Вы тут

Класікі: Навуковае падсумаванне. Прайшла канферэнцыя пра Коласу і Купалу


Лістапад адзначыўся Міжнароднай навуковай канферэнцыяй «Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў эпоху інфармацыйных тэхналогій», прымеркаванай да 140-годдзя пісьменнікаў. Мерапрыемства прайшло ў сценах Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Іван Саверчанка.

Урачыстую частку адкрыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка, які заўважыў, што Янка Купала і Якуб Колас з’яўляюцца аднымі з яскравых і велічных постацей у кантэксце славянскай і ўвогуле еўрапейскай культуры. Менавіта яны заклалі аснову нацыянальнай ідэі, якая базіруецца на прынцыпах народнага дэмакратызму, гуманізму і справядлівасці. Навуковец падкрэсліў геніяльнасць класікаў беларускай літаратуры, вытанчанасць і дасканаласць іх твораў, разам з тым вернасць нацыянальнай справе, адданасць Радзіме і беларускаму народу. Іван Саверчанка зазначыў: «Янка Купала і Якуб Колас зрабілі неверагодна шмат для самавызначэння беларускага народа і прызнання Беларусі ў славянскім і шырокім свеце. Бліскуча акрэслілі спрадвечныя мары беларускага народа пра сацыяльнае і палітычнае вызваленне, развіццё нацыянальнай культуры, поўнае разняволенне духоўных і творчых магчымасцей людзей».

З прывітальным словам выступіў намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота. Намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя», пісьменнік Віктар Шніп таксама прывітаў удзельнікаў навуковага форуму і прачытаў свае вершы-прысвячэнні класікам. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літа­ратуры Алеся Кузняцова падзялілася сваім шляхам да спадчыны Янкі Купалы і Якуба Коласа, звярнула ўвагу на важнасць яе захавання і вывучэння.

Вынікамі працы над кнігай «Янка Купала» (серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», выдавецтва «Мастацкая літаратура») падзялілася ўкладальніца тома, доктар філалагічных навук Наталля Якавенка. Навуковец расказала, што выданне грунтуецца на ма­лавядомых дагэтуль крыніцах і складаецца з фрагментаў успамінаў і лістоў самога Янкі Купалы, яго родных, сяброў, паплечнікаў, з дакументаў, артыкулаў і фотаздымкаў, якія дазваляюць у храналагічным парадку, год за годам, адкрываць жыццяпіс народнага паэта Беларусі і спрыяюць больш глыбокаму разуменню яго асобы.

Ірына Смірнова.

Выстаўку да ўрачыстасці прадставіла вядучы бібліятэкар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ірына Смірнова. Экспанаваліся літаратурна-мастацкія (на беларускай мове і ў перакладах на замежныя) і літаратурна-крытычныя выданні, у тым ліку пачатку ХХ ст., а таксама навуковыя працы Інстытута літаратуразнаўства ад пачатку і да сучаснасці, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу, такіх даследчыкаў як Міхась Мушынскі, Міхась Тычына, Анатоль Трафімчык і іншых.

Пленарнае пасяджэнне распачалося дакладам «Раман Я. Коласа “На ростанях” як гістарычная крыніца» вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук Наталлі Куранной. Даследчыца падкрэсліла значнасць твора і як гістарычнай крыніцы, і як скарбонкі этнаграфічных ведаў. Асаблівая ўвага была звернута на праўдзівае аўтарскае адлюстраванне і інтэрпрэтацыю сюжэтыкі мінулага і побыту людзей. Н. Куранная зазначыла, што пэўны дакументалізм не парушае агульнай лірычнай структуры рамана Якуба Коласа, «На ростанях» застаецца творам свайго часу — часу станаўлення беларускай нацыі і яе маладога пакалаення, перад якім асабліва востра стаяла праблема выбару.

Кандыдат філалагічных навук Мікалай Трус прааналізаваў выступленне Якуба Коласа на Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры (Парыж, 21—25 чэрвеня 1935 г.). Асновай сталі прадметныя сведчанні аб паездцы ў Францыю з Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Навуковец пацвердзіў факт паездкі Якуба Коласа на Кангрэс у складзе дэлегацыі, што прадставіла Савецкі Саюз (сярод удзельнікаў былі Міхаіл Кальцоў, Аляксей Талстой, Ваграм Алазан, Галакціён Табідзэ і іншыя, далучыліся Барыс Пастарнак і Ісаак Бабель), засведчыўшы гэта на аснове шэрагу тэкстаў пісьменніка, у тым ліку і падрыхтаванага выступлення пад назвай «Магутная савецкая рэчаіснасць жывіць нашы мыслі і нашы пачуцці», апублікаваным у зборы твораў у 20 тамах.

Выступленне старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Жанны Шаладонавай раскрыла прасторавую архітэктоніку твораў Якуба Коласа. Даследчыца ахарактарызавала творчую манеру Якуба Коласа як «жывапіс словам», падкрэсліўшы дасканаласць, пераканальнасць, нагляднасць, маляўнічасць і яскравасць мастацкіх вобразаў навакольнага свету.

Падчас канферэнцыі.

Падчас секцыйных пасяджэнняў навукоўцы прадэманстравалі маладаследаваныя і невядомыя грані творчасці класікаў. Так, напрыклад, коласазнаўца Зінаіда Драздова раскрыла асаблівасці паэтыкі паэмы «Рыбакова хата», Анатоль Трафімчык разгледзеў галоўных герояў паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» як аб’ект «энцыклапедыі», а Ігар Шаладонаў — ідэйна-жанравую аснову адзначанага твора. Сярод выступленняў, прысвечаных творчасці Янкі Купалы вылучаліся працы Ірыны Багдановіч, чый даклад прысвячаўся паэме «Безназоўнае» як сімволіка-алегарычнаму маркеру рэчаіснасці ў вобразнай прасторы аднайменнай паэтычнай кнігі Янкі Купалы 1925 года, Людмілы Іконнікавай, якая прасачыла адлюстраванне вобраза Купалы ў дра­матургіі канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Асобнае месца адведзена было рэцэпцыі творчасці класікаў, пра што сведчаць выступленні Галіны Варонавай, якая звярнулася да рэцэнзіі П. Любецкага на зборнік «Спадчына» Янкі Купалы, Ігара Запрудскага, прысвечанае інтэрпрэтацыі Л. Бэндэ творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў «Хрэстаматыі для сярэдняй школы» 1933 года і інш. Секцыя «Літаратура ў сучаснай інфармацыйнай прасторы: традыцыі і наватарства» паказала сучасныя тэарэтычныя напрацоўкі ў дачыненні да мастацкіх тэкстаў, а таксама новыя падыходы да літаратуразнаўчай працы. Напрыклад, Інеса Баўтрэль заглыбілася ў праблемы тэрміналогіі беларускай навукі пра санет, Кацярына Крыцук-Тарасава распавяла пра Google Trends як інструмент даследавання літаратурнага працэсу, а Любоў Ляўшун інтэрпрэтавала паняцце «традыцыйнай кніжнасці» ў сучасным навуковым дыскурсе.

Усяго ў канферэнцыі брала ўдзел больш за сорак прадстаўнікоў навуковай супольнасці з Беларусі і блізкага замежжа.

Марына ВАРАБЕЙ,

малодшы навуковы супрацоўнік сектара гісторыі беларускай літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.