Вы тут

Традыцыйныя Купалаўскія чытанні прайшлі да дня нараджэння Песняра


Днямі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшлі ХІV Міжнародныя Купалаўскія чытанні «Ад прадзедаў спакон вякоў», прысвечаныя 140-годдзю Янкі Купалы і 100-годдзю зборніка «Спадчына».


Наталля Якавенка (у цэнтры), галоўны захавальнік фондаў музея Надзея Саевіч (злева), вядучы навуковы супрацоўнік Валянціна Ціханавецкая (справа).

Традыцыйная навуковая канферэнцыя, арганізаваная Купалаўскім музеем, была прысвечана творчасці і грамадскай дзейнасці Песняра, яго ролі ў фарміраванні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, рэцэпцыі спадчыны класіка ў сучасным свеце. Перад удзельнікамі і гасцямі выступіла дырэктар музея Ганна Галінская.

Яна звярнула ўвагу на сімвалічнае супадзенне — на год, абвешчаны Годам гістарычнай памяці, прыпадае векавы юбілей зборніка «Спадчына»: «Што іншае, як не найкаштоўнейшая духоўная спадчына, — той багаты гістарычны вопыт, які пакінулі нам продкі. У нашай памяці, у нашай душы, у нашым сэрцы і сёння гучыць Купалава слова».

Вітальны зварот удзельнікам адрасавала галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран: «Янка Купала — адзін з самых даследаваных творцаў беларускай літаратуры, а плён купалазнаўства мог бы скласці шматтомную бібліятэку. Аднак зварот да спадчыны класікаў ніколі не бывае марным. Упэўнена, што здабыткі сёлетніх чытанняў прыцягнуць увагу грамадскасці дасюль невядомымі фактамі ў жыццяпісе паэта, нечаканымі архіўнымі знаходкамі і нават смелымі адкрыццямі».

Купалаўскія чытанні атрымалі відэапрывітанне з Расіі ад Астраханскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай культуры, які ў верасні гэтага года зладзіў акцыю — анлайн-чытанні, прысвечаныя 140-годдзю Янкі Купалы. Вершы беларускага класіка чыталі юнакі і дзяўчаты — удзельнікі тэатральнай студыі «Эцюд» і маладзёжнага Этнаклуба Дома дружбы навукова-метадычнага цэнтра.

У канферэнцыі бралі ўдзел як вядомыя навукоўцы, так і даследчыкі, якія стаяць у пачатку шляху ў вялікую навуку. На пленарным пасяджэнні выступілі доктар філалагічных навук Валерый Максімовіч (Інстытут філасофіі НАН Беларусі) і доктар гістарычных навук Аляксандр Гужалоўскі (БДУ).

У дакладзе «Ідэя нацыянальнага згуртавання ў творчасці Янкі Купалы пачатку ХХ ст.» Валерый Максімовіч падкрэсліў: «Янка Купала з самага пачатку сваёй працы на ніве беларускага адраджэння ставіў сабе грандыёзную задачу, якая звязвалася з нацыянальным будаўніцтвам, з ліквідацыяй любых форм адчужанасці, варожасці, адасобленасці — усяго таго, што перашкаджала нацыянальнай кансалідацыі, працэсу набыцця нацыянальнай ідэнтычнасці». У дар музею ён перадаў сваю кнігу «Нацыянальны космас класікі». Сапраўдным падарункам прысутным стаў і яго верш-прысвячэнне Купалу.

Аляксандр Гужалоўскі ў паведамленні «Янка Купала і савецкая цэнзура» раскрыў вострую тэму няпростых адносін, якую сам Купала закрануў у вершы 1919 года «Паэта і цэнзар». Даклад пабудаваны на малавядомых дакументах з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Сучасныя тэхналогіі дазволілі далучыцца да форуму калегам з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, з якім сёлета музей заключыў дагавор аб супрацоўніцтве. Дырэктар універсітэцкай навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько распавёў пра гісторыю і даследчыцкі плён ГрДУ як значнага цэнтра купалазнаўчых даследаванняў.

Тэматыка дакладаў ахапіла шырокае кола купалазнаўчай праблематыкі: ад літаратуразнаўчага аналізу да рэцэпцыі творчай спадчыны пісьменніка ў музейна-педагагічных праграмах. Вялікую цікавасць выклікалі паведамленні «Кіеўскі прыстанак рукапісу паэмы Янкі Купалы «Тарасова доля» (1939)» кандыдата філалагічных навук Мікалая Труса і «Таямніцы і знаходкі з Купалавага парку і ваколіц: ад папяльнічкі да скарбу залатых манет» вядучага навуковага супрацоўніка музея Янкі Купалы Паўла Каралёва. Яркую старонку гісторыі купалазнаўства ўзнавіла ў дакладзе ««Кніга высокага рамантычнага пафасу»: зборнік Янкі Купалы «Спадчына» ў літаратуразнаўчай інтэрпрэтацыі В. І. Гапавай» знаная даследчыца Купалавай творчасці кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч. З невядомымі ўспамінамі пра літаратурны вечар 5 красавіка 1939-га, у якім браў удзел Янка Купала, пазнаёміў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі. Вядучы бібліятэкар бібліятэкі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук Генадзь Кажамякін распавёў пра гісторыю трох выданняў кнігі аднаго верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету. Вопытам узнаўлення зніклых духоўных скарбаў падзяліўся ў дакладзе «Кнігазбор Янкі Купалы. Спроба рэканструкцыі праз 80 гадоў» супрацоўнік выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Сяргей Шапран. 

Падчас канферэнцыі была прэзентавана кніга «Янка Купала» з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Выданне, падрыхтаванае да 140-годдзя народнага паэта Беларусі, прадставіла ўкладальніца, доктар філалагічных навук Наталля Якавенка. У кнізе, якая ўвабрала вопыт папярэдніх біяграфічных выданняў, прысвечаных Песняру, чытачу прапанавана багатая мазаіка з фрагментаў успамінаў, артыкулаў, лістоў, дакументаў і шматлікіх фотаздымкаў — каштоўных памятак Купалавага часу.

Галіна ВАРОНАВА, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.