Прапанаваны спосаб атрымання жалеза на Марсе
Аўстралійскія навукоўцы з Тэхналагічнага ўніверсітэта Суінберн распрацавалі працэс для вытворчасці жалеза на Марсе з мясцовага грунту. Аб гэтым паведамляецца ў навуковым часопісе Acta Astronautіca.
Даследчыкі прыдумалі здабываць жалеза з рэгаліту з дапамогай карбатэрмічнага аднаўлення. Канцэнтраванае сонечнае святло пры гэтым выкарыстоўваць як крыніцу энергіі.
Марсаход Perseverance высветліў, што на Марсе магчымая здабыча кіслароду з дапамогай электролізу вуглякіслага газу. Падчас гэтага працэсу ў якасці пабочнага матэрыялу вылучаецца вялікая колькасць монааксіду вугляроду.
Такім чынам прапануецца аб'яднаць устаноўку па здабычы кіслароду з вытворчасцю жалеза, каб выкарыстаць пабочныя прадукты. Гатовы матэрыял можна будзе прымяняць у вытворчасці розных машын і прылад для калоніі на Марсе. Плюсам даследчыкі адзначылі адсутнасць неабходнасці ў прыцягненні дадатковых матэрыялаў з Зямлі.
Сувенір з Антарктыды замест мядовага месяца
Яны былі выбраны для кіравання адным з самых халодных і аддаленых паштовых аддзяленняў у свеце, размешчаным на станцыі Порт-Локрай на востраве Гудзье ў Антарктыдзе. Тэрмін камандзіроўкі — пяць месяцаў. Таксама ў іх абавязкі будзе ўваходзіць падлік папуанскіх пінгвінаў, якія жывуць на востраве, і кіраванне самым аддаленым у свеце музеем, паведамляе Sky News.
Каманда на працягу пяці месяцаў будзе жыць пры мінусавых тэмпературах і амаль пастаянным дзённым святле ў аддаленым рэгіёне, дзе нават няма вадаправода ці прыбіральні са змывам.
У прыватнасці, вучоная Люсі Бруцоне будзе кіраўніком базы, каардынуючы дзеянні каманды і наведванне вострава караблямі. Раней яна ўжо мела досвед работы на нарвежскім архіпелагу Шпіцберген у складзе арктычнай экспедыцыі.
Геолаг Клэр Балантайн на востраве паралельна будзе працаваць паштмайстрам, уручную апрацоўваючы каля 80 тысяч паштовак, якія штогод адпраўляюцца праз сайт музея ў больш за сто краін.
За падлік пінгвінаў будзе адказваць біёлаг Майры Хілтан, а Наталі Корбет, якая больш за дзесяць гадоў прапрацавала ў рознічным гандлі, возьме на сябе кіраванне сувенірнай крамай. Дзеля гэтай паездкі яна нават адмовілася ад мядовага месяца са сваім новаспечаным мужам.
На працягу першых дзесяці тыдняў работы на востраве разам з камандай таксама будзе працаваць пастаянная супрацоўніца UKAHT Вікі Інгліс, для якой гэта ўжо не першая экспедыцыя ў Порт-Локрай.
Знойдзены астанкі твару «першага еўрапейца»
Іспанскія даследчыкі выявілі ў правінцыі Бургас астанкі твару найстаражытнейшага гамініда ў Еўропе. Аб гэтым паведаміла газета El Іndependіente.
«На думку экспертаў, гэта частка твару чалавека. Узрост астанкаў можа складаць каля 1,4 мільёна гадоў. Гэта важнае адкрыццё для разумення эвалюцыйнага паходжання чалавека па-за межамі Афрыкі», — гаворыцца ў артыкуле.
Фонд Атапуэркі на сваёй старонцы ў Twіtter назваў знаходку «тварам першага еўрапейца». У той жа час выданне El Paіs падкрэслівае, што «настолькі важкіх доказаў прысутнасці чалавека на гэтым кантыненце ў той час не было». Навуковы аналіз і ўстанаўленне даты з'яўлення астанкаў зойме ў навукоўцаў не менш за год.
Створаны разумны матрац для глыбокага сну
Вучоныя з Тэхаскага ўніверсітэта стварылі разумны матрац, які здольны прымусіць чалавека нашмат хутчэй пагрузіцца ў стан глыбокага сну і справіцца з такой з'явай, як бессань. Аб гэтым паведамляе выданне New Atlas.
Спецыялісты назвалі немалаважным аспектам тэмпературу чалавечага цела. Матрац створаны такім чынам, каб выклікаць у чалавека адчуванне неабходнасці адыходу да сну пасродкам астуджэння цэнтральных частак цела і нагрэву рук, ног і шыі цёплай падушкай.
«Дзіўна, наколькі эфектыўна мяккае праграванне ўздоўж шыйнага аддзела пазваночніка пасылае арганізму сігнал павялічыць прыток крыві да рук і ног, знізіць тэмпературу цела і паскорыць наступленне сну», — працытавала выданне аўтара даследавання Кэнэта Дылера.
Паводле яго слоў, эфект таксама дазваляе крывяному ціску падаць больш раўнамерна на працягу ночы і аднаўляцца сардэчна-сасудзістай сістэме.
Вынаходства пратэставалі на 11 добраахвотніках, якія павінны былі класціся альбо ў звыклы для іх час, альбо на дзве гадзіны раней. Матрац дапамагаў паскорыць працэс засынання ў сярэднім на 58 працэнтаў.
Навукоўцы прадраклі знікненне лёду ў Арктыцы
У найбліжэйшае дзесяцігоддзе Арктыка можа цалкам пазбавіцца марскога лёду ў летнія перыяды. Такі прагноз зрабіла брытанскае выданне The Guardіan, спаслаўшыся на справаздачу аб стане крыясферы, якую навукоўцы апублікавалі перад 27-й Канферэнцыяй бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату.
«Цяпер мы нічога не можам з гэтым зрабіць. Мы проста наламалі дроў і дазволілі сістэме ўжо занадта моцна нагрэцца», — прызналася супрацоўніца Масачусецкага тэхналагічнага ўніверсітэта і суаўтар даследавання Джулі Брыгам-Грэта.
Знікненне марскога лёду адкрые цёмны Паўночны Ледавіты акіян, які будзе ўбіраць цяпло, а не адбіваць яго, а гэта ў сваю чаргу наблізіць глабальнае пацяпленне, падкрэсліваюць вучоныя. Яны звяртаюць увагу на тое, што Арктыка награваецца арыентыровачна ў чатыры разы хутчэй, чым астатні свет. Разам з рэкорднымі хвалямі цяпла ў Антарктыдзе гэта можа прывесці да нябачанага за 130 тысяч гадоў «імпульсу адталай вады», што можа стаць катастрофай для прыбярэжных рэгіёнаў.
Вучоныя: выжыць дыназаўрам дапамаглі протапёры
Палеантолагі і геолагі з розных краін выявілі прыкметы таго, што дапамагло дыназаўрам, якія жылі 200 мільёнаў гадоў таму, перажыць выміранне паміж трыясавым і юрскім перыядамі, — наяўнасць протапёраў. Такую інфармацыю апублікавалі ў часопісе Scіence Advances.
Так, тэмпература ў высокіх шыротах апускалася ніжэй за нуль, таму прыстасавацца да яе прымітыўным дыназаўрам дапамагалі менавіта протапёры. Яны служылі для цеплаізаляцыі і дапамагалі пераносіць адмоўныя тэмпературы.
Дыназаўры ў познім трыясавым перыядзе жылі пераважна ў сярэдніх і высокіх шыротах, а жывёлы групы псеўдазухій, гэта значыць кракадзілавай лініі архазаўра, — у нізкіх. Падобныя цеплаізаляцыйныя пакровы дапамаглі дыназаўрам перажыць вулканічныя зімы на мяжы двух перыядаў прыкладна 200 мільёнаў гадоў таму.
Паводле меркавання аўтараў даследавання, многія групы пазваночных вымерлі менавіта ў перыяд падобнай зімы — пахаладання планетарнага клімату з прычыны забруджвання атмасферы попелам. Адбываецца дадзеная з'ява з-за буйнога вывяржэння вулкана.
Сяргей СТАРЫНАЎ
Фота з адкрытых крыніц
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».