Вы тут

Начная змена з рыбалоўнай брыгадай на Прыпяці: сапраўдная мужчынская праца, «правільная» юшка і палеская «Жалезная лэдзі»


У цеплавізары відаць луг, хмызнякі, магутныя дрэвы і цячэнне шырокага рэчышча. А калі глядзець «няўзброеным поглядам», ноччу на Прыпяці адчуванне, што трапіў у слоік з чарніламі. Вакол, наколькі хапае вока, толькі чарната. Толькі плёскат хваль, шум ветру і крыкі начных птушак.... І раптам удалечыні, з-за павароту ракі, міргае яркі агеньчык. Кажуць, па рацэ гук распаўсюджваецца далёка. Але шум матора ў чорнай цішыні начной Прыпяці далятае да берага як бы са спазненнем...


Гэта начная змена рыбалавецкай арцелі. Сапраўдная мужчынская праца, цяжкая і скрупулёзная. Цікава, што рыбалавецкую арцель аграгарадка Ляскавічы — адміністрацыйнага цэнтра Нацыянальнага запаведніка «Прыпяць» — узначальвае жанчына. Невысокая, з добрымі вачыма і ціхім голасам, з хусткай на галаве, Ганна Васільеўна кіруе васьмю дужымі мужчынамі.

— Цяпер на змене трое, я чацвёртая, — кажа Ганна Бамбіза. — Я брыгадзір, старэйшая ў арцелі.

Брыгадзір выпісвае накладныя, вядзе часопіс па танажы вылаўленай рыбы, сочыць, каб злоўленая рыба дакладна ўзважвалася і адпраўлялася на рэалізацыю. За ноч лодкі з сеткамі пройдуць па Прыпяці 3-4 разы. Адзін праход займае некалькі гадзін. А потым наступіць раніца. Рыба перастане карміцца і пойдзе на дно — спаць.

— Участак сабе мы рыхтуем загадзя. Спачатку вяроўкамі выцягваем усе карчы, а потым ужо праходзім па гэтых месцах з сеткамі, — тлумачыць яна тэхналогію.

Прамысловы лоў рыбы забяспечвае патрэбы ўстаноў грамадскага харчавання Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» і мясцовага насельніцтва: колькі трэба вылавіць рыбы, вызначаецца па запытах турыстычных комплексаў і заяўках гандлёвых арганізацый раёна. Жывая рыба ў Ляскавічах і Тураве прадаецца з машын, як і ў Мінску. Толькі гэта не банальны карп, звыклы для мінчан, а цэлая «палітра смаку» — сом, шчупак, язь, жэрах, судак, таўсталобік… У Нацыянальным парку можна злавіць практычна ўсё, што водзіцца ў рэках і азёрах Беларусі. Усяго на тэрыторыі «Прыпяцкага» жыве 37 відаў рыб з 40 (або 92,5 %), што сустракаюцца ў басейне Прыпяці.

— Пакупнікі разбіраюць жывую рыбу вельмі хутка, — гаворыць Ганна Васільеўна.

Прыпяцкае Палессе — край, дзе свежая, толькі з ракі, рыба спакон веку ўваходзіць у паўсядзённы рацыён. Любяць палешукі рыбу і ў нашы дні — гэтым шмат у чым тлумачыцца вялікая колькасць доўгажыхароў.

Судак, шчупак, «пухавец»...

Сетка даўжынёй амаль 100 метраў як грэбнем прачэсвае раку. Яна плыве па цячэнні за кошт паплаўкоў. «Як далёка яе цягнуць, глядзіш па рыбе», — растлумачылі мне.

— Рыба, якая трапіла ў сетку, нагадвае аб сабе, — кажа брыгадзір.

Калі сетка цяжэе, маторныя лодкі прычальваюць да берага. Рыбакі выгружаюць рыбу з сетак і ацэньваюць ўлоў. У святле яркіх ліхтарыкаў, прымацаваных абручамі да лбоў рыбакоў, луска адлівае расплаўленым серабром.

— Таўсталоб, яшчэ таўсталоб, судачок, язёк, яшчэ язёк, — праводзяць яны «лікбез» для нас, выблытваючы рыбу з сетак. — А гэта жэрах. Асцярожна, ён калючы, можа тузануцца і параніць. А вось шчупак і зноў судак.

— А гэтая рыба называецца пухавец... Ды карась гэта, карась! У нас ёсць возера Чырвонае, там вёска Пуховічы... У гэтым баку такую рыбу не ядуць, а яны любяць. Яшчэ гэтую рыбу называюць «камуніст» — за чырвоныя плаўнікі.

Прамысловы лоў ад надвор'я не залежыць, кажуць рыбакі, — залежыць ад заявак гандлёвых арганізацый. Хоць на Прыпяці бываюць такія буры, калі ніхто не рызыкуе спускаць лодкі на ваду. Як тут не згадаць цытату з «Дрыгвы»: «...калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, рака няветліва спахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. І дзед Талаш не адважваецца тады ад'язджаць на сваім чоўне на сярэдзіну Прыпяці».

Але цяпер Прыпяць якраз «павольная і флегматычная». Рыбакі кажуць, летам рыбны лоў, можна сказаць, у задавальненне, «цяжкая праца» — гэта зімой, у канцы восені і ранняй вясной, калі вада ледзяная, а рака ў поўнай меры паказвае свой нораў. На дне кожнай лодкі — велізарная глыба лёду, каб улоў захоўваўся свежым. Тэхналогія здаецца старадаўняй, як сама Прыпяць, нягледзячы нават на маторы на лодках. І гэта сугучна навакольнай «некранутай прыродзе» — усёй гэтай чарнаце і цішыні. У Музеі прыроды Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» наведвальнікам паказваюць аўтэнтычныя лодкі палешукоў — «душагубкі» (тыя самыя, пра якія пісаў Колас у «Дрыгве») і «абшыванкі» — больш устойлівыя і бяспечныя. На такіх чаўнах рыбу тут лавілі ў даўніну. Зрэшты, не ў такую ўжо і даўніну — Ганна Васільеўна кажа, што і сёння лёгка ўправіцца з «душагубкай».

— У такой лодцы рыбачыў мой бацька. Калі браў мяне, маленькую, з сабой, я часцяком засынала ў ёй. І сама рыбачыла на чоўне ў маладосці. Так што ўмею, вядома, на такой лодцы плаваць.

Уласна, усе ў арцелі — патомныя рыбакі.

— Усё жыццё займаюся рыбным промыслам, як і мае продкі, дарэчы, — распавядае суразмоўца, той самы, які тлумачыў, дзе якая рыба. — Даўней казалі: хто сеяў, хадзіў у хромавых ботах, хто лавіў рыбу — той у лапцях.

Зрэшты, аб сучасных заробках рыбакоў з намі гаварыць мужчыны адмовіліся. Прыйшлося спытаць у брыгадзіра, якія сёння расцэнкі на рыбалавецкую працу.

— Мы атрымліваем працэнт з улову, — тлумачыць Ганна Васільеўна. — Ёсць продажная цана, а ёсць пачатковая. Карась, напрыклад, каштуе 2 рублі шэсць капеек на вылаве, а продажная цана — тры рублі за кілаграм. Атрымліваецца, 94 капейкі рыбакам. З судака, шчупака цана большая. Судак каштуе 6 рублёў у продажы ў Ляскавічах, а з улову — 3.73. Лічыце розніцу.

Потым брыгада дзеліць паміж сабой атрыманы даход — яго падлічвае бухгалтэрыя.

Дарэчы, ад велічыні рыбы заробак рыбакоў не залежыць — толькі ад агульнай вагі. Але яны імкнуцца лавіць буйную рыбу. Па-першае, гэта, скажам так, экалагічна (або, як растлумачылі мне, «па сумленні»), а па-другое, каб рыбка мела «таварны выгляд».

Буйная рыба

Цеплавізар выдаў нам галоўны паляўніцтвазнаўца Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Андрэй Ляцко: каб гараджанкі, якія не ўмеюць хадзіць па лесе, у цемры не зваліліся ў яр або ў Прыпяць з высокага берага.

— Я нешматслоўны, — папярэдзіў ён пры знаёмстве. — Пытайцеся, адкажу. А сам не ведаю, што расказваць.

Тут, на Прыпяцкім Палессі, людзі наогул не сказаць, каб любілі балбатаць, як у горадзе, запаўняць словамі кожную паўзу. Палешукам маўчаць не ў цяжар. Андрэй прывёз нас сюды, на бераг Прыпяці, у паўнапрывадным «Собалі» па звілістай і выбоістай лясной дарозе. Зрэшты, дзе там дарога, мы так і не зразумелі, — здавалася, 20 кіламетраў мы едзем проста праз чорнае-чорнае поле і не менш чорны лес.

...Сетка, якую выкарыстоўваюць рыбакі, — «шасцідзясятка».

— Сетка буйная, дробная рыба не трапляецца. Навошта дробязь лавіць, няхай гадуецца! Мы ловім вялікімі снасцямі буйную рыбу, — тлумачыць Ганна Васільеўна.

Па законе, распавядае яна, рыбакі павінны выпускаць рыбу звыш 17 кілаграмаў — такая рыба лічыцца «матачным пагалоўем». Сома дазваляецца забіраць даўжынёй звыш 70 см, а вагой — не больш за 17 кілаграмаў. Ёсць нормы па карасю і па шчупаку.

— Па шчупаку: даўжыня рыбы павінна быць мінімум 40 сантыметраў. Калі менш — рыба не дасягнула нормы вылаву. А вось максімальная вага па шчупаку не ўстаноўленая.

Дарэчы, сеткай лавіць рыбу на Прыпяці, у парку, дазволена прамысловікам. Мясцовыя жыхары ў прыватным парадку могуць лавіць на спінінг, госці парку — у залежнасці ад набытай «пуцёўкі».

— Каштуюць пуцёўкі ад пяці рублёў да трох тысяч — у залежнасці ад участка і спосабу лоўлі, — распавядае Андрэй Ігаравіч. — Гэта для адпачывальнікаў. Для мясцовых прадугледжаны льготы.

Але тры тысячы — выключны выпадак. Звычайна ўсё, што душа рыбака пажадае, можна атрымаць па пуцёўцы 50 рублёў. Ну, а калі без пуцёўкі — тады прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.

— Бывае, ловім тых, хто без пуцёвак, — кажа галоўны паляўніцтвазнаўца. — Што рухае людзьмі? Часам сквапнасць, часам разгільдзяйства: «А раптам пранясе і не правераць?!» Але такога быць не можа: кожны дзень у нас арганізоўваюцца рэйдавыя мерапрыемствы. І калі прынцыпова, калі парушальнік паводзіць сябе нахабна, за кожную рыбку можам палічыць.

Але звычайна егеры не затлумляцца, кажа суразмоўца. Проста прымушаюць адпускаць усю злоўленую рыбу і выпісваюць стандартны штраф.

У прамысловых рыбакоў, як ва ўсіх, чый заробак у нечым залежыць ад фартуны, ёсць свае прыкметы і забабоны. Напрыклад, жадаць добрага ўлову — гэта дрэнная прыкмета і наогул «маветон». Але нам даруюць, бо мы зрабілі памылку па няведанні.

Сакрэтны інгрэдыент

А яшчэ нас вырашаюць пачаставаць сапраўднай палескай юшкай. Ганна Васільеўна спрытна скрабе рыбу паляўнічым нажом. Кажа, усе гэтыя сучасныя прыстасаванні — для моладзі: «Там больш валтузні, чым толку». Пытаюся пра рэцэпт юшкі.

— Васільеўна, пару інгрэдыентаў не выдавайце, — жартам раяць рыбакі. — Няхай будзе «камерцыйная тайна».

Велізарны казан ужо вісіць над вогнішчам, і вада ў ім закіпае. Уласна, рэцэпт просты, хоць (забягаючы наперад) вынік уражвае багаццем смаку. Цыбулю рэжам буйна (цыбуліну — проста на чатыры часткі), дадаём у казан кроп (рэзаць не трэба). Галоўны «сакрэтны інгрэдыент» — свежая рыба: не менш пяці відаў. У нас — судак, таўсталобік, язь, шчупак, карась і жэрах.

У кожнай рыбы розны смак, а разам атрымліваецца проста «сімфонія». Яшчэ ў казан дадаюць соль, часнок, лаўровы ліст і перац. Перцу ў аўтэнтычнай юшцы павінна быць, «каб аж пекла». Але для нас Ганна Васільеўна гатуе «лайтовы» варыянт.

А вось бульба-морква або крупы ў юшку не дадаюцца.

— Гэта будзе ўжо рыбны суп — юшка «па-гарадскому», — кажа суразмоўніца.

Сутнасць правільнай юшкі — у тэмпературы варэння, тлумачыць яна. У ідэале страва павінна быць празрыстай, гэта дасягаецца за кошт доўгага кіпення на павольным агні. Памяншаюць тэмпературу, злёгку раскідаўшы вогнішча. Але паколькі мы просім зварыць хутчэй, казан вясёла пабульквае на вялікім агні. Паступова яго змесціва набывае густую кансістэнцыю і прыгожы сметанковы колер. Мы, вядома, не можам лічыцца знаўцамі, але нават у «хуткай» палескай юшкі смак — проста пальчыкі абліжаш!

Ганна Васільеўна частуе нас хатнім салам з хатнімі ж памідорчыкамі і расказвае аб сваёй гаспадарцы: акрамя парсючкоў, курэй і качак, у яе ёсць нават... паўлін. Гэты — для прыгажосці: птушку ёй падарылі. Размова заходзіць пра рыбалку, і Андрэй расказвае, што на выхадныя ездзіў з сынамі на рыбалку і злавіў 70-кілаграмовага сома даўжынёй больш за два метры. У пацвярджэнне паказвае фатаграфію «ўлову» побач са сваім пяцігадовым сынам (зразумела, пасля «фотасесіі» сома адпусцілі на волю). Кажа, для купальшчыкаў нават такія вялізныя рыбіны не ўяўляюць небяспекі. А вось вадаплавальнай птушкай прыпяцкія «акулы» паласавацца не супраць. ...Юшку мы ўсё ж такі не даелі, як ні стараліся: на дне казана засталося яшчэ некалькі чарпакоў. Ганна Васільеўна клапатліва пакідае вараную рыбу з краю паляны: кажа, «яноцікі з'ядуць». Раніцай з рэйдам егераў мы вяртаемся на гэтае месца. Сапраўды, нічога не засталося — толькі акуратна аб'едзеныя рыбныя костачкі...

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.