Вы тут

Жывая памяць вёскі Дунаі


Сёння ў вёсцы Дунаі, што на Лагойшчыне, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла памяці жыхароў вёскі, спаленых фашыстамі ў маі 1943 года.


Мемарыял створаны па ініцыятыве намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, аўтарам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа» Ліліі Ананіч. Дэпутат адшукала спонсарскія сродкі на стварэнне мемарыяла і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Работы былі праведзены пад патранатам Лагойскага раённага выканаўчага камітэта.

Для Ліліі Ананіч гэта яшчэ і асабістая, сямейная гісторыя. «Дунаі — родная вёска майго бацькі, — расказала „Звяздзе“ Лілія Станіславаўна. —- У той страшны дзень 5 мая 1943 года разам з аднавяскоўцамі (38 чалавек спалены жыўцом, у тым ліку 8 старых і 9 дзяцей) пакутніцкую смерць прынялі і мае родныя — бабуля Домна Яцэвіч і прабабуля Вера Зінкевіч. Злачынства нелюдзяў было дакументальна зафіксавана адпаведным актам праз некалькі дзён — 22 мая камісіяй з ліку партызан, якія прыбылі на папялішча, і ацалелых мясцовых жыхароў. Ужо тады, нават у акупацыі, беларусы фіксавалі злачынствы супраць свайго народа...» Гэты ўнікальны гістарычны дакумент дэпутат адшукала ў тры гады назад у Нацыянальным архіве Беларусі. Сярод прозвішчаў тых, хто яго падпісваў у маі 43-га, яна знайшла і подпіс свайго бацькі, партызана Станіслава Іосіфавіча Яцэвіча. Чалавек падпісваў сведчанне забойства сваіх маці і бабулі.

Яшчэ адзін страшны штрых да таго, што мы нарэшце праўдзіва сталі называць генацыдам беларусаў...

Гэты дакумент — Акт спаленай вёскі Дунаі ад 22 мая 1943 года — будзе ўвекавечаны і ў новым мемарыяле на месцы спачыну ахвяр фашыстаў — на камені-валуне, узведзеным на мармуровым пастаменце, захаваная яго копія з пайменным спісам усіх 38 жыўцом спаленых людзей і шасці чалавек, сагнаных на прымусовыя працы ў Германію

Хоць Дунаі і значыцца ў спісе адроджаных вёсак, цяпер гэта толькі невялікі дачны пасёлак. «Знака памяці аб усіх спаленых жыхарах вёскі тут не было, — расказвае Лілія Ананіч. — У шасцідзясятыя гады на месцы роднага папялішча надмагільны помнік устанавіў мой бацька і побач яшчэ адна сям’я. Даглядалі магілы сваякі...»

Цяпер мемарыял згадае ўсіх, хто загінуў у Дунаях, пайменна. А колькі такіх жалобных спісаў яшчэ застаюцца на нашай зямлі невядомымі...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.