Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. У Маларыцкім раёне ў 1942—1944 гадах палала каля паўсотні вёсак


Няпроста слухаць сведчанні апошніх жыхароў невялічкай вёскі на самай граніцы з Украінай, нават у дыктафонным запісе. Здавалася б, людзі гавораць без асаблівых эмоцый, амаль будзённа, пра даўно перажытае, пра расстрэлы, слёзы, гора. Але будзённасць гэтая нацягнутая, яе пранізваюць адгалоскі жахлівага мінулага. Бабуля Настасся Хведчык увесь час цяжка ўздыхае, згадваючы той страшны дзень расстрэлу, крыху дрыжыць яе голас. Столькі гадоў прайшло, але ж такое не можа забыцца. Шмат гора пабачылі тутэйшыя людзі.


Старшыня сельскага Савета Вітольд Пяткевіч каля помніка загінулым жыхарам Хмелішча.

Асаблівы лёс Хмелішча

Ёсць вёскі, якія вайна амаль што абышла бокам, якія і пасля яе жылі звычайным калгасным жыццём, гадавалі дзяцей, выпраўлялі іх у вялікі свет. А па іншых зусім бязлітасна прайшоўся лёс, яны ўвасобілі ўвесь трагічны пласт гісторыі краю. Да апошніх і адносіцца Хмелішча.

Яно згубілася далёка ў лясах. Нават указальнік, які стаіць каля Навалесся на трасе з адзнакай «3», у сэнсе тры кіламетры, падманвае выпадковага падарожніка. Аказалася, тут не тры, а нават крышачку больш за пяць кіламетраў па лесе, засякалі па спідометры.

«І дарога асаблівая, — расказвае старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч, — гэта пагранічная зона, ехаць можна, спыняцца машынай на гэтай дарозе нельга. На правую ўзбочыну можна ступіць нагой, на левую — нельга».

...Першае выпрабаванне перажыло Хмелішча, калі перад самай вайной, у 1940-м, вывезлі ў Сібір самых заможных гаспадароў. Жыхар Хмелішча Сцяпан Чуль кажа, што не памешчыкаў, а працавітых вяскоўцаў, якія на зямлі здолелі здабыць крыху большы за астатніх дабрабыт для сваёй сям'і. Аж у Іркуцкай вобласці апынуўся малы Іван Сымонік. Яго бацьку з жонкай і пяццю дзецьмі вывезлі як «кулацкі элемент» разам з іншымі гаспадарамі. Яны, вядома, з'язджалі са сваіх дамоў, адрасуючы праклёны і новай уладзе, і ўсім яе ўпаўнаважыным. Каб хто тады сказаў ім, што ад'езд стане паратункам ад смерці, не паверылі б. Але пасля вайны, у 1947-м, яны вернуцца, а вось сваякоў і суседзяў не застануць, бо тых расстраляюць.

«Кампанія без інцыдэнтаў»

23 кастрычніка споўніцца 80 гадоў з таго страшнага дня, калі расстралялі 128 жыхароў вёскі. Потым камандзір паліцэйскага палка капітан Пельс напіша справаздачу, яна ёсць у кнізе «Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі». У дакуменце значыцца: «Расстраляна 28 мужчын, 40 жанчын, 60 дзяцей. Спалены 21 сялянскі двор. Кампанія была скончана без інцыдэнтаў у 23.00».

Сцяпан Чуль ведае гэтую трагічную гісторыю з аповедаў бацькоў, бабуль-дзядуль. Гаварылі, што фармальнай падставай для экзекуцыі паслужыў нейкі дзівак у зямлянцы, які жыў там даўно. «Ніякі ён не партызан, так, дробны зладзюжка, сядзеў сабе ў лесе». А немцы яго знайшлі і паставілі ў віну насельніцтву вёскі, што не данеслі пра нелегала акупацыйным уладам. За гэтым ішло пакаранне: усе — старыя і малыя — падлягалі знішчэнню за выключэннем тых, чые дзеці былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. А калі гналі моладзь, як не хацелі юнакі і дзяўчаты пакідаць дамы і бацькоў, плакалі. Каб ведалі, што гэтым ратуюць свае сем'і...

Сцяпан Чуль.

Так і сям'я Анастасіі Архіпаўны Хведчык ацалела, бо ў далёкую чужую Германію вывезлі брата. 92-гадовая жанчына гаварыла, што той дзень памятае як сёння.

— У нас солтыс быў дрэнны, жорсткі, яго заўсёды пераследавалі партызаны, ён нават у хаце сваёй начаваць баяўся. Можа, таму і спалілі нашу вёску, можа, сам ён і навёў немцаў на тую зямлянку нібыта партызана. Потым яго забралі, пасля вайны ўжо, і больш ніхто не бачыў яго... А тады прыехалі да нас, заходзілі ў кожны дом, выводзілі ўсіх і строілі ў адну шарэнгу, нават малога браціка, які спаў у калысцы, загадалі браць з сабой. Галаве сям'і задавалі пытанне: «Уся сям'я тут?» Калі адказвалі, што ўся, іх пакідалі на вуліцы. Таму, хто гаварыў, што сын альбо дачка ў Германіі, загадвалі вярнуцца ў хату, такіх набралася дзевяць сем'яў. Астатніх пагналі за вёску, мужчынам далі ў рукі рыдлёўкі, загадалі капаць яму. Людзі здагадаліся, для чаго яма. Стаяў страшэнны гул, жанчыны галасілі, дзеці плакалі, старэйшыя чыталі малітвы. У нас, хто застаўся ў хатах, таксама пачыналася паніка. Мы маглі хадзіць адно да аднаго, некаторыя казалі, што нас, можа, падпаляць разам з хатамі, іншыя выказвалі спадзяванне на паратунак, словам, ніхто нічога не ведаў дакладна.

Стрэлы і галасы

— У гэтым жаху мы правялі даволі доўга, яны наляцелі на вёску недзе на світанні, і працягвалася ўсё да позняга вечара, — расказвае сведка страшных падзей. — Першую партыю людзей падвялі да ямы, мы з хаты пачулі крык, енк, потым першыя стрэлы кулямётаў. Мой бацька ўпаў без памяці, вытрымаць такое было, здаецца, немагчыма. І не слабак жа быў, потым ён вернецца з вайны з медалём «За адвагу»... Другі раз, калі павялі людзей, галасоў было менш, а пасля трэцяга расстрэлу галасы сціхлі зусім. Тут ужо і мы чакалі сваёй смерці.

Адчыніліся дзверы, зайшоў ці то фашыст, ці іх прыслужнік і па-польску сказаў нам, што можам узяць падводу, асабістыя рэчы і праз паўгадзіны нас тут не павінна быць. Так і паехалі ў белы свет. У бацькі ў Олтушы быў стрыечны брат. Да яго папрасіліся на зіму: нас шэсць чалавек, іх пяць, а хата маленькая. Цяпер нават уявіць цяжка, як можна было жыць у такіх умовах, але жылі. Вясной на папялішчы сваёй хаты каля ацалелай грушы бацька збіў будан, там пражылі лета. Другую зіму кватаравалі ў іншых сваякоў. А ў 1944-м бацьку забралі на фронт, нас, як сям'ю франтавіка, часова засялілі ў апусцелы дом яўрэяў, іх таксам расстралялі. Так і пражылі.

— Колькі гора, бяды нацярпеліся, дзеткі мае, — кажа бабуля Настасся. — Але жывыя засталіся. Бацька вярнуўся з вайны, радасць была, хату для сям'і пабудаваў.

Цяпер вядзеццца рамонт помніка, устаноўленага ў пачатку вёскі. 23 кастрычніка тут адбудзецца жалобны мітынг. Настасся Хведчык абяцала прыйсці: яна лічыць сваім абавязкам гаварыць, каб маладыя ведалі пра жахі вайны.

Гаротныя Субаты

Маларыцкі раён быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі на чацвёрты дзень вайны. І ўжо з першых дзён акупанты адчулі супраціўленне. Па-першае, арганізоўваліся ў атрады адсталыя ад часцей чырвонаармейцы, да іх далучаліся мясцовыя жыхары. Даволі хутка з'явіліся партызанскія атрады.

Настасся Хведчык.

У барацьбе з партызанамі захопнікі далёка не заўсёды мелі поспехі, таму злосць спаганялі на мірным насельніцтве. Запалалі ў акрузе вёскі. Каля паўсотні населеных пунктаў было спалена ў 1942–1944 гадах: Боркі, Брадзяцін,

Забалацце, Масявічы, Радзеж, Субаты, Хмелішча, Хаціслаў... У рэспубліканскай электроннай базе даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны» ёсць і Субаты, дзе засталася адна жыхарка.

Амаль у кожнай спаленай вёсцы ёсць помнік трагічным падзеям. Ёсць помнікі дыхтоўныя, пастаўленыя ў 1970-1980 гады альбо бліжэй да нашага часу, а ёсць сціплыя, непрыкметныя, але не менш важныя. Як гэты, у Субатах. Са старшынёй раённага Савета Алегам Якубчыкам у лесе той помнік знаходзім хутка. Відаць, што гэты прымітыўны абеліск быў пастаўлены вельмі даўно. Пазней зрабілі мемарыяльную дошку, на якой увекавечылі прозвішчы людзей, што ўдалося ўстанавіць. Агароджа блішчыць свежай фарбай, на вялікай брацкай магіле растуць шматгадовыя кветкі. Іх некалі пасадзіла Надзея Вакульская. Пакуль жыла, сюды заўсёды прыходзіла, тут ляжаць яе сваякі. Каб не той зверскі расстрэл, можа, сёння Субаты не аказаліся б у спісе вёсак, якія дажылі свой век.

У маім архіве захоўваюцца ўспаміны апошняй жыхаркі вёскі Субаты Вольгі Канстанцінаўны Букач.

Варта сказаць, што ніколі да гэтага я не чула пра такую форму расправы над жыхарамі акупаванай тэрыторыі, пра якую расказалі тут. Раней мае героі распавядалі, як знішчалі людзей цэлымі вёскамі, альбо расстрэльвалі асобных за сувязі з партызанамі... У Субаты прыехаў карны атрад і правёў фашысцкую «прафілактыку» асаблівым чынам.

Выводзілі з кожнай хаты сям'ю і звяралі наяўных яе членаў са спісам. Калі дома не было кагосьці з мужчын, аўтаматычна залічвалася, што ён ваюе ў рэгулярнай арміі альбо ў партызанскім атрадзе. Такую сям'ю каралі: выводзілі ў лес амаль за кіламетр ад вёскі і забівалі, уключаючы старых і малых. У самы разгар гэтай аперацыі паступіла нейкая іншая каманда з пасыльным, немцы паспешна сабраліся і з'ехалі. Такім чынам, каго паспелі — расстралялі, некаторым пашанцавала. Гэтую трагічную гісторыю і апошняя жыхарка вёскі Вольга Букач, і старшыня Чарнянскага сельскага Савета Аляксандр Пятручык чулі ад мясцовай старажылкі Надзеі Вакульскай. Ужо пяць гадоў як няма Надзеі Іосіфаўны. Яна расказвала, што да вайны Субаты лічыліся вялікай вёскай — і школа была тут, і магазін.

А калі Вольга Канстанцінаўна Букач прыйшла ў 1958-м з Жабінкаўскага раёна ў дом да маладога мужа, у Субатах налічвалася ўсяго 12 хат. Цяпер засталося тры сядзібы і толькі адна жылая.

Канвеер смерці працаваў без збояў

23 верасня споўнілася 80 гадоў з дня трагедыі вёскі Боркі. Сведчанні відавочцаў гэтага жорсткага злачынства ў свой час запісалі пісьменнікі Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік у кнізе «Я з вогненнай вёскі». «Канвеер смерці працаваў без збояў, дакладна і зладжана. На месца толькі што расстраляных сялян заступала новая партыя. Перад забойствам людзей, нягледзячы на пол і ўзрост, фашысты распраналі дагала...»

У той дзень у 1942 годзе ў вёсцы забілі больш за 700 чалавек. А днём раней трэці батальён 15-га паліцэйскага палка нямецкай арміі, а дакладней, 10-я рота, адзін унтэр-афіцэр, 7 салдат штабнога канвою і тры кіроўцы атрымалі заданне знішчыць размешчаную на паўночны ўсход ад Макран вёску Боркі. Яшчэ за тры дні да гэтага стараста і дзясятнік хадзілі па вёсцы і запісвалі, колькі чалавек пражывае ў кожным доме нібыта для статыстыкі.

Падрыхтоўка да карнай аперацыі пачалася ў ноч на 23 верасня. Яшчэ напярэдадні вечарам вяскоўцы чулі нямецкую гаворку ў акрузе, але не асабліва звярталі ўвагу: ішла вайна, кругом стаялі немцы. А ўжо а палове пятай раніцы акупанты акружылі вёску разам з хутарамі. Па чарзе заходзілі ў кожны дом і загадвалі ўсім ісці на сход у цэнтр вёскі. Мужчынам загадалі ўзяць рыдлёўкі.

Помнік ахвярам вёскі Субаты.

Паступова ўсіх жыхароў вёскі сабралі ў агародзе старасты. Найбольш дужых мужчын паставілі ў шарэнгу на могілках капаць дзве ямы, па сутнасці ж траншэю, якая потым стане іх магілай. Людзі да апошняга не верылі, што іх пахаваюць тут жа. Тых, хто капаў, расстралялі першымі.

Мужчыны ўсё ж здагадаліся аб прызначэнні траншэі. Сцяпан Мішчук, што капаў, прапанаваў таварышам кінуцца на карнікаў з рыдлёўкамі, але нехта з іх зразумеў намер і расстраляў адважнага вяскоўца. Тых, хто паспрабаваў уцячы, даганялі кулямётным агнём.

Успаміны з архіва бібліятэкі

У цэнтральнай раённай бібліятэцы захоўваецца багаты матэрыял па гісторыі Борак. Запісаныя ўспаміны многіх відавочцаў расстрэлу. У іх ліку — сведчанні Міхаіла Ярмалюка. Мішу тады было 11 гадоў:

«Наша сям'я жыла на хутары, — згадваў Міхаіл Захаравіч. — Зранку бацька пайшоў шукаць авечак, якія з вечара разбегліся па лесе. Раптам на парозе з'явіліся немцы і сталі абшукваць дом. Пачуліся выстралы, і мама падумала, што забілі бацьку...

Сабралі людзей у адным месцы, спачатку казалі, што на сход, але людзі разумелі, што ніякага сходу не будзе. А калі павялі першую партыю людзей на могілкі, жанчыны сталі галасіць. Я не бачыў расстрэлу, але ўсё чуў. Раптам убачыў свайго дзядзьку, які капаў магілу, а потым вярнуўся, каб забраць сваю сям'ю на расстрэл. Мама плакала і абдымала малодшых братоў. А дзядзька сказаў ёй: «Даруй, сястра, не магу цябе выратаць».

Мы з малымі сядзелі ў сваім агародзе ў высокай траве і баяліся, каб хто не ўбачыў нас. А потым не маглі прыйсці ў сябе і ўсвядоміць, што цудам выратаваліся».

Але іх сям'і пашанцавала. І сярод немцаў былі ўсялякія людзі. Вось і вартавы, што стаяў каля іх дома, дапамог сям'і выбрацца за ачапленне. Засталіся ўсе: бацькі і пяцёра дзяцей.

Паводле ўспамінаў Паліны Курапатчык, якой на той час было дзевяць гадоў, калі сталі ўсіх зганяць, яе маці хацела ўзяць з сабой хлеб. Але нямецкі салдат забараніў. Сказаў, што будзе перапіс, потым усе вернуцца дадому.

«Жыхароў вёскі сагналі і пасадзілі ў агародзе. Кругом адбывалася невыноснае. Дзеці енчылі, жанчыны галасілі. Я таксама крычала і плакала, — сведчыла жанчына. — Але мама супакойвала, гаварыла, што ўсе будзем разам. А ў гэты час ужо трэцюю групу на смерць паслалі. І тут стараста паклікаў нашу сям'ю і нешта сказаў да старшага па-нямецку. Мы нічога не зразумелі. А я як абцугамі ўчапілася ў руку бацькі. І цяпер памятаю, як ногі халадзелі і рабіліся нібы ватнымі. Як высветлілася потым, стараста сказаў, што мы не з Борак, а з суседняй вёскі Макраны. І тым самым падарыў нам жыццё».

Выратаваліся адзінкі

Выжыла і Марыя Ліхван. Потым яна ўспамінала, што ўстала рана, каб распаліць печ і прыгатаваць ежу. Глянула ў акно — адусюль наступаюць немцы. Двое хутка зайшлі ў хату, загадалі збірацца, ісці на сход. Яны сабраліся, узялі з сабой хлеба, як выходзілі з дому, пачало віднець. Самаму маленькаму дзіцяці было ўсяго шэсць тыдняў. Зайшлі на агарод, немец загадаў выйсці ўсім мужчынам ад 18 да 40 гадоў. Муж пацалаваў дзяцей, развітаўся і сышоў. Іх пагналі на дарогу. А тыя немцы, што гналі, перыядычна даставалі пляшку з кішэні і выпівалі, відаць, каб быць смялейшымі. Заганялі адну партыю мужчын, вярталіся за новай.

Вольга Букач.

У Борках, акрамя Марыі Ліхван, выратавалася яшчэ некалькі жанчын. У некаторых мужы былі ў палоне яшчэ з часоў нямецка-польскай вайны. І яны пастараліся выдаць іх за тых, хто па сваёй волі паехаў працаваць у Германію. Часам гэты прыём спрацоўваў. У Марыі Хамук муж трапіў у палон з польскага войска ў верасні 1939 года, і ўвесь час быў там. Яна, бяздзетная маладзіца, жыла ў сям'і з 13 чалавек. Ранкам і да іх пастукалі. Свякроў Марыі нібы адчула ўсё, сказала: «Уставайце, дзеткі, гэта смерць наша...». Іх пагналі разам з усімі, пасадзілі ў агародзе. Потым прыходзілі немцы, бралі групу чалавек па 30 і гналі на могілкі на расстрэл. Калі дайшла чарга да сям'і Марыі, у агародзе ўжо засталося зусім мала людзей. Іх таксама пагналі на могілкі. І раптам пайшоў дождж, ды такі, што нічога не відаць стала. Але праз дождж, калі заўважылі кучы адзення, падумалі, што гэта забітыя людзі, аднавяскоўцы. А як падышлі бліжэй, то жахнуліся: убачылі вялікую групу людзей зусім раздзетых, іх гналі да ямы голымі.

Раптам немцы спыніліся і спыталі ў іх, з новай партыі, у каго ёсць пашпарты. Іх мала хто ўзяў, але людзі пачалі шукаць дакументы па кішэнях, выйшла замінка. Марыя тым часам стала гаварыць, што яе муж у Германіі. Немец спытаў, ці ёсць ад яго пісьмы. Яна адказала, што ёсць, хоць насамрэч іх не было. Тады немец пасадзіў яе пад сасной і загадаў чакаць. А тых людзей, якіх гналі разам, пазабівалі на яе вачах.

Яшчэ адна жанчына, Яўхіма Баланцэвіч, таксама была салдаткай, жонкай палоннага. І яе пасадзілі пад сасну, у яе і пашпарт з сабой аказаўся. Яе пакінулі, а сваякоў забілі. А муж, калі даведаўся пра лёс сям'і і вёскі, змог уцячы з нямецкага палону, прымкнуў да партызанаў, потым уступіў у рады Савецкай Арміі і загінуў у баі з фашыстамі.

Агапа Сергіевіч абхітрыла карнікаў. Калі прыгналі на злашчасны агарод, сказала вартавому, што ў яе дома засталося двое малых дзяцей, і яна хоча іх забраць. Яе адпусцілі з патрулём. Але ў вёсцы яна змагла адарвацца ад свайго канвойнага і ўцячы, уратаваць і сябе, і хлопчыкаў. Аднак выйшлі з пекла адзінкі.

Двайняты пражылі менш за суткі

Таццяна Паўчалюк так і не выпусціла з рук двухгадовага Ванечку — упала, прыкрываючы яго сваім целам. Побач з ёю ўпалі, падкошаныя кулямі, сямнаццацігадовая дачка Марыя, чатырнаццацігадовы Васіль, дванаццацігадовая Настасся, васьмігадовая Фёкла. А ў іншай сям'і напярэдадні ноччу нарадзіліся двайняткі, раніцай жа былі забітыя разам з усімі.

Расстрэл пачаўся ў 9.00, а скончыўся ў 18.00. Было забіта 705 чалавек, з іх — 372 жанчыны і 130 дзяцей. Вёска была разрабаваная і спаленая. Пазней у справаздачы камандзір 10-й роты 15-га паліцэйскага палка обер-лейтэнант Мюлер пісаў, што ўсе жыхары вёскі былі захоплены і дастаўлены да месца збору без усякіх здарэнняў. Добра дапамагло тое, што мэта сходу была невядомая. Мюлер паведамляў: «Пры правядзенні аперацыі зрасходавана: вінтовачных патронаў — 786 штук, патронаў да аўтаматаў — 2496 штук».

Каля помніка ў вёсцы Боркі.

Яшчэ карнік прыводзіць колькасць нарабаванага: «45 коней, 250 кароў, 65 цялят, 450 свіней, 300 авец. Сабрана таксама 70 падвод, 200 плугоў і барон, 5 веялак, 25 саломарэзак і іншае. Усё канфіскаванае збожжа, інвентар, скаціна былі перададзены кіраўніку дзяржаўнага маёнтка Макраны. Страт у роце не было, — дадае Мюлер. — Адзін вахмістр з падазрэннем на жаўтуху адпраўлены ў шпіталь у Брэст». Справаздача сярод іншых дакументаў змешчана ў кнізе «Памяць. Маларыцкі раён».

Ва ўспамінах Марыі Ліхван было сведчанне і аб чалавечай праяве ў асяродку азвярэлых забойцаў. Адзін немец моцна плакаў: то выходзіў на вуліцу, то вяртаўся. Пра слёзы таго немца згадвала і Яўхіма Баланцэвіч: «Адзін немец зайшоў дахаты і літаральна заломваў рукі. Як паглядзіць на людзей, паківае галавой, адвернецца і хустачкай выціраецца. І гэта ўсе бачылі. У нейкі момант ён не вытрымаў, выйшаў у сені і ўпаў. І калі заўважылі гэтую слабіну, яго адразу павезлі на легкавой машыне ў Брэст. Нельга было, каб іншыя салдаты бачылі праяўленне шкадавання на твары нямецкага салдата». А ўсім было аб'яўлена і адзначана ў справаздачы, што салдат захварэў і быў тэрмінова шпіталізаваны.

Як высветліцца, няпраўду напісаў у справаздачы обер-лейтэнант Мюлер: падначалены не па падазрэнні на жаўтуху быў адпраўлены ў Брэст, а па падазрэнні на чалавецкасць. А гэта ў захопнікаў называлася слабасцю і прыраўноўвалася да немачы. У справаздачы яшчэ шмат звестак пра «Дзеянні ў вёсцы Боркі» — дакумент пазней стане адной з падстаў для абвінавачання на Нюрнбергскім працэсе.

У студзені 1943 года на Варонежскім фронце войскамі Чырвонай Арміі былі захопленыя дакументы 3-га батальёна 15-га паліцэйскага палка, у тым ліку «Журнал баявых дзеянняў» гэтага батальёна. Так дакументы трапілі на разгляд сусветна вядомага судовага разбору.

У дзень 80-годдзя трагедыі да помніка ў Борках прыйшлі вучні і настаўнікі Макранскай сярэдняй школы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь. Пра падзеі таго страшнага дня на мітынгу згадалі першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Марыя Горнік, дырэктар Макранскай школы Валянціна Літвін, настаўнік гісторыі Аляксандр Піпко. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць расстраляных жыхароў вёскі, усклалі да помніка кветкі.

Сучаснікі прыходзяць да ўсіх помнікаў тых страшных падзей. Прыходзяць сказаць сваё рашучае «не» войнам і забойствам, прыходзяць таксама, каб памаўчаць, падумаць, згадаць, прыходзяць, каб ліхое больш не паўтарылася.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.