Вы тут

«Зоркай у вяках»... Памёр паэт Анатоль Вярцінскі


«Жыццё даецца, каб жыццё тварыць. 
Каб светла-залатую яго ніць
віць і далей — любоўю, справай дзейнай
ды словам, што ад справы неаддзельна.
Тварыць!»


Радкі з вершаў і паэм беларускага паэта Анатоля Вярцінскага чуў кожны беларус. 

Але 21 красавіка, на праваслаўны Чысты чацвер, прыйшла сумная вестка: светла-залатая ніць жыцця Анатоля Ільіча Вярцінскага абарвалася. Было яму 90 гадоў. 

Анатоль Вярцінскі — з пакалення дзяцей вайны. «Яны да вайны гулялі ў вайну» — пісаў ён з горкай пяшчотай пра сваё пакаленне, якому давялося спазнаць, што такое народная трагедыя і народнае змаганне. Адзінаццацігадовым хлапчуком з вёскі Дзямешкава, што на Лепельшчыне, падвозіў ноччу ў Саснягоўскую пушчу партызан, расклейваў у роднай вёсцы лістоўкі... Менавіта таму ў Анатоля Вярцінскага столькі выдатных вершаў на ваенную тэматыку — шчымлівых, філасофскіх, уражлівых... «Рэквіем па кожным чацвёртым», «Вечны сон, вечны звон. Хатынскі трыпціх», «Плач спаленай вёскі», «Два полі», «Дынамік»... Да паэмы «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня» паэт дадае прадмову: «Помню, міма маёй роднай вёскі ішлі карнікі — маю вёску яны абышлі. А праз нейкі час мы пачулі страляніну, убачылі дым, чорныя клубы дыму. Назаўтра мы даведаліся, што спалена вёска Кісялёва (вы знойдзеце гэтую назву на могілках вёсак у Хатыні), а жыхары яе, ад старога да малога, забіты. I яшчэ мы пачулі жахлівы расказ пра тое, як некалькі дзён „дыхала“ магіла, куды карнікі скідалі кісялёўцаў, і як крычаў на вогнішчы здзічэлы певень».

У літаратуру ён прыйшоў як прадстаўнік «філалагічнага пакалення», з кагорты шасцідзесятнікаў, якія шукалі, верылі, эксперыментавалі, ламаючы стэрэатыпы. У паэзіі Вярцінскага — гуманізм, інтэлектуальны пошук, зварот да архетыпаў і сімвалаў, а таксама — шмат узораў выдатнай лірыкі, якая не мае прывязкі да часу і прасторы, а ўздымаецца да ўніверсуму.

«З’яўленне зор і сонца ў вышыні.
З’яўленне сокаў з глыбіні карэння.
З’яўленне траў у веснавыя дні... 
І вось маё, і вось тваё з’яўленне.
Як быццам бы дамовіліся ўсе —
глыбіні цёмныя і залатыя высі, —
як быццам бы сказалі ўсе: „З’явіся!“
І ты з’явілася ва ўсёй красе».

Як і многія з таго адметнага пакалення, Анатоль Вярцінскі быў больш, чым паэтам — ён імкнуўся працаваць і як грамадскі дзяяч. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977 у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, у 1986-90-м узначальваў газету «Літаратура і мастацтва», быў народным дэпутатам, за кнігу публіцыстычных нататак «Нью-Йоркская сірэна» атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.

Вядома, нельза не згадаць, што Анатоль Вярцінскі перакладаў, пісаў для дзяцей, выступаў як драматург, літаратурны крытык і публіцыст. Ва ўсім была яркасць, адметнасць — і беларускасць. Любоў да Беларусі ва ўсім, да апошняга. І, як ён сам прадказваў, светла-залатая ніць жыцця насамрэч не перарываецца — працягваецца да нашчадкаў праз творчую спадчыну паэта:

«Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,
Высакародным, дружным намаганнем,
Што потым зоркай у вяках гарыць.
Тварыць!»

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.