Вы тут

Што дом-музей Якуба Коласа падрыхтаваў да юбілею песняра


Ужо на гэтым тыдні мы адзначым 140-годдзе Якуба Коласа. Адбудзецца шмат значнага, цікавага... Асноўны арганізатар святкаванняў — Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Мы гутарым з яго дырэктарам Ірынай Мацяс пра тое, што музей падрыхтаваў да юбілею класіка, як умацоўваць творчыя сувязі ў сённяшнім неспакойным свеце і як прывабліваць новых наведвальнікаў.


Пра сядзібы і дабрачыннасць

— Юбілеяў Якуба Коласа адзначана шмат... Чым адрозніваецца сёлетні?

— Звычайна навукова-практычную канферэнцыю «Каласавіны» праводзілі 3 лістапада, калі нарадзіўся Колас, а 4-га ехалі на яго радзіму. Сёлета 3-га мы паедзем на Стаўбцоўшчыну. Справа ў тым, што нарэшце былі сабраны грошы на ўстаноўку помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах, і мы вырашылі: сімвалічна, калі дзень нараджэння класіка адзначыцца ўрачыстым адкрыццём помніка на яго радзіме.

— Гэта самы пачатак святочнай праграмы?

— Не. Перад ад'ездам у Стоўбцы ў 9.30 адбудзецца ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу ў Мінску, на плошчы яго імя. Выступіць народны хор імя Цітовіча, вядучы імпрэзы Алег Вінярскі прачытае вершы Коласа. Чакаем кіраўніка Саюза пісьменнікаў Беларусі, які вельмі шмат дапамагаў нам. У Стоўбцах чакаюць а 12.00, на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця помніка. А потым праграма па чатырох мемарыяльных сядзібах філіяла нашага музея.

— Што змянілася ў згаданых філіялах?

— За гэты год мы зрабілі там рамонт. Канешне, вельмі напружаная праца, затое цяпер я абрашотку ад адмосткі адрозніваю. Вывучыла, якая бывае гонта, якія парканы... Нюансы дырэктарскай пасады. Ва ўсіх сядзібах будынкі драўляныя, яны старэюць, пад адкрытым небам дрэва, як ні даглядай, псуецца. Дзякуем Міністэрству культуры, якое знаходзіла грошы. І мы, лічу, справіліся годна. Асабліва ганаруся, што давялі да ладу сядзібу ў Акінчыцах, якая першая нас сустрэне... У нас ёсць дабрачыннікі. Шмат матэрыялу даў лясгас, 44 чатыры кубы лесу-кругляка выдзелілі на парканы. Удзячна супрацоўнікам Стаўбцоўскага райвыканкама, мясцовым жыхарам — яны такія адкрытыя, шчырыя... У Стаўбцоўскім Доме культуры мясцовыя таленты рыхтуюць сваю канцэртную праграму. На кожнай сядзібе нас сустрэнуць народныя ансамблі — гэтая традыцыя не мяняецца.

Пра бліны для гасцей і шахматы для класікаў

— Цяпер вельмі папулярныя інтэрактыўныя праграмы...

— І мы іх дадаём. У Акінчыцах гэта інсцэніроўка ўрыўка з «Новай зямлі» «Раніца ў нядзельку». Можна будзе нават пачаставацца блінамі з печы, як героі паэмы. На Альбуці — інтэрактыўная зона ў «Хатцы знахаркі»: гарбата з лекавых зёлак, спосабы лекавання ў сям'і Міцкевічаў... А яшчэ дэгустацыя мёду, продаж сувеніраў ад майстроў Стаўбцоўшчыны. У Смольні народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель увасобіць вобраз маці Якуба Коласа, Алег Вінярскі прачытае вершы, выступіць кіраўнік тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна. Фотазона адлюструе гульню ў шахматы паміж Янкам Купалам і Якубам Коласам... Менавіта ў Смольні песняры ўпершыню і сустрэліся, магчыма, і ў шахматы гулялі.

— Ну, з успамінаў Коласа можна зрабіць выснову, што замест шахмат на той гістарычнай сустрэчы былі чарачкі...

— Але пасля класікі неаднойчы бавілі час за шахматамі! Дарэчы, паколькі мы заключылі дамову аб супрацоўніцтве з «Беларусьфільмам», у музеі адбыўся паказ мультфільма, як Колас і Купала гуляюць у шахматы. Гэты мультфільм паказалі і ў адноўленым стаўбцоўскім кінатэатры. Апошняя кропка — сядзіба Ласток... Вельмі хачу, каб надвор'е не падвяло, бо ехаць туды трэба па лясной дарозе. Яе, дарэчы, дапамаглі нам прывесці да ладу дабрачыннікі. Мясціны там вельмі прыгожыя... Будаўнікі, якія дапамагалі рамантаваць сядзібу, бачылі і дзікоў, і змей...

— Як у свой час сын лесніка Кастусь Міцкевіч. Дарэчы, у мемарыяльных сядзібах раней працавалі сваякі Коласа...

— На жаль, час няўмольны. Соф'я Пятроўна Міцкевіч, жонка ўнучатага пляменніка Якуба Коласа, звольнілася па стане здароўя, але перадала свой вопыт. Цяперашнія супрацоўнікі, па агульным прызнанні, вельмі хораша праводзяць экскурсіі.

— А што наконт драўлянай скульптуры «Шлях Коласа», якая выяўляла ў мемарыяльных сядзібах герояў коласаўскіх твораў? Чула, што яна патрабавала рэстаўрацыі...

— Мясцовыя скульптары ўсё, што магчыма, адрамантавалі, што трэба, замянілі. Сёлета, як ніколі, дружнай талакой працавалі. Міністэрства культуры, Міністэрства лясной гаспадаркі, Мінгарвыканкам, Мінаблвыканкам, Стаўбцоўскі райвыканкам, наш музей — усе разам стварылі варты асяродак, каб людзі маглі прыехаць, уразіцца, натхніцца творчасцю Якуба Коласа.

Пра Коласа ў рэгіёнах і за мяжой

— Але гэта — яшчэ не ўсе мемарыяльныя мясціны Коласа... У гэтым годзе я ўпершыню, напрыклад, пабачыла вельмі каларытны дом у Пінску, дзе жыла маладая сям'я Міцкевічаў. Даведалася, што ў Люсіне, дзе настаўнічаў Канстанцін Міцкевіч, калісьці адбываўся пленэр, прысвечаны творам Коласа...

— У Люсіне цікавы краязнаўчы музей, дзе ёсць шмат матэрыялаў пра колішняга настаўніка Міцкевіча. І так, вы маеце рацыю: у рэгіёнах таксама памятаюць пра Коласа, а мы ахвотна ідзём на супрацоўніцтва. Цяпер у Віцебскім краязнаўчым абласным музеі адкрылася выстава «Незабыўны вобраз песняра» — мы далі для экспазіцыі работы мастака Сямёна Геруса. А копіі тых работ знаходзяцца ў краязнаўчым музеі ў Абаяні на Куршчыне, дзе Колас з сям'ёй жыў у гады Першай сусветнай вайны. Там таксама адкрываецца выстава да юбілею Коласа. У Віцебску пакажуць і прыжыццёвыя партрэты Коласа, а яшчэ мы перадалі туды для экспанавання куфэркі з яго мемарыяльнага кабінета. Потым нас запрашаюць Ганцавічы на канферэнцыю 9 лістапада. Запрашае і Пінск, у Гомелі адкрыем выставу «50 імгненняў жыцця Якуба Коласа» — 50 яго фотапартрэтаў з нашых фондаў. І гэта не ўсё... 1 лістапада ў мінскай бібліятэцы імя Янкі Купалы цэлы дзень будзем святкаваць дзень нараджэння Якуба Коласа. А ў фае філармоніі, дзе 3 лістапада адбудзецца святочны канцэрт «Мой родны кут», на адзін дзень адкрыецца выстава, прысвечаная Якубу Коласу і Янку Купалу, падрыхтаваная сумесна з музеем Янкі Купалы. Ад нашага музея мы пакажам выставу «Якуб Колас — дэпутат».

— Здаецца, выставу на такую тэму вы праводзілі падчас адкрыцця дзявятай сесіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Палацы Рэспублікі?

— Так, і яна спадабалася, многія адкрылі для сябе Коласа па-новаму, як грамадскага дзеяча, які дапамагаў людзям. У філармоніі мы таксама пакажам на выставе гэтую яго іпастась. 4 лістапада ў нашым музеі адбудзецца 36-я Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Каласавіны», а таксама адкрыццё юбілейнай выставы, якую рыхтуе праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч у межах праекта «Ад усяго сэрца, ад усёй душы. Інскрыпты Якуба Коласа». Вынікі канферэнцыі падвядзём 4 лістапада а 16.00, на ўрачыстым вечары «І да сонца коласам узняцца, гімнам несмяротным аб жыцці».

Але для нас юбілейны год на гэтым не заканчваецца. У снежні падрыхтуем выставу сумесна з музеем гісторыі беларускай літаратуры, у яго філіяле — музеі Максіма Багдановіча. Ёсць магчымасць аб'яднаць нашы фонды, напрыклад, у музеі Багдановіча захоўваецца аўтограф Якуба Коласа на фотаздымку, падораным Алесі Смоліч, якога няма ў нас. Ёсць іншыя цікавыя прадметы...

— А мастакі далучыліся да святкавання?

— Вядома! Улетку адбыўся пленэр, арганізаваны НЦСМ, у ім прынялі ўдзел мастакі з Санкт-Пецярбурга. Наведвалі мемарыяльныя месцы, малявалі пейзажы... А пленэр на базе нашага дома-музея запланаваны на наступны год. Ён жа таксама юбілейны — сто гадоў паэме «Новая зямля»! Ёсць дамоўленасць з Пасольствам Беларусі ў Турцыі ў Стамбуле аб сумесных мерапрыемствах з гэтай нагоды. Сёлета ўжо зладзілі там выставу да юбілею Коласа з дасланых намі электронных копій экспанатаў. З'явіліся сувязі і з музеем сучаснага турэцкага пісьменніка Архана Памука ў Стамбуле, які называецца «Музей нявіннасці». Праўда, здавалася б, што агульнага ў Коласа і Памука?

— Ну, калі падумаць, Архан Памук з любоўю, на ўласных успамінах, з падрабязнасцямі апісаў Стамбул, жыццё простых жыхароў... Гэтак жа, як Колас у «Новай зямлі» родную Стаўбцоўшчыну і беларускіх сялян...

— Ну так, паралелі можна знайсці заўсёды. Спадзяюся, сустрэнемся, наладзім супрацу. Лічу, што сёння музеі не павінны замыкацца на сабе. Адкрыты да супрацоўніцтва з намі расійскія музеі, напрыклад, музей-запаведнік «Міхайлаўскае». Планую паехаць у Ніжні Ноўгарад, дзе ёсць літаратурныя музеі Максіма Горкага і Дабралюбава. Любыя сумесныя праекты прыцягваюць наведвальнікаў, развіваюць музей. Нядаўна адбыўся сумесна з аб'яднаннем «Беларусьнафта» праект «Подых Поўначы», выстава фотаздымкаў беларускага нафтавіка Аляксандра Ключнікава. Да нас у музей прыязджалі прадстаўнікі «Беларусьнафты», многія ўпершыню...

— Музей Коласа — рэальны дом пісьменніка, дзе адчуваецца яго прысутнасць...

— Так, музей цесна супрацоўнічае з сям'ёй Коласа. Зараз тут працуе яго праўнучка Васіліна. Нядаўна выйшла кніга «Табой я жыў, табой жыву», прысвечаная жонцы Якуба Коласа, мы ладзілі прэзентацыі з удзелам унучак класіка і яго праўнучкі. Стараемся, каб дух Коласа адчуваўся і каля яго дома — у нас вельмі прыгожа, многія прыходзяць на фотасесіі, што таксама спрыяе папулярнасці музея. А каб лепей зразумець дух Коласа, можна паўдзельнічаць у распрацаванай у музеі гульні «Жыццё па Коласу» — не так лёгка выбраць правільныя рашэнні ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі, якія прымаў у свой час пясняр. Але ж на тое ён і адзіны і непаўторны Якуб Колас!

Пра аўтографы Коласа

У залах музея, дзе амаль падрыхтаваная да адкрыцця выстава інскрыптаў, давяршае работу над экспазіцыяй галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Міцкевіч.

— Праект «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа» здзейсніўся дзякуючы падтрымцы спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — распавядае праўнучка класіка. — Праект ажыццяўляўся на працягу ўсяго юбілейнага года, а гэтая выстаўка — знаёмства з яго вынікамі. Паказаць Коласа і як пісьменніка, і як грамадскага дзеяча, і як чалавека, паказаць акружэнне можна праз яго аўтографы. Кожная кніга тут памятае Якуба Коласа, цеплыню яго рук. На кожнай ён пакінуў дарчы надпіс. Такіх кніг усяго 93, у адной экспазіцыі ўсе выставіць немагчыма, але можна паглядзець дадатковую інфармацыю на нашым сайце. Экспанаты не толькі з нашых фондаў, але і з іншых музеяў, бібліятэк, прыватных калекцый. Шмат аўтографаў, якія ніколі раней не друкаваліся. Экспазіцыя падзелена на дзевяць блокаў. Вось у гэтай вітрыне — аўтографы сваякам, тут ёсць і кніга, падпісаная майму дзеду. У наступнай вітрыне — кнігі, падпісаныя жанчынам з атачэння Коласа, напрыклад, Таццяне Замоцінай, дачцэ вядомага літаратуразнаўцы Івана Замоціна. Вылучылі асобна кнігі, падораныя настаўнікам і студэнтам Якуба Коласа. Адно з апошніх паступленняў — кніга, падпісаная Яўгену Васільевічу Астроўскаму ў 1929 годзе. Ён вучыўся разам з Коласам у Нясвіжскай семінарыі, заслужаны настаўнік. А вось адзіны экзэмпляр, які захаваўся ад накладу «Новай зямлі» 1941 года. Астатнія асобнікі былі знішчаны немцамі, нават гранкі. У 1955-м Колас падарыў гэты рарытэт Аляксандры Дзмітраўне Жукоўскай, сваёй вучаніцы ў Белпедтэхнікуме.

Думаецца, інскрыптамі Коласа павінны зацікавіцца самыя шырокія колы... Бо тут ёсць аўтографы слынным навукоўцам, грамадска-палітычным дзеячам, пісьменнікам, дактарам, установам... Аўтограф ад 20 ліпеня 1956 дадзены музеем Петруся Броўкі. На рускім перакладзе «Хаты рыбака» напісана: «Дарагому Петрусю Броўку, дарагому спадарожніку майму, дасканаламу паэту, калі ўсе этапы майго жыцця не абхадзіліся без яго — на памяць». Аўтограф адметны тым, што пакінуты незадоўга да смерці аўтара,13 жніўня Колас памрэ.

Сярод рускіх пісьменнікаў, якім Колас падпісваў кнігі, — Гарадзецкі, Новікаў-Прыбой, Ісакоўскі, Твардоўскі... На першым томе трылогіі «На ростанях» 1955 года надпіс: «Сердечно любимому, горячо уважаемому писателю советской земли Михаилу Александровичу Шолохову». Два інскрыпты нядаўна знойдзены ў асабістым архіве Самуіла Маршака.

— Вось яшчэ нядаўняя знаходка, — паказвае Васіліна Міцкевіч. — Аўтограф на кнізе «Казкі жыцця» ад 8 ліпеня 1945 года гісторыку Мікалаю Красоўскаму. Ён знаходзіўся ў фондах Музея гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці. Цяпер наша задача — выдаць першы каталог, у якім будуць прадстаўлены аўтографы Коласа.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.