Вы тут

Цэны — «як у аптэцы»


На Гомельшчыне парламентарыі працягваюць аналіз цэн харчовых, прамысловых тавараў першай неабходнасці і медыцынскіх прэпаратаў. Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Ірына Даўгала правяла маніторынг кошту, наяўнасці і асартыменту медтавараў у аб'ектах аптэчнай сеткі дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці Гомеля.


Для правядзення маніторынгу былі абраныя аптэкі ў Савецкім раёне абласнога цэнтра. У іх абслугоўваецца значная колькасць пажылых, людзей з інваліднасцю, шматдзетныя сем'і і іншыя ўразлівыя катэгорыі грамадзян. У непасрэднай блізкасці — дарослая і дзіцячая паліклінікі, таму са спісам ад урача многія накіроўваюцца менавіта сюды, кажуць правізары аптэк. Скаргаў на павышэнне цэн на лекі апошнім часам супрацоўнікам не паступала.

— Наадварот, людзі задаволеныя, бо многія лекі значна патаннелі, — падчас маніторынгу настрой наведвальнікаў перадалі парламентарыю супрацоўнікі дзяржаўнай аптэкі «Фармацыя» № 165 па вуліцы Быхаўскай.

Тут для пакупнікоў арганізавана электронная чарга, для зручнасці пажылых людзей, інвалідаў, пакупнікоў з дзецьмі ўладкаваныя месцы адпачынку. У аптэцы не толькі лекавыя сродкі, але і прылады медыцынскай тэхнікі — у асартыменце.

— Штомесяц прыходжу сюды. Купляю прапісаныя лекі за 10 % ад кошту, бо ў мяне група інваліднасці, — падзялілася пастаянная наведвальніца гэтай аптэкі Лідзія Кузьмінічна Крывашэева. — Цяпер вось аддала за ўсе лекі 12 рублёў, а так бы — 120. Таму я вельмі задаволеная. Толькі словы падзякі.

Маніторынг кошту тавараў аптэчнай сеткі разам з аналізам цэн на харчовыя і прамысловыя тавары першай неабходнасці — сталая, сістэмная работа, звярнула ўвагу Ірына Даўгала.

— Гэта звязана з тым, што неабходна не проста кантраляваць даступнасць і асартымент сацыяльна значных тавараў, але і аналізаваць сістэму цэнаўтварэння на іх, — растлумачыла яна.

Парламентарый дадала, што да яе скаргаў ад жыхароў Гомеля на неабгрунтаваны рост цэн на лекі не паступала. Але аналіз цэн у аптэках як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці застаецца актуальным і важным пытаннем.

— Сёння нельга не казаць аб тым, што рост цэн у цэлым адбіваецца на настроі людзей. Але калі выконваецца баланс росту кошту і адпаведнага росту, у першую чаргу, пенсіі, сацыяльных дапамог і гэтак далей, то і ў людзей ёсць разуменне і адэкватная ацэнка дзяржаўнай палітыкі. І гэта вельмі важна, таму што мы працуем для людзей і ў імя людзей, — падкрэсліла дэпутат. — Зразумела, жыццё не стаіць на месцы і эканамічныя працэсы дыктуюць свае законы, але рост кошту, вядома, павінен быць абгрунтаваным, паступовым, каб рост заработнай платы, пенсіённага забеспячэння, усіх сацыяльных выплат і дапамог суадносіўся з ростам цэн. Для гэтага і праводзім маніторынгі. Не трэба нажывацца на горы і праблемах людзей, гэта не прынясе ніводнаму суб'екту гаспадарання ні матэрыяльнага, ні маральнага задавальнення.

Увогуле, у аптэчнай сетцы Гомельшчыны рэалізоўваецца каля 8 тысяч найменняў тавараў, звярнула ўвагу генеральны дырэктар Гомельскага РУП «Фармацыя» Людміла Сапега, якая далучылася да парламентарыя падчас маніторынгу. Яна падкрэсліла, што цэны на медпрэпараты і ў дзяржаўных, і ў прыватных аптэчных сетках — строга пад кантролем заканадаўства. Разам з тым, сёння ў аптэках назіраюцца выпадкі, калі істотна адрозніваецца цана на ідэнтычныя пазіцыі прэпаратаў.

— Вядома, мы прааналізавалі сітуацыю, — зрабіла акцэнт Ірына Даўгала. — Гэта ў першую чаргу звязана з тэрмінамі закупкі прэпаратаў. Часцей за ўсё гэта датычыцца імпартных тавараў, якія былі закуплены на піку курсавых ваганняў. Напрыклад, у пачатку года закупка ішла па дастаткова высокім курсавым эквіваленце. Лекі паступілі ў рэалізацыю і іх рэшткі прадаюцца па ранейшай цане, а новае паступленне можа быць таннейшым. Такія моманты мы тлумачым.

Кіраўнік Гомельскага РУП «Фармацыя», у сваю чаргу, адзначыла, што сёння ў аптэках спыненыя пастаўкі пэўных лекавых сродкаў. Найперш гэта прэпараты, якія паступалі з Украіны.

— Але ў той жа час, цяпер дадзенае пытанне вырашаецца вытворцамі з таго боку і пастаўкі ідуць праз іншыя краіны. Акрамя таго, пэўныя прэпараты замяняюцца аналагічнымі найменнямі іншых вытворцаў, — запэўніла Людміла Сапега.

Праводзіцца сур'ёзная работа, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы, па замене прэпаратаў і іх складнікаў імпартнай вытворчасці, заўважыла Ірына Даўгала. І гэта таксама ўплывае на цэнаўтварэнне, паколькі мяняюцца і выдаткі на лагістыку. Дэпутат падкрэсліла, што па выніках маніторынгу кошту, наяўнасці і асартыменту медтавараў у абраных аптэках дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці заўваг няма. На кантролі застаецца забяспечанасць аптэк супрацьвіруснымі прэпаратамі, лекамі для лячэння хранічных захворванняў, а таксама сродкамі дэзынфекцыі.

Дарэчы, дэпутат ніжняй палаты парламента падзялілася, што падчас прыёмаў грамадзян ёй даводзіцца закранаць пытанне прафілактыкі захворванняў, вядзення здаровага спосабу жыцця.

— Сёння ў нас створана проста каласальная інфраструктура спартыўных і фізкультурных аб'ектаў. Прыходзьце самі, са сваімі сем'ямі, рухайцеся, займайцеся дыхальнай гімнастыкай, імкніцеся бачыць пазітыўнае, бо гэта ў тым ліку ўплывае на фізічны стан кожнага чалавека, — заклікала парламентарый.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.