Вы тут

Рамантаваць або зносіць? Як вырашаць праблемы капрамонту жылля


Адказ на гэтае і іншыя пытанні шукалі падчас выязной калегіі ў Стоўбцах спецыялісты Міністэрства ЖКГ разам з камунальнікамі Міншчыны. Апошнія расказалі пра асаблівасці жыллёвага фонду вобласці і праблемныя пытанні капрамонту, а таксама падзяліліся сваімі дасягненнямі і прапановамі ў сферы паляпшэння жыллёвых умоў беларусаў.

Мэта капрамонту — не дапусціць старэння ці недарамонту, і бадай адзіная яго праблема — недахоп фінансавых сродкаў, лічаць камунальнікі. Тым не менш задача штогод рамантаваць 3 % будынкаў ад усяго жылфонду, які эксплуатуецца ў краіне, застаецца, і яе трэба дасягаць, і субсідзіраванне работ на гэта працягнецца. Аднак жыхары павінны ўсвядоміць, што за станам свайго дома трэба своечасова сачыць самастойна і выкарыстоўваць для гэтага існуючыя ў краіне законы.


Парушэнні ў тэрмінах і планаванні

Беларусы вельмі востра адчуваюць праблему капрамонту і гэтак жа на яе рэагуюць — 45 % зваротаў грамдзян датычыцца менавіта ўтрымання і капітальнага рамонту жылфонду. Мы павінны разабрацца, што перашкаджае выйсці на ўстаноўленыя паказчыкі, як паскорыць і спрасціць работу па капрамонце, не забываючы пра яе якасць, лічыць міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ.

Згодна з дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021—2025 г. і іншымі дакументамі, сёлета ў краіне трэба капітальна адрамантаваць 3 млн 620 тысяч м2 жылля, на што з бюджэту прадугледжана 386,99 млн рублёў. А з улікам адлічэнняў, якія паступілі на капрамонт ад насельніцтва, агульны аб'ём грошай — 714,6 млн рублёў. Пры гэтым на 1 мая аб'ём сродкаў на капрамонт быў павялічаны па ўсіх абласцях і сталіцы, а ў Мінскай вобласці зменшаны на 3,253 млн рублёў, расказаў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ:

— У бягучыя графікі капрамонту ўключана 1295 аб'ектаў агульнай плошчай 3 млн 995 тысяч м2, што з запасам забяспечвае выкананне гадавога паказчыка. Вызначаны паквартальныя паказчыкі выканання капрамонту, і ўжо ўведзена ў экплуатацыю больш як 260 тысяч м2. Разам з тым, згодна з інфармацыяй, прадстаўленай абласнымі ўпраўленнямі ЖКГ, і аб'ёмамі фінансавання, рэалізаваць капрамонт сёлета можна будзе толькі на 85 % (3 млн 100 тысяч м2). Аб'ём гадавога задання па капрамонце пакуль выкананы крыху больш як на 7 %.

Абазначыў намеснік міністра і праблему перавышэння тэрмінаў. На пачатак 2022-га ў Беларусі было 214 аб'ектаў з перавышанымі нарматыўнымі тэмпамі будаўніцтва. Цяпер такіх аб'ектаў 141, з іх 97 — у сталіцы. Вясной колькасць аб'ектаў са звышнарматыўным перавышэннем тэрміну зменшылася на дзесяць, аднак за гэты год такіх аб'ектаў ужо пабольшала з 18 да 35.

У першым квартале 2022-га Дзяржбуднаглядам было праверана больш за тысячу аб'ектаў капрамонту, дзе выяўлена 11 669 дэфектаў і парушэнняў на 496 аб'ектах. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 237 фізічных і юрыдычных асоб, з якіх спагнана 20,5 тысячы рублёў штрафу, вынесена 87 папераджэнняў.

— Найбольш характэрныя парушэнні падчас капрамонту: арганізацыя будаўнічай вытворчасці, аўтарскі тэхнічны нагляд у будаўніцтве. Гэта сведчыць пра неналежную арганізацыю капрамонту не толькі пры яго планаванні, але і на стадыі будаўніча-мантажных работ, — адзначыў Андрэй Рамашка.

Прычына многіх праблем капрамонту вынікае з таго, што пры яго правядзенні неналежным чынам арганізавана работа на самым пачатку, лічыць міністр:

— Грамадзяне ў зваротах кажуць, што не ведаюць, што адбываецца. Іх просяць даць допуск у кватэры немаведама дзеля чаго. Сходы не праводзіліся, аб'ёмы капрамонту не даведзены, дагаворы з імі не заключаны. Такая сітуацыя існуе ў Мінскім раёне.

Што датычыцца недахопу сродкаў на капрамонт і росту кошту матэрыялаў, то трэба глядзець, на колькі і што падаражэла, а што стала танней, і прыводзіць дакладныя і абгрунтаваныя прычыны, чаму не вытрымліваюцца тэрміны, дадаў Андрэй Хмель.

Эканамічна немэтазгодны капрамонт

Камунальнікі Мінскай вобласці прапануюць знесці 14 малапавярховых дамоў 1953 года пабудовы ў г. п. Мачулішчы і пабудаваць на іх месцы восем жылых дамоў сярэдняй паверхавасці. Такім чынам, замест 216 кватэр, якія мяркуецца зруйнаваць, будзе збудавана 440 кватэр, частку якіх зоймуць былыя гаспадары знесенага жылля. А частку — грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку шматдзетныя. Разам з гэтым абновіцца жылфонд, зменшацца эксплуатацыйныя расходы, зменіцца аблічча населеных пунктаў, упэўнены яны.

На абслугоўванні ЖКГ Мінскай вобласці 8713 дамоў плошчай 14 млн 200 тысяч м2, капітальна адрамантавана 1128 з іх (18 % ад агульнай колькасці). Архітэктурная асаблівасць вобласці ў тым, што вышэй за пяць паверхаў тут толькі 8,1 % жылфонду, а 53 % (4650 будынкаў) — адна- і двухпавярховікі, 34 % з якіх эксплуатуюцца больш за 60 гадоў. Вядома, што яны маюць высокую фізічную і маральную зношанасць і пры складанні праектна-каштарыснай дакументацыі маюць высокі кошт капрамонту. І гэта тое, што найперш хвалюе камунальнікаў Міншчыны, расказала Святлана ВАЛЬКО, намеснік гендырэктара ЖКГ Мінскай вобласці:

— У нас шмат двухпавярховых жылых дамоў. Напрыклад, васьмікватэрны двухпавярховы дом у г.п. Мачулішчы 1951 года пабудовы агульнай плошчай 583 м2. Каштарысны кошт на капрамонт будынка, якім прадугледжана практычна ўсё, што можна зрабіць падчас капрамонту, — 290 тысяч, а кошт метра квадратнага — 566 рублёў. І падобных дамоў шмат, і многія з іх не маюць цэнтральнай каналізацыі ці гарачага водазабеспячэння. Таму замест капрамонту мы хацелі б прапанаваць рэнавацыю такога жылля. Мы разлічылі прыкладны кошт затрат з улікам зносу будынкаў, кампенсацыйных выплат і будаўніцтва новага жылля прыкладна той жа квадратуры.

Згодна з новымі будаўнічымі правіламі, Інстытут «Белжылпраект» адносна такіх дамоў сцвярджае, што «выкананне капітальнага рамонту будынкаў эканамічна немэтазгодна і практычна не забяспечыць асноўных эксплуатацыйных паказчыкаў, якія адпавядаюць сучаснаму ўзроўню». Капрамонт аднаго м2 у такім двухпавярховіку — 839 рублёў, што перавышае гранічную норму ў 5,4 раза, а кошт мадэрнізацыі ў гэтым жа доме — 270 рублёў (перавышэнне ў 1,3 раза). Атрымліваецца, што кошт квадратнага метра капрамонту пры дзеючым заканадаўстве — прыкладна 1100 рублёў, а збудаваць новы жылы дом можна па 1600 рублёў за «квадрат», запэўніла спецыяліст.

Узамен старога прыватнага жылля — арэнднае

Але праблема ў тым, на падставе чаго можна зруйнаваць такія дамы, калі яны не ўваходзяць у катэгорыю трухлявых. Каб займацца рэнавацыяй, трэба ў дзесяць разоў больш грошай выдаткаваць з бюджэту, а дзе іх узяць? Міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ заўважыў:

— Калі жыллё прызнаецца аварыйным, жыхарам замест яго выплачваецца кампенсацыя і прапануецца арэнднае жыллё, а не ва ўласнасць. А ваша ідэя ў тым, каб замест вось гэтага старога жылля, якому ўжо мала засталося да аварыйнага, але яно падлягае капрамонту, людзі атрымлівалі ва ўласнасць нанова збудаваныя кватэры. Такім прыкладам можна стварыць прэцэдэнт у краіне, і людзі будуць патрабаваць знос замест капрамонту. Перш чым будзе прынятае рашэнне па гэтых дамах, яго трэба ўзважыць.

Рашэнне фінансавай праблемы камунальнікі Міншчыны бачаць у прыходзе інвестара і просяць падтрымаць гэтую ідэю.

— У сталіцы ўжо даўно прынята рашэнне, што двухпавярховікі капітальна не рэканструююць. Пытанне ў тым, што сёння ўласнік тэрыторыі павінен прыняць рашэнне. Заканадаўствам прапісана: калі відаць, што перспектывы ніякай няма, не будзе ніякіх інвестыцый, а дом трэба рамантаваць, то прымаецца рашэнне аблвыканкама і выконваецца рамонт. Калі ж хаця б мінімальная перспектыва ёсць, што ў Мачулішчы прыйдуць людзі, што там ёсць вытворчасць, то рашэнне можа быць іншае, а тэрыторыя — разглядацца як інвестучастак, — удакладніў першы намеснік міністра Генадзь ТРУБІЛА.

Прапануюць камунальнікі таксама праводзіць уцяпленне дамоў за сродкі грамадзян, што дазволіць сэканоміць бюджэт. А некаторыя спецыялісты ўвогуле лічаць, што ўласнікі павінны за ўсе работы, у тым ліку і за капрамонт, плаціць са сваёй кішэні.

З тым, што капрамонт павінен аплачвацца насельніцтвам напоўніцу, а не як сёння, на 40 %, згодзен і міністр, аднак ісці да гэтага трэба паэтапна, крокава, упэўнены ён. Большасць людзей сёння не пацягнуць капрамонт сваімі сіламі, тым больш што ў беларусаў дагэтуль не сфарміравана паняцце і разуменне інстытута ўласнасці.

— Трэба, каб чалавек усведамляў, што шматкватэрны жылы дом сёння — гэта не ўласнасць дзяржавы, а сумеснае домаўладанне. Калі мы прыватызуем кватэру, мы прыватызуем таксама і частку агульнай маёмасці. Дзяржава цяпер выконвае большую частку затрат па капітальным рамонце — 60 %, і цалкам аплачваецца з бюджэту бягучы рамонт жылфонду. Казаць, што праз год ці два мы адыдзем ад гэтай практыкі, нельга, і мяняцца такая палітыка не будзе. Аднак заклікаць людзей карыстацца існуючымі механізмамі варта, — адзначыў кіраўнік ЖКГ. — Сёння дакладна размежавана, за што плаціць дзяржава, за што — чалавек. Можна, напрыклад, уцяпліць сваё жыллё ў растэрміноўку і атрымаць для сябе добры вынік, уклаўшы сродкі. Жыхары павінны памятаць і пра тое, што ў сваіх пад'ездах яны гаспадары, і сачыць за іх станам яны павінны за свой кошт — тады і стаўленне да пад'езда іншае, яны пачынаюць яго цаніць і берагчы. Таму сённяшняя задача — сфарміраваць у людзей паняцце ўласнасці і адпаведнае стаўленне да яе, а далей паглядзім.

Задача калегіі — не крытыкаваць работу на месцах, а выпрацоўваць рашэнні, якія паспрыяюць паляпшэнню сітуацыі, рэзюмаваў міністр.

Калі жыхары бачаць, што нешта няякасна робіцца падчас рамонту ці пасля яго, то са скаргай трэба звяртацца ў службу 115 у межах гарантыйных тэрмінаў. Пытанне перададуць упаўнаважанай асобе, якая арганізоўвала рамонт, і ўжо яна прымусіць падрадчыка выправіць сітуацыю. І гэта працуе. Людзі павінны ведаць упаўнаважаную асобу ў твар, каб яна мела з імі настолькі шчыльныя стасункі, каб праблемныя пытанні можна было вырашаць адразу, без зваротаў у 115. Што датычыцца чаканняў капрамонту, то трэба яго чакаць. Рана ці позна ён прыйдзе ў кожны дом у краіне, запэўніў міністр.

У Мінскай вобласці сёлета трэба капітальна адрамантаваць 406,7 тысячы м2 жылля, на што спатрэбіцца 123 мільёны беларускіх рублёў. Аднак выдзелена толькі 73 млн, у тым ліку 33 млн з бюджэту і 40 млн — сродкі ад насельніцтва. Паколькі 50 млн не хапае, у сталічнай вобласці дакладна адрамантуюць толькі 271 тысячу м2, або 66,9 % ад плана. За гэты год каля 17 тысяч м2 ужо ўведзена ў эксплуатацыю, у рабоце больш як 200 тысяч м2. Тым не менш камунальнікі спадзяюцца, што да канца года сродкі ўдасца знайсці. А сярод прапаноў па вырашэнні праблемы — замяніць асоб (у райвыканкаме), адказных за неналежную арганізацыю выканання капрамонту і несвоечасовае асваенне сродкаў. Вырашэнне апошняй праблемы камунальнікі бачаць у пераглядзе сум фінансавання па кварталах, каб своечасова аплачваць, у тым ліку авансава, бягучыя работы, і налета гэтае пытане мяркуюць прапрацаваць.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.