека, адрамантавалі памяшканне, закупілі неабходныя матэрыялы. І зараз у нас ёсць фонд літаграфіі, з’яўляецца магчымасць выкарыстання літаграфіі ў аздабленні інтэр’ераў. Таксама аднавілі керамічную майстэрню. Расчысцілі і адрамантавалі памяшканне, закупілі печы, кругі, гліны... Цяпер яна працуе, і да нас пайшлі мастакі, у якіх няма сваёй печкі. Яшчэ ў плане аднаўленне сталярнай майстэрні, якая будзе рабіць усё, што патрэбна для мастацкага працэсу — ад падрамнікаў да мэблі, напрыклад, музейных вітрын. Важна, каб мы маглі закрываць увесь мастацкі цыкл сваімі сіламі. Каб наш мастацкі камбінат мог пад ключ рабіць розныя формы мастацтва, у розных тэхніках, з розных матэрыялаў.

Ларыса Зуева, дырэктар «Мастацкага камбіната», Гомель:

— У сучасным свеце ўжо стаў нормай падыход, што мастак, архітэктар, дызайнер павінны прысутнічаць паўсюдна, дзе ствараецца пэўнае асяроддзе — гарадское, архітэктурнае. Мы імкнёмся данесці гэтую думку кожны раз, калі даводзіцца ўзаемадзейнічаць з гарадскімі ўладамі па рэканструкцыі сквераў, арганізацыі ландшафту і іншых пытаннях. Бо нават ландшафт закладваецца згодна з прынцыпамі гармоніі, каб тое, што ў выніку будзе бачыць чалавек, не толькі радавала вока і стварала настрой, але арганічна ўпісвалася ў прастору. Гэта выдатна ведаюць і разумеюць нашы мастакі, таму што маюць патрэбную падрыхтоўку і адукацыю. Менавіта таму іх прысутнасць неабходная там, дзе прымаюцца рашэнні па арганізацыі асяроддзя, аздабленні, упрыгожванні нашых гарадоў ці мястэчак, каб не было ў гэтай справе густаўшчыны. Бо пра густы наогул спрачацца складана — яны могуць быць розныя на персанальным узроўні ў залежнасці шмат ад якіх прычын. Але ў пытаннях, якія тычацца ўсіх жыхароў горада, які да таго ж мае турыстычны патэнцыял, мэтазгодна абапірацца на меркаванне прафесіяналаў — каб пазбегнуць хібаў і недасканаласці. Дзеля гэтага, у прыватнасці, у Гомелі існуе абласны мастацкі савет па манументальных праектах — там большасць мастакоў і архітэктараў. Яны самі з’яўляюцца жыхарамі горада і хочуць бачыць яго яшчэ больш прыгожым і адметным — кепскага не параяць дакладна. Але не заўсёды іх прапановы бываюць пачутыя і ўлічаныя. Таму ў нас часам узнікаюць на сценах муралы невядомага паходжання, дзіўнай тэматыкі і з незразумелай кампазіцыяй. А нават такія праекты патрабуюць зацвярджэння на мастацкіх саветах. Не кажу ўжо пра манументальныя скульптурныя вырашэнні, якія адназначна павінны ажыццяўляць прафесіяналы-скульптары. Каб не было так, што дзесьці з’яўляецца нейкі дзіўнаваты аб’ект сумніўнай вартасці, а людзі глядзяць і ціха пасміхаюцца — адчуваюць недарэчнасць. А то бывае і так, што да нас ідуць звароты, каб з прафесійнага пункту гледжання далі мастацкую ацэнку той ці іншай рабоце — а яна да мастацтва наогул не мае дачынення. Ці ўзнікаюць праблемы па ўсталяванні скульптурных помнікаў — кампазіцыю зрабілі і адобрылі прафесіяналы з мастацкага савета, а выніковае рашэнне чамусьці не на іх карысць...

Мне падаецца, што ва ўсіх рашэннях, якія прымаюцца па мастацкіх пытаннях на любых узроўнях, патрэбна больш адказнасці менавіта таму, што іх вынік можа закранаць кожнага — а значыць, ён павінен быць у інтарэсах краіны. Дзяржаўны падыход прадугледжвае рашэнне ўзважанае і абгрунтаванае прафесіяналамі. Мне вельмі падабаецца прынцып, які гучыць з вуснаў прадстаўнікоў улады: кожны павінен займацца сваёй справай. Так, залатыя словы! Яны тычацца і мастацкай супольнасці — мы гатовыя займацца тым, што ўмеем і любім.

Таццяна Савік, маладая мастачка:

— Мастакі ствараюць прыгажосць. Эстэтычна і духоўна напаўняюць асяроддзе. А манументалісты наогул здольныя ахопліваць сваёй працай экстэр’еры і інтэр’еры, што стварае гарманічны фон і непасрэдна ўплывае на адчуванне і настрой чалавека. Але важна і тое, што мастакі сваёй працай падштурхоўваюць людзей да духоўнага росту — так было гістарычна, але гэтая задача застаецца актуальнай, бо чалавек павінен адчуваць сябе і заставацца чалавекам у любыя часы.

Якія формы далучэння публікі да мастацкага працэсу варта задзейнічаць?

Ларыса Зуева:

— Каб публіка лепш разумела зробленае мастакамі, яе трэба выхоўваць. Настолькі вялікія змены адбыліся ў грамадстве, напэўна, пад уплывам інтэрнэту, калі, не выходзячы з дома, можна заняць свой вольны час, і не хочацца ні на якія выстаўкі ці імпрэзы. Але мы круцімся — у Гомелі дастаткова выставачных залаў, экспазіцыі мяняюцца, але сочаць за гэтым у большасці самі творчыя асобы. Як «прабіць» інтарэс большай часткі жыхароў, якія не цікавяцца мастацтвам, а маглі б стаць нашымі гледачамі? Вядома, ідзе ў ход інтэрактыў, вулічныя праекты, каб уцягнуць людзей і паказаць: гэта цікава, гэта створана дзеля вас. Але пачынаць трэба з дзяцінства — з садка ды школы, калі маленькі чалавек толькі пачынае задумвацца над эстэтычнымі пытаннямі ці імкнецца нешта стварыць сам (а гэта ўласціва кожнаму дзіцяці). Вядома, мастакі ў сілу свайго прафесіяналізму таксама могуць паўплываць на інтарэс да творчасці. Мы пастаянна арганізоўваем мастацкія выстаўкі — папулярызуем выяўленчае мастацтва, нацыянальныя традыцыі. Саюз мастакоў праводзіць вялікую работу ў гэтым кірунку. Яна бясцэнная, але хацелася б, каб у нас больш прыслухоўваліся да меркавання людзей, якія дасягнулі майстэрства ў сваёй справе.

Юлія Анацкая:

— Нам не хапае менавіта праектнай дзейнасці. То бок цэласнага падыходу, калі ўсё робіцца арганічна . Чаму адбыўся разрыў? Таму што праектаванне замаўляюць праектным інстытутам, без далучэння мастакоў альбо «Мастацкага камбінату», каб мы са сваімі ведамі маглі пашырыць магчымасці праектных работ. Калі пра вітраж яшчэ чулі — яго могуць унесці ў праект. А тое, пра што ведаў няма — і не праектуюць. Вельмі часта праектная дакументацыя больш архітэктурная. А ёсць такія аб’екты, калі хочацца, каб іх праекты былі архітэктурна-мастацкімі.

Наталля Шаранговіч:

— За апошнія два дзесяцігоддзі ўзнікла шмат цікавых формаў прыцягнення звычайных людзей да выяўленчага мастацтва. У класічным варыянце ў музеі прыходзілі гледачы, прыводзілі школьнікаў. З пачатку двухтысячных гадоў, разумеючы, што змяніліся адносіны да мастацтва ў сілу розных абставінаў, у тым ліку эканамічных, многія менеджары ад культуры, работнікі музеяў, куратары ды і самі мастакі сталі шукаць іншыя спосабы зносін з гледачом. Для мяне, напрыклад, адзін з важных спосабаў — калі мастацтва выходзіць у публічную прастору. Калі на вуліцах гарадоў з’яўляюцца, напрыклад, выявы на сценах дамоў, мазаічныя ці класічныя роспісы, і тое, што мы адносім да стрыт-арту. Калі на вуліцах з’яўляюцца помнікі ці арт-аб’екты, звязаныя з сучасным мастацтвам. Чалавек бачыць і адразу атрымлівае нейкі водгук. Знакавы праект «Мастак і горад» шмат гадоў знаёміў з творамі розных аўтараў. Цяпер ён перамясціўся з плошчы Якуба Коласа на вуліцу Камсамольскую, бліжэй да Музея горада Мінска. Цікавая форма ўзаемадзеяння з гледачом, прапанаваная некалі ў выглядзе скульптурнага праекта «Арт-астравы» на Камсамольскім возеры: з творамі можна было ўзаемадзейнічаць, кранаць, нават залазіць на іх. Потым дызайнеры арганізавалі ў Мінску вялікія фестывалі. Маюць значэнне і вялікія праекты, якія апошнія некалькі гадоў праходзяць у Палацы мастацтваў, як «Восеньскі салон», мела рэзананс Першае трыенале канцэптуальнага мастацтва «Канцэпт-21». Такія праекты збіраюць мастакоў розных пакаленняў і гледачоў усіх узроставых катэгорый, якія з задавальненнем фатаграфуюцца побач з творамі сучаснага мастацтва — ім хочацца быць да яго бліжэйшымі. Таму што гэта мастацтва жыве побач з імі, яму можна задаць пытанні і атрымаць адказы. Глядач уключаецца ў дыялог, таму што выяўленчае мастацтва размаўляе на мове сучаснага чалавека. На адной з нядаўніх выставак з’явіліся аб’екты, якія існуюць толькі ў віртуальнай прасторы, іх можна было ўбачыць з дапамогай QR-кода. Я назірала сцэну, як гуляючы па выставе, тата навёў тэлефон — і ўзнік вялізны мост. Дзіця было ў захапленні. Мастацтва вядзе інтэлектуальную гульню з гледачом, якая неабходна ў сучасным свеце.

Андрэй Вараб’ёў:

— У першую чаргу мы арыенціруемся на выставы. У Мінску за апошнія тры гады здарыўся прарыў: людзі пайшлі на выставы — там шмат людзей увечары, у выхадныя дні. Акрамя таго, ладзім сустрэчы, майстар-класы. Каб людзі не думалі, што музей ці выставачная зала — гэта не для мяне, бо я ў гэтым не разбіраюся. Пасля таго, як чалавек некалькі разоў прыйдзе, ці знаёмыя падкажуць, што гэта цікава, чалавек перастае лічыць сябе чужым у гэтым асяроддзі, і потым падцягваецца сам.

Мы ў сваім рэгіёне папулярызуем мастацтва, добра супрацоўнічаем з дзяржаўнымі музеямі: гісторыі Магілёва, Бялыніцкага-Бірулі, Масленнікава. У нас тры асноўныя пляцоўкі, куды можна прыйсці з выстаўкамі. І людзі сталі больш актыўна прыходзіць, асабліва на сумежныя мерапрыемствы. Музей Бялыніцкага-Бірулі арганізоўвае канцэрты, якія сумяшчаюцца з іншымі відамі мастацтва. Калі чалавек прыйшоў на канцэрт, то ён ужо прыйшоў у музей і пабачыць выставу.

Таццяна Савік:

— Зразумела, галоўнай формай узаемадзеяння з публікай застаюцца выстаўкі. У нас праходзяць выставы і ў традыцыйным фармаце, і ёсць эксперыментальныя. Наконт эксперыментаў — іх, напэўна, можна і трэба прапаноўваць больш. Гэты працэс не павінен спыняцца, бо сутнасць эксперыментаў у пошуку чагосьці новага, каб пазбегнуць застою. А таксама эксперымент заўсёды чапляе арыгінальнасцю. Але я не падзяляю падыход, калі лічаць паказчыкам вартасці ці актуальнасці мастацтва толькі эксперымент. Мне здаецца, што традыцыйнае мастацтва і эксперымент ураўнаважваюць адно другое і дазваляюць ахопліваць розную публіку.

Я адношуся да манументальнай секцыі і магу сказаць, што наша праца скіраваная на непасрэднае ўзаемадзеянне з шырокім колам гледачоў. Бо манументальныя творы, як правіла, не разлічаныя на прыватныя калекцыі ці інтэр’еры асобных кватэр, а непасрэдна звязаныя з экстэр’ерамі-інтэр’ерамі вытворчых прадпрыемстваў, бібліятэк, грамадскіх устаноў і г. д. Людзі звяртаюць увагу і цешацца, калі ёсць клопат пра іх самаадчуванне. Хоць можа і не ўсе адразу ўсвядомяць карысць ад сустрэчы з мастацтвам. Але цікавасць да яго ёсць, калі меркаваць па запатрабаванасці розных майстар-класаў, калі кожны можа раскрыць творчыя здольнасці ў сабе. Людзі актыўна ўдзельнічаюць, нешта новае для сябе адкрываюць у розных мастацкіх тэхніках і наогул пачынаюць больш глыбока цікавіцца мастацтвам.

Мікалай Кузьміч:

— Вядома, нам патрэбны невялікія галерэі. Ёсць выстаўкі, але сёння фарміруецца рынак, таму патрэбныя розныя формы работы, бо мастацтва — таксама каштоўны тавар. Так, у нас яшчэ захаваўся творчы запал, і больш мы існуём на энтузіязме. Але працуем ўсё адно, можа недзе і «ў стол»... Ёсць у Брэсце галерэя ўпраўлення культуры «Скарбніца», дзе кожны можа выставіць сваю працу і быць навідавоку. Але дзеля гэтага трэба развіваць прыватныя галерэі, з якімі, на жаль, складана. У мяне ёсць невялікая ювелірная галерэйка — прыйшлося яе стварыць, каб паказваць свае вырабы. Напэўна, ініцыятыва павінна сыходзіць ад мастакоў.

Іван Міско:

— Злучыць людзей з мастацтвам не складана — патрэбна воля дзяржавы. Я працаваў у розныя часы і памятаю, як раней не было праблем з наведваннем выставак ці музеяў — гэта лічылася неабходнай часткай эстэтычнага выхавання. Творцы адчувалі сваю запатрабаванасць, бо да іх звярталіся, іх выстаўлялі, набывалі работы, запрашалі на сустрэчы. Не трэба было тлумачыць, чаму ўсё гэта патрэбна... А цяпер, калі варты твор, і хочацца, каб у яго быў добры лёс, то трэба шукаць спонсара, які зможа яго набыць. Я некалькі гадоў быў у дзяржаўнай камісіі ў Акадэміі мастацтваў, дзе выпускнікі дэманстравалі выдатныя работы. Але калі імкнуўся прыцягнуць увагу людзей, у якіх была магчымасць стварыць калекцыю, то чуў: а дзе гарантыя, што гэты твор маладога аўтара з часам вырасце ў цане? Калекцыянеры шукаюць творы XVІІ — ХХ стагоддзя, не хочуць набываць дыпломныя работы студэнтаў, таму што не ведаюць, ці стане гэты мастак вядомым. Зразумела, што лепш калекцыянаваць вядомых аўтараў. А колькі было выдатных твораў нашых выпускнікоў, вартых лепшых калекцый. Хто іх можа ацаніць, акрамя нас? Вось самае «гарачае» пытанне — клопат пра агульны культурны ўзровень людзей. Бо мы ствараем не для сябе...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.