Вы тут

Самы старажытны горад Беларусі рыхтуецца да юбілею


Сёлета Полацк адзначыць 1160 гадоў. Юбілейныя мерапрыемствы пройдуць 27—29 мая. Дэвіз свята «Полацк — тэрыторыя адзінства». Гасцей будуць чакаць у горадзе майстроў, на фестывалі беларускай кухні, на музычнай праграме каля сцен Полацкай Сафіі, у літаратурных гасцёўнях.


Напярэдадні гарадскія ўлады на сайце райвыканкама стварылі банк ідэй, куды жыхары маглі звяртацца са сваімі прапановамі, якія можна было б рэалізаваць падчас святкавання.

Падрыхтавана багата інтэрактыўных праграм, якія дазволяць жыхарам і гасцям калыскі беларускай дзяржаўнасці паглыбіцца ў розныя гістарычныя эпохі. Напрыклад, гэта могуць быць сустрэчы ў Манетным двары і Доме друкара.

Наогул, на гэты год горад ператвараецца ў сапраўдны захапляльны адукацыйны цэнтр з жывымі экскурсіямі. Адна з іх знаёміць з гісторыяй і сучаснасцю Полацкага калегіума. Можна прагуляцца па ўніверсітэцкім дворыку і пагутарыць з механічнай галавой, аналагаў якой няма ва ўсім свеце. Мудрэц створаны на ўзор старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата. «Галава» адказвае на пытанні, жартуе і дае наказы — усё як апісаў пісьменнік XІX стагоддзя Ян Баршчэўскі ў творы «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях».

А каб падчас святочных гулянняў гасцям лягчэй было сарыентавацца, можна загадзя прадумаць маршрут. У Полацку багата мясцін, якія вартыя ўвагі: шматлікія храмы і цэрквы, 14 музеяў (можна набыць адзіны музейны квіток і наведаць іх усе), і не забудзьцеся паслухаць арган у Сафійскім саборы, дакрануцца да Барысавага каменя, паглядзець на фрэскі ХІІ стагоддзя і загадкавыя карціны Язэпа Драздовіча ў Мастацкай галерэі.

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік падрыхтаваў вірутальныя выстаўкі і экскурсіі, знаёмствы з музейнымі экспанатамі, матэрыялы аб гісторыка-культурнай спадчыне Полаччыны і бясплатны аўдыёгід па гістарычным цэнтры горада.

Дарэчы, адкрываць цікавосткі Полацка можна і ў час Ночы музеяў, якая ў горадзе пройдзе 20 мая. Напрыклад, у Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора будзе працаваць выстаўка «Полацкі гандаль Х—ХVІІІ стагоддзяў» з археалагічнай калекцыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Толькі на Ноч музеяў будуць выстаўляцца манетныя скарбы ІХ—ХVІІ стагоддзяў.

Сем'і з дзецьмі чакаюць у дворыку Музея беларускага кнігадрукавання на інтэрактыўную праграму, а таксама ў Дзіцячым музеі на гульню «Гадзіна займальнай археалогіі». У прыродна-экалагічным музеі правядуць міні-экскурсію па ландшафтным садзе і музейны квэст «У пошуку геральдычных жывёл».

Свае праграмы рыхтуюць Мастацкая галерэя, Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Краязнаўчы музей.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Загаловак у газеце: Бацька гарадоў беларускіх

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.