Дубровенскі раён знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці, сёння ў ім пражываюць каля 14 тысяч чалавек. Візітнай карткай раёна з'яўляюцца архітэктурныя помнікі, Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы», а таксама людзі, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі фарміруюць пазітыўны імідж Дубровеншчыны.
Падводзім вынікі 2022 года разам са старшынёй Дубровенскага райвыканкама Анатолем Лукашовым.
— Анатоль Іванавіч, сёлета Віцебская вобласць перасягнула мільённы намалот ва ўборачнай кампаніі — 2022, пляцоўкай для ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання хлебаробаў з удзелам губернатара былі абраны дубровенскія палі. Раскажыце, калі ласка, якіх поспехаў на хлебнай ніве дасягнулі вашы аграрыі ў гэтым годзе?
— Улетку надвор'е не падвяло: падчас наліву збожжа і ўборкі ўмовы былі самыя спрыяльныя. Усё гэта дазволіла сабраць звыш 72,5 тысячы тон збожжа, што склала 124 працэнты да ўзроўню мінулага года. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне — 33,4 цэнтнера з гектара, што з'яўляецца вышэй мінулагодняга ўзроўню на 3,4 цэнтнера.
Летась у раёне ўпершыню сеялі азімы ячмень, аграрны эксперымент паказаў, што гэта культура перспектыўная. Пад яго ў трох гаспадарках было адведзена 173 гектары, хлебаробы сабралі 655 тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць склала 37,9 цэнтнера з гектара. Гэта дало магчымасць забяспечыць уласным насеннем азімага ячменю ўсе гаспадаркі раёна, а плошчы пасеву павялічыць да 1767 гектараў. Працягваем вырошчваць грэчку: з 300 гектараў сабралі 549 тон, ураджайнасць у параўнанні з мінулым годам павялічылася амаль у тры разы. І, вядома, брэнд Дубровенскага раёна — лён — паказаў сёлета выдатны вынік: з палёў раёна на Дубровенскі льнозавод дастаўлена звыш 11 тысяч тон трасты, яе ўраджайнасць склала чатыры тоны з гектара, ураджайнасць ільновалакна — 11,8 ц/га. Завод з'яўляецца лідарам па аб'ёме нарыхтаванай сыравіны і выпускаемай прадукцыі сярод ільнозаводаў Віцебшчыны.
На залатой жнівеньскай ніве асабістыя рэкорды паставілі камбайнеры ААТ «Якубава-Агра» Андрэй Шэндрык і Міхаіл Дробатаў, якія першыя ў вобласці на айчыннай тэхніцы перасягнулі тысячатонны намалот, а пасля на дняпроўскіх палях намалацілі звыш трох тысяч тон. Кіроўца гэтага ж прадпрыемства Аляксандр Бацян перавёз звыш трох тысяч тон збожжа. Нядаўна лепшых аграрыяў — перадавікоў раёна ўшаноўвалі ў Мінску, у іх ліку былі Аляксандр Бацян, Сяргей Пузыроў, Арцём Саратокін, Андрэй Шэндрык, Сяргей Гусянцоў, Андрэй Бугаёў.
У галіне сельскай гаспадаркі не бывае прыпынкаў — зараз у агракомплексах вядзецца закупка ўгнаенняў і насення, падрыхтоўка тэхнікі да зімоўкі і наступнай веснавой сяўбы — гэта падмурак будучага ўраджаю.
— Дубровеншчына славіцца сваімі моцнымі культурнымі традыцыямі, на гэтай зямлі штогод праходзіць Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы». Якія яшчэ іміджавыя мерапрыемствы фарміруюць брэнд Дубровенскага раёна?
З 1993 года ў Дуброўне ладзіцца фестываль песні і музыкі, які ўпершыню праводзіўся ў гонар 600-годдзя з дня заснавання горада, як абласны музычна-песенны агляд. Пасля ён перарос межы горада, затым вобласці і, нарэшце, рэспублікі, стаў спачатку рэгіянальным, а ў 2004 годзе — міжнародным.
Месца правядзення фестывалю абрана невыпадкова: Дубровеншчыну называюць «усходнім узбярэжжам Беларусі», а Днепр — асноўная водная артэрыя — бярэ пачатак у Расіі і нясе свае воды праз Беларусь у Дняпроўскі ліман Чорнага мора на Украіне. Першапачатковая ідэя фестывалю — гэта творчае супрацоўніцтва краін, абласцей і раёнаў, размешчаных уздоўж ракі Днепр. Традыцыйна ў ім бралі ўдзел творчыя калектывы Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, Чарнігаўскай вобласці Украіны і Смаленскай вобласці Расіі. У 2004 годзе арганізатары фестывалю вырашылі пашырыць яго межы, і свята народнай песні і музыкі шырока разгарнула свае абдымкі для прафесійных і аматарскіх творчых калектываў не толькі Расіі, Беларусі і Украіны, але і Літвы, Латвіі, Эстоніі, а зараз да іх далучыліся калектывы з Польшчы, Славакіі, Малдовы, Сербіі, Румыніі, Турцыі, Індыі, Даніі, Казахстана, Карэі. Нягледзячы на розныя нацыянальнасці і веравызнанне ўдзельнікаў і гасцей, галоўнай канцэпцыяй музычнага фестывалю з'яўляецца яднанне славянскіх народаў, сяброўства суседніх краін, захаванне самабытнай нацыянальнай культуры.
Калі гаварыць пра брэндавыя мерапрыемствы, то ў кожным аграгарадку раёна — а іх 17 — летам ладзяцца не толькі нацыянальныя, але і тэматычныя святы. Аграгарадок Асінторф, на тэрыторыі якога размешчаны заказнік, вядомы не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй краіне сваімі журавіннымі скарбамі. У гонар ягады ў населеным пункце з 2012 года праходзіць фестываль «Каралева балотнага царства». Аграгарадок Ерамееўшчына вядомы святам хлеба, Ляхоўка — святам яблыка, а ў Будзе праходзіць фестываль памідораў. У аграгарадку Станіславава ўзгадваюць традыцыі правядзення кірмашоў падчас свята «Станіславоўскі кірмаш», падобны фестываль гандлю і мастацтва праходзіць і ў аграгарадку Буда. Наша галоўная ідэя заключаецца ў тым, каб у кожным сельсавеце раёна былі свае адметнасці, якія складаюць вобраз Дубровеншчыны.
— Падыходзіць да завяршэння Год гістарычнай памяці. Сёлета ў вёсцы Судзілавічы было выяўлена дагэтуль невядомае воінскае пахаванне, якое стала 30-м у раённым спісе памяці. Якая яшчэ работа ў гэтым кірунку была праведзена сёлета?
— У жніўні 2022 года пошукавы атрад з Наваполацка «Разведчыкі воінскай славы» падняў астанкі 38 байцоў Чырвонай арміі ў Асінторфе, з якіх, па меркаваннях пошукавікаў, 15 былі афіцэрамі. Падчас раскопак было знойдзена і шэсць медальёнаў, якія адправілі ў Мінск на расшыфроўку і вывучэнне, але ўстанавіць прозвішчы байцоў не ўдалося. Брацкае пахаванне знайшоў на сваім участку Канстанцін Аўласенка. У верасні адбылася цырымонія перапахавання, амаль праз 80 гадоў абаронцаў Айчыны з воінскімі ўшанаваннямі адправілі ў апошні шлях.
У чэрвені на тэрыторыі Зарубскага сельсавета пошукавікі паўладарскага атрада «Майдан жалы» з Казахстана знайшлі астанкі 18 чырвонаармейцаў, але ўстанавіць іх прозвішчы таксама не ўдалося. Безыменных воінаў перапахавалі ў аграгарадку Зарубы ў брацкай магіле, дзе спачываюць 106 байцоў.
Кожны год на адным з воінскіх пахаванняў за сродкі раённага бюджэту, Беларускага Фонду міру, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, раённага суботніка, праводзіцца капітальны рамонт, у наступным годзе будзе добраўпарадкаваны мемарыял у вёсках Залатовічы і Калінаўка Валяўкоўскага сельсавета. Дубровенскі раён адзін з першых у паўночным рэгіёне пачаў устанаўліваць на брацкіх пахаваннях інфармацыйныя шыльды з QR-кодамі, сёлета сумесна з аб'яднаннем прафсаюзаў алічбаваны дзевяць воінскіх мемарыялаў.
Тром школам сёлета прысвоены імёны Герояў Савецкага Саюза, з кастрычніка 2022 года сярэдняя школа № 2 горада Дуброўна носіць імя Юрыя Васільевіча Смірнова, ураджэнца Кастрамской вобласці Расійскай Федэрацыі, які загінуў каля вёскі Шалашына Дубровенскага раёна. Школьнікамі і педагогамі вядзецца актыўная работа па даследаванні гераічнага лёсу Юрыя Смірнова, якая прывяла да супрацоўніцтва з краязнаўцамі горада Кастрамы.
Работа па захаванні гістарычнай памяці і ўвекавечанні подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны вядзецца няспынна і будзе працягвацца, бо не хопіць і некалькіх дзясяткаў гадоў, каб увекавечыць памяць кожнага загінулага байца, які палажыў сваё жыццё на алтар Перамогі.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.