Вы тут

Будучыня планеты — у нашых руках!


Праект «Устойлівае развіццё – будучыня планеты ў нашых руках» пашырае веды насельніцтва пра глабальныя праблемы і дапамагае знайсці шляхі іх вырашэння. Прасоўваннем маштабнай ініцыятывы заняліся маладыя людзі па ўсёй краіне. Сёлета адным з моладзевых паслоў МУР стала студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вера Мартынава. Яна расказала пра свой шлях, хобі і ўнёсак у здароўе планеты.


Быць карыснай грамадству

– Раскажыце, калі ласка, калі і чаму вы сталі моладзевым паслом МУР? Што вас да гэтага падштурхнула?

– Гэта адбылося ў лютым. Вырашыцца на такі важны крок мяне заахвоціла жаданне зрабіць унёсак у развіццё сваёй Радзімы – Беларусі. На паслоў ускладзена адказная місія прасоўваць Мэты ўстойлівага развіцця, распрацаваныя ў 2015-м Генеральнай Асамблеяй ААН. Я ўпэўнена, што магу быць карыснай у гэтай сферы. Мне цікава вучыцца новаму, браць удзел у сацыяльна-арыентаваных імпрэзах, а таксама рэалізаваць уласны праект у рамках МУР.

– Як праходзіў конкурс на моладзевага пасла МУР? Ці былі складанасці?

– Конкурс «Моладзевыя паслы Мэтаў устойлівага развіцця – будучыня планеты ў нашых руках» праходзіў у два этапы. Першы складаўся з выбару мэты, запаўнення заявы і падрыхтоўкі канцэпцыі. Другі этап – гэта публічная абарона канцэпцыі, якая складалася з агульнага апісання і становішча Беларусі на шляху да дасягнення абранай мэты, дэталізацыя мэты, праблемы і заданні, якія мусяць быць вырашаны, шляхі і этапы дасягнення абранай мэты, чакаемыя вынікі. На конкурсе складанасцяў не паўстала, аднак апошні этап адбору моладзевых паслоў МУР стаў самым хвалюючым для мяне.

– Чаму?

– Канкурэнцыя была каласальная. Кожны кандыдат прадставіў годны праект. Я з нецярпеннем чакала вынікаў конкурсу.

Яднаючы экалогію і эканоміку

– Раскажыце пра сябе і свой удзел па рэалізацыі МУР. Вы займаецеся экалагічным кірункам. Чаму менавіта ён? Як спецыяльнасць «Мытная справа», па якой вы навучаецеся ў ГрДУ, паўплывала на выбар вамі МУР?

– Мэта № 7 «Танная і чыстая энергія», абраная мной, закранае два важныя кірункі – экалогію і эканоміку. З экалагічнага пункту погляду яна актуальная, бо ўдзел супрацоўнікаў мытных органаў наўпрост звязаны з ажыццяўленнем радыяцыйнага кантролю, а таксама з рэгуляваннем перамяшчэння энергетычных рэсурсаў праз мытную мяжу. Апроч таго, я прайшла спецкурс па кліматычным праве і рэсурсаразмеркаванні на базе Вітэнбергскага ўніверсітэта, бо экалагічная свядомасць – гэта эфектыўны спосаб паклапаціцца пра будучыя пакаленні. З пункту гледжання эканомікі рэгуляванне фінансавых працэсаў у вобласці энергетыкі на нацыянальным і міжнародным узроўнях таксама ўваходзіць у кампетэнцыю службовых асоб мытні. Эканамічная галіна адказная за вытворчасць і рэалізацыю энергіі. Так мой выбар прыйшоўся на МУР № 7.

– Якія задачы вы ставіце перад сабой у дасягненні гэтай МУР?

– Абіраючы МУР у рамках конкурсу, я кіравалася важным фактарам: на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці размешчана атамная электрастанцыя. Наяўнасць уласных гідрастанцый і сучаснай АЭС – добрая магчымасць для дасягнення Рэспублікай Беларусь Мэты № 7, але яна не азначае неіснуючасці ў цэлым праблем, звязаных з энергазахаваннем. На гэта варта звярнуць увагу, бо гаворка ідзе перадусім пра неўзнаўляльныя энергарэсурсы і пра іх рацыянальнае выкарыстанне ў інтарэсах цяперашняга і будучых пакаленняў. Вырашэнне гэтых праблем спрыяюць наступныя задачы: навучанне моладзі ў вобласці энергетычнай рэсурсазабяспечанасці, фарміраванне адказных паводзін і спажывання; папулярызацыя моладзевага руху па энергазахаванні, пашырэнне ўдзелу моладзі ў грамадскіх абмеркаваннях пытанняў, што датычацца выкарыстання энергарэсурсаў нашай краіны.

– Як вы выконваеце такія складаныя задачы?

– Яны паспяхова рэалізуюцца ў рамках праектнага падыходу, які дазваляе прыступіць да паэтапнага ажыццяўлення дзейнасці і крок за крокам набліжацца да пастаўленай мэты. Апроч таго, мы самі бяром удзел у дыскусіях на адпаведную тэматыку і прыцягваем да іх моладзь, а таксама праводзім іншую інфармацыйна-тлумачальную працу згодна з МУР № 7.

– У якіх мерапрыемствах вы ўжо паспелі паўдзельнічаць? І што запомнілася больш за ўсё?

– Сёлета пад канец сакавіка я зрабіла першыя крокі ў працы з моладзю. Падчас правядзення круглага стала на тэму «Роля моладзі ў жыцці грамадства ў кантэксце канстытуцыйных змен», які адбыўся на базе нашага ўніверсітэта, я прадставіла даклад на тэму «Роля моладзі па рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь». Ён выклікаў цікавасць ва ўдзельнікаў (выкладчыкаў і студэнтаў) і быў адзначаны большасцю з іх як найлепшы. У гэтым жа месяцы на базе ясляў-садка № 26 г. Маладзечна я правяла квэст “На пошукі таннай і чыстай энергіі”. Выхаванцы пазнаёміліся з МУР, а таксама з асновамі рацыянальнага энергазберажэння.

Мэтававанасць – галоўная рыса

– Якая экалагічная праблема, па-вашаму, сёння самая сур'ёзная? І што можа зрабіць кожны жыхар Зямлі, каб захаваць планету здаровай і чыстай?

– Энергетычнае расходванне – праблема надзейнага забеспячэння чалавецтва палівам і сыравінай – на мой погляд, адна з самых сур'ёзных. Абмежаванасць запасаў рэсурсаў прыводзіць да цвёрдай эканоміі энергіі і распрацоўцы новых рэсурсазберагальных тэхналогій. Кожны жыхар Зямлі адказны за захаванне энергетычнага патэнцыялу. Мы можам паўплываць на вырашэнне праблемы вычарпальнасці такіх рэсурсаў, выконваючы базавыя правілы энергазахавання. Напрыклад, адключаць невыкарыстоўваемыя электрапрыборы ад сеткі, максімальна карыстацца натуральным асвятленнем, замяніць лямпы напальвання на энергазберагальныя і інш.

Якія вашы далейшыя планы як моладзевага пасла?

– Мне падабаецца гэта ініцыятыва. Дзякуючы майму ўдзелу як моладзевага пасла МУР самая актыўная частка насельніцтва – моладзь – уцягнена ў вырашэнне сацыяльна значных задач, што стаяць перад дзяржавай і грамадствам. У перспектыве я планую рэалізаваць праект “Школа адказных паводзін і спажывання”, а таксама стварыць валанцёрскі атрад з ліку студэнтаў універсітэта. Яго ўдзел будзе скіраваны на навучанне шырокага кола моладзі з наступным пашырэннем складу ўдзельнікаў і рэарганізацыяй у моладзевы рух па энергазахаванні.

– Якімі якасцямі, па вашым меркаванні, павінен валодаць моладзевы пасол МУР? Што вы параіце тым, хто хоча таксама стаць на гэты шлях?

– Вельмі важныя такія якасці, як мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць, арганізаванасць і камунікабельнасць. Моладзевыя паслы – гэта прадстаўнікі са студэнцкага асяроддзя. Яны інфармуюць грамадства пра механізмы дасягнення паказчыкаў устойлівага развіцця на лакальным і нацыянальным узроўнях, а таксама дапамагаюць набываць веды ў дадзенай сферы. Кожнаму, хто хацеў бы паспрабаваць сябе ў гэтай ролі, рэкамендую адолець нерашучасць і ўзяць удзел у конкурсе «Моладзевыя паслы Мэт устойлівага развіцця – будучыня планеты ў нашых руках». У незалежнасці ад вынікаў яго ўдзельнікі могуць пагутарыць з асноўнымі спецыялістамі розных кірункаў і атрымаць рэкамендацыі ў дачыненні заяўленых праектаў.

Заўсёды вучыцца новаму

– Раскажыце пра вашы хобі.

– У вольны час займаюся музыкай, у прыватнасці вакалам. Гэта неаддзельная частка майго жыцця. У 2017 годзе я скончыла музычную школу па класе віяланчэль, фартэпіяна і гітара і працягваю практыкавацца дагэтуль. З музыкай сумяшчаю маляванне. Мой любімы жанр у выяўленчым мастацтве – партрэт. Дарэчы, у мяне шмат дыпломаў, атрыманых у міжнародных конкурсах па маляванні, нават працу прапанавалі! (Усміхаецца.) Апроч таго, мне падабаецца глядзець фільмы на замежных мовах і чытаць мастацкія творы.

– Выдатна! Як вам удаецца сумяшчаць навучанне, хобі і працу моладзевага пасла? Як вы аднаўляеце ўласныя энергарэсурсы?

– І навучанне, і хобі, і праца прыносяць мне задавальненне. Таму лёгка атрымліваецца ўсё сумяшчаць. Я не магу сядзець без справы. Для мяне вельмі важна пастаянна развівацца і вучыцца новаму.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота з архіва гераіні

 

Экалагічная ўсвядомленасць – гэта эфектыўны спосаб паклапаціцца пра будучыя пакаленні.

 

Кожны жыхар Зямлі адказны за захаванне энергетычнага патэнцыялу.

 

Наяўнасць уласных гідрастанцый і сучаснай АЭС – добрая магчымасць для дасягнення нашай краінай Мэты № 7, але яна не азначае неіснуючасці ў цэлым праблем, звязаных з энергазахаваннем.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.