Вы тут

На школе, дзе вучыўся касманаўт Алег Навіцкі, з’явіцца памятная дошка


12 красавіка ўвесь свет адзначае Дзень касманаўтыкі — у памяць першага палёту чалавека ў космас. На Беларусі гэтае свята абавязкова адзначаецца і ў майстэрні «зорнага скульптара» — народнага мастака Беларусі Івана Якімавіча Міско, які шмат стварыў на касмічную тэму. У майстэрні-музеі, дзе часта бывалі госці з арбіты, цэлыя шэрагі скульптурных партрэтаў касманаўтаў, на люстэрку і на дзвярах — іх аўтографы, на пастаментах — праекты помнікаў на тэму космасу. 


Сёлета ў Дзень касманаўтыкі Іван Якімавіч завяршае працу над чарговым праектам — мемарыяльнай дошкай, якая будзе змешчана на школе ў Чэрвені, дзе вучыўся наш славуты зямляк, касманаўт Алег Навіцкі. На макеце ёсць ужо ўсе элементы — профіль героя, стылізаваныя арбіты і зоры, на якія скіраваны позірк касманаўта, надпіс: «У нашай школе вучыўся Алег Віктаравіч Навіцкі, лётчык-касманаўт, герой Расійскай Федэрацыі, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Чэрвеньскага раёна, які здзейсніў тры касмічныя палёты».

Скульптар распавядае, што Алег Навіцкі, калі быў у майстэрні, запытаўся: чаму ў надпісе значыцца «тры палёты», раптам іх будзе больш? Іван Якімавіч запэўніў, што як толькі лічба зменіцца, слова «тры» ён зрэжа і заменіць на «чатыры»... Пасля на «пяць»... І далей — колькі там яшчэ атрымаецца.

Алега Навіцкага, з якім яны цесна супрацоўнічаюць, Іван Якімавіч шмат разоў ляпіў з натуры, у майстэрні знаходзіцца нават гіпсавая маска, знятая з касманаўта. Дарэчы, сваю працу над мемарыяльнай дошкай Іван Якімавіч робіць дабрачынна, у падарунак касманаўту-земляку, толькі на бронзу, з якой будзе адлітая дошка, давялося знайсці сродкі.

Цяпер засталося дачакацца, калі Алег Навіцкі зможа прыехаць, каб прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця дошкі на ягонай роднай школе. Там, дарэчы, дзейнічае і музей знакамітага колішняга вучня. 

Іван Міско, які нядаўна адзначыў свой 91-шы дзень народзінаў, працягвае ўвасабляць у творах тэму космаса. У Мастацкай галерэі М. Савіцкага, што непадалёк, дзейнічае выстава «Дыялог з космасам», прысвечаная Юрыю Гагарыну, з творамі Івана Якімавіча і экспанатамі з музея-запаведніка Юрыя Гагарына. Дарэчы, на люстэрку ў майстэрні Івана Міско ёсць роспіс маці першага касманаўта, якая была тут больш дваццаці разоў, на адкрыццё выставы «Дыялог з космасам» прыязджала пляменніца Гагарына. А Іван Міско зрабіў музею-запаведніку падарунак — памятны знак з аўтографам Гагарына, выкананы з граніту і бронзы.

У народнага мастака Беларусі ёсць яшчэ шмат задум.

— Хачу зрабіць выстаўку, якая будзе называцца «А што там, за зямной арбітай...». Выставіць сярод іншага партрэты іншапланецян, якімі я іх уяўляю. Не магу дачакацца, калі вылеплю партрэт першай беларускай касманаўткі — прыдумаў ужо кампазіцыю, назаву партрэт «Касмічная беларусачка». Яшчэ хачу, каб у Слуцку ў наступным годзе адкрылі знак ці нават помнік мясцоваму ўраджэнцу, Герою Сацыялістычнай Працы інжынеру Сямёну Козбергу, які працаваў разам з Сяргеем Каралёвым, прыдумаў новыя віды рухавікоў для касмічных апаратаў. Палёт Юрыя Гагарына таксама адбыўся з ягоным удзелам. Ну і згадаю яшчэ маю вялікую мару, з якой не расстаюся — у мінскім парку Перамогі добра было б усталяваць помнік удовам Вялікай Айчыннай вайны, як знак захавання гістарычнай памяці народа, для чаго трэба аб’явіць конкурс на лепшы эскіз і адкрыць рахунак.

Людміла ІВАНОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.