Вы тут

Апавяданне Навума Гальпяровіча «Дзве мамы»


Перш чым звярнуцца да прозы, Навум Гальпяровіч заявіў пра сябе як пра яркага, арыгінальнага паэта і выдаў не адзін вершаваны зборнік. Зварот да сумежнага жанру — з'ява ў літаратуры досыць распаўсюджаная, і асцярожныя крытыкі такую з'яву вельмі часта называюць «проза паэта». Але што датычыцца творчасці Навума Гальпяровіча, то ў ёй, мне здаецца, гэтыя два жанры досыць раўназначныя і самадастатковыя. У сваіх аповесцях і апавяданнях аўтар не злоўжывае больш характэрнымі для паэзіі прыёмамі — метафарамі, сімваламі, а, як правіла, стаўку робіць на сюжэт. Проза яго празрыстая, як крынічная вада, але яна — для ўдумлівага чытача, які за гэтай празрыстасцю бачыць глыбіню.

Алесь Бадак


Дзве мамы

Гэтага сівога паўнаватага доктара ведалі не толькі ў родным горадзе. Пра яго залатыя рукі хірурга-траўматолага хадзілі легенды. Ён ставіў на ногі, здавалася б, безнадзейных інвалідаў.

Усмешлівы, аматар сяброўскіх кампаній, ён уражваў мяне сваім аптымізмам, прагай да жыцця.

«Во шчасліўчык, — думаў я, — бываюць жа такія бесклапотныя людзі!»

Але раптам Восіпавіч неяк знік з поля зроку. У невялікім горадзе, дзе каго-каго, а дактароў ведаюць практычна ўсе, не заўважыць гэта было немагчыма.

Асабліва ўстрывожыліся тыя, хто запісваўся ў чаргу на планавыя аперацыі.

«Нешта Бярозкін не прымае, здарылася, можа, што?»

І сапраўды здарылася. Напаткала Восіпавіча жахлівая хвароба, і праз паўгода труна з яго целам стаяла ў фае гарадскога Дома культуры.

Людзей на пахаванні было шмат. Я звярнуў увагу, што акрамя гараджан было нямала прыезджых, па выглядзе вяскоўцаў. І каля труны разам з роднымі сядзела пажылая незнаёмая жанчына ў жалобнай хустцы.

— З Глыбокага, — сказала побач са мной жанчына, — бачыце, ад другой маткі прыехалі.

«Як гэта, ад другой маткі, — падумаў я, — маці ж заўсёды адна».

Яшчэ больш здзівіла, што адпяванне вёў ксёндз.

Здаецца ж, Восіпавіч каталіком не быў, ва ўсякім разе, ніхто за ім такога не заўважаў.

Прамоўцы гаварылі цёплыя словы, адзначалі, што Восіпавіча любілі, цанілі яго прафесійнае майстэрства і спагадлівасць, яго грамадскія справы.

А я ўважліва глядзеў на ўдаву, сыноў і на вясковую пажылую жанчыну, якая прыехала, як казалі, «ад другой маткі»...

І за жалобным сталом яна сядзела сярод радні. Калі ёй далі слова, яна змагла толькі вымавіць «Пухам зямля нашаму Янэку!»

«Якому Янэку?» — зноў здзівіўся я, бо Восіпавіча ж звалі, здаецца, Ісак...

Калі ўсе разыходзіліся, я падышоў да знаёмай журналісткі і запытаў:

— Не ведаеш, што за жанчына з Глыбокага была, і чаму яна назвала Восіпавіча Янэкам?

— Ну, гэта цэлая гісторыя! Восіпавіча ж немаўлём з гета ў вайну забрала іншая жанчына. Я падрабязнасцяў не ведаю, але казалі, што рос ён у беларускай сялянскай сям'і.

Гісторыя мяне зацікавіла, і я скарыстаўся магчымасцю сустрэцца з сынам Восіпавіча, таксама доктарам, і запытацца пра бацьку.

— А вы прыходзьце да нас увечары, пагаворым, — сказаў ён. — Расказаць ёсць пра што.

Ва ўтульнай кватэры Бярозкіна-малодшага быў накрыты стол. Мяне чакалі яго жонка, вядомы ў горадзе тэрапеўт, і дзве дачкі, малодшая з якіх сваім выглядам нагадвала малое дзяўчо са знаёмай казкі сваімі светлымі валасамі, заплеценымі ў косы, і яскравай блакітнасцю вачэй.

— Дык вось, з чаго пачаць? Напэўна, з бабы Мані, — сказаў пасля першай чаркі Якаў. — Гэта пра другое нараджэнне таты.

Так мне адкрылася гісторыя Бярозкіна пра яго другое нараджэнне і праўда пра дзвюх яго маці.

У адным з мястэчак, што на Глыбоччыне, да вайны ледзь не палову насельніцтва складалі яўрэі. У тым ліку і вялікая сям'я аптэкара Бярозкіна.

Калі прыйшлі немцы, усіх яўрэяў сталі зганяць у гета. А ў жонкі аднаго з сыноў аптэкара, які быў на фронце, толькі што нарадзілася дзіця. Хлопчыку не было і двух месяцаў.

Ноччу ў хату мясцовага каваля Васіля Чубрыка пастукалася суседка. У яе ў руках быў спавіты хлопчык.

— Ратуйце, суседзі! Вось фамільны пярсцёнак залаты, вось завушніцы! Захавайце толькі ў сябе дзіця, прашу, бо мы ж усе загінем.

Васіль збялеў. Гэта ж немцы калі дазнаюцца, уся сям'я прападзе.

— Не магу, даражэнькая, у саміх дзеці малыя, уцякай у лес, пакуль ноч, а мы нікому не скажам.

— А я вазьму, — раптам выскачыла з чыстай хаты васямнаццацігадовая Марыя, — паеду ў Глыбокае да цёткі, скажу, нагуляла. Шкада ж малога!

— Ты што, такую ганьбу на сябе ўзяць! — залямантавала жонка Васіля Рая. — Што людзі скажуць?

Няпрошаная госця ўся дрыжала, з вачэй ліліся слёзы.

— Досыць, — закамандаваў Васіль, — а ты, Манька, раз так, збірайся хуценька, пакуль раніца не заспела. Да бальшака дойдзеш пешкі, а там нехта падбярэ. А рэчы я заўтра да Гэлі падвязу.

Так маленькі Ізя стаў для ўсіх нагуляным Марыяй Чубрык сынам.

Хлопчыка хрысцілі ў Глыбоцкім касцёле. Ксёндз паспачуваў маладой жанчыне. Сына назвалі Янэкам.

А суседзі скоса паглядалі на Гэліну пляменніцу, — нагуляла недзе сыночка, сорам які, а яшчэ каталічка!

І толькі Богу было вядома, як няпроста было васямнаццацігадовай дзяўчыне гадаваць чужое дзіця, да якога яна з часам прывязалася, як да свайго.

Толькі галілі малога заўсёды «пад качан», каб не відаць было кучаравых чарнявых валасоў.

Янэк рос ціхім, спакойным хлопчыкам, часта смяяўся, добра еў, хоць відавочна не хапала матчынага малака.

Бацька Марыі з жонкай ад граху падалей з'ехалі ў Шаркаўшчыну, баючыся, раптам суседзі прагаворацца, што Марыя ніякага сына не нараджала.

Скончылася вайна. А сапраўдная маці Янэка засталася жывой, ёй удалося тады ўцячы з гета, перайсці лінію фронту і трапіць медсястрой у вайсковы шпіталь, прайсці з ім усю вайну.

Яна з мужам, які таксама вярнуўся з фронту, апынулася пасля Перамогі ў Полацку. Кожны тыдзень яна адпраўлялася на Глыбоччыну шукаць сына.

І вось нарэшце ў Глыбоцкім касцёле ёй расказалі пра Марыю і Янэка.

Хлопчык, якому было ўжо пяць гадоў, ніяк не мог зразумець, чаму мама яго хоча аддаць чужой цётцы. Ён плакаў і чапляўся за Марыіну спадніцу.

Плакалі і жанчыны...

— Я і цяпер плачу, — заўважыла жонка Бярозкіна Святлана, — хоць і не раз чула гэты расповед.

— Так у бацькі стала дзве маці, а ў нас дабавілася глыбоцкая радня, — сказаў гаспадар кватэры. — Кожнае свята мы з самага дзяцінства ездзілі ў Глыбокае да бабы Мані, прывозілі падарункі. Бацька да сваіх апошніх дзён зваў яе мамай.

— І цяпер, — дадала Святлана, — мы па-ранейшаму сябруем, трымаемся разам.

— А хто была тая жанчына на пахаванні?

— Гэта дачка Марыі. Марыя ўсё ж выйшла замуж, нарадзіла дачку, але свайго Янэка любіла як роднага сына, ганарылася яго поспехамі. Нядаўна яе не стала.

— Не стала і бацькавай роднай маці, — дадаў Якаў, — але і для бацькі, і для нас памяць пра іх была аднолькавай, помнікі мы ставілі на абедзве магілы.

— І вянкі былі з надпісам «ад сына і яго сям'і», — сказала Святлана.

— Абедзвюм, — скончыў Якаў.

Вярнуўшыся дадому, я доўга не мог заснуць. У маіх вачах стаялі Янэк-Ізя і яго дзве маці, якім ён быў абавязаны сваім жыццём.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.