Вы тут

Чаму кніга не існуе без ІSBN і што такое гібрыдныя выдаўцы?


«Нараджэнне» кнігі ў нейкім сэнсе нагадвае нараджэнне чалавека. Акрамя аўтарскай назвы, кнігу надзяляюць неабходнымі звесткамі, каб потым з лёгкасцю знайсці яе сярод велізарных, амаль бясконцых спісаў іншых выданняў. Не кожны гэта ведае, але захоўваюцца тыя выданні не толькі ў бібліятэках. У Беларусі існуе спецыяльная Кніжная палата, якая вядзе ўлік кожнай кнігі, газеты і часопіса. Каб даведацца, чаму кніга не можа існаваць без ІSBN-нумара і што такое гібрыдныя выдаўцы, «Звязда» паразмаўляла з дырэктарам Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі Аленай Івановай.

Наша сустрэча пачалася каля трохпавярховага будынка, што размясціўся ў завулку Інструментальны. Менавіта тут знаходзіцца фондасховішча Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі.


— Спачатку, у 1924 годзе, Кніжная палата была створана як аддзел нашай Нацыянальнай бібліятэкі, якая на той час мела назву «Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка». У 1977 годзе мы сталі асобнай установай і атрымалі гэты будынак, — распавяла Алена Іванова.

Апошнія два гады выданні Кніжнай палаты знаходзіліся ў Паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа, таму што ў будынку фондасховішча ішоў рамонт. Зараз супрацоўнікі займаюцца тым, што размяшчаюць кнігі, якія вярнуліся «дадому». А гэта ўсе выданні, што выходзілі на тэрыторыі Беларусі з пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя: кнігі, часопісы, афішы, плакаты, лістоўкі, нотныя і выяўленчыя выданні. Толькі ўявіце, які гэта аб'ём! Алена Іванова адзначыла, што сярод супрацоўнікаў архіва ў асноўным жанчыны, таму разабраць усе каробкі з выданнямі даволі складана. Вельмі карыснай была б дапамога валанцёраў.

— Найбольш цікавым мне падаецца газетны фонд, ён адлюстроўвае гісторыю краіны, — падзялілася дырэктар Кніжнай палаты. — Можна знайсці і «Звязду» пачынаючы з першага нумара.

Пасля экскурсіі па фондасховішчы Нацыянальнай кніжнай палаты Алена Іванова адказала на пытанні»Звязды».

— Алена Вітальеўна, распавядзіце, калі ласка, чым адрозніваецца кніга ад звычайнага тавару?

— З якой бы павагай мы ні ставіліся да кнігі, нельга адмаўляцца ад таго, што ў сучасным грамадстве яна валодае ўсімі якасцямі тавару. Буйныя выдавецтвы аб'яўляюць камерцыйную эфектыўнасць кнігі сваёй ідэалогіяй, кнігазнаўцы робяць высновы аб страце сучасным пакаленнем пачуцця захаплення ад паху свежай друкарскай фарбы і прачытанага тэксту, дызайнеры інтэр'ераў раяць дэкарыраваць кнігамі жыллё. Але відавочна, што кніга — не проста блок аркушаў у прыгожай вокладцы. Змест кнігі па-філасофску ідэальны. Гэта чалавечыя думкі, перажыванні, захапляльныя гісторыі, захаваныя на паперы. У гэтым сэнсе кніга бессмяротная. Усе мы памятаем булгакаўскае «рукапісы не гараць» або герояў Рэя Брэдберы, якія завучылі сюжэты на памяць, каб у будучыні адрадзіць гісторыі, спаленыя ў вогнішчы.

Мы перажываем жыццё герояў як уласнае, плачам і смяёмся. Гэта і ёсць тое чараўніцтва, за якое мы любім кнігу, і гэта тое, што адрознівае яе ад іншых тавараў. Разам з тым у залежнасці ад сэнсаў, ад асобы аўтара кніга часам становіцца самым запатрабаваным і дарагім таварам.

— Патлумачце, калі ласка, для нашых чытачоў, чым займаецца Нацыянальная кніжная палата і што такое абавязковы бясплатны асобнік і ІSBN нумар?

— Нацыянальная кніжная палата Беларусі праз два гады адзначыць 100-гадовы юбілей. На пачатку мінулага стагоддзя кніжныя палаты ствараліся не толькі ў Беларусі, але і ва ўсіх былых рэспубліках СССР з мэтай дзяржаўнага бібліяграфічнага ўліку кніг, часопісаў, газет і іншых друкаваных выданняў. Усесаюзная кніжная палата знаходзілася ў Маскве, яна збірала абавязковыя экзэмпляры выданняў з усіх рэспублік Саюза. Гэты ўнікальны фонд захаваўся да сённяшняга дня і цяпер знаходзіцца ў Мажайску, але з 90-х гадоў папаўняецца толькі расійскімі выданнямі. Па сутнасці, дзяржаўная бібліяграфія — гэта структураваны і вывераны рэестр друкаванага скарбу краіны. На яе базе наша Кніжная палата вядзе статыстычны ўлік усіх выданняў, звесткі якога штогод публікуюцца ў зборніку «Друк Беларусі».

Да таго, як кніга пабачыць свет, трэба прысвоіць ёй міжнародны стандартны кніжны нумар — ІSBN. Ён дазваляе ідэнтыфікаваць і выдаўца, і кнігу ў сусветным кніжным патоку. Пасля набыцця Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці Нацыянальная кніжная палата стала Беларускім агенцтвам міжнароднай стандартнай кніжнай нумарацыі — штогод звесткі аб нашых выдаўцах дасылаюцца Кніжнай палатай у міжнародную сістэму ІSBN, а звесткі аб унікальных кніжных нумарах айчынных выданняў публікуюцца ў анлайн-каталогу Кніжнай палаты.

Што датычыцца абавязковага бясплатнага экзэмпляра, то сучасным заканадаўствам прадугледжана: вытворцы друкаваных дакументаў павінны дасылаць экзэмпляры атрымальнікам, пералік якіх устанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь. Першай у названым спісе значыцца Нацыянальная кніжная палата Беларусі.

— Ці працуе нядаўна ўведзеная ўзроставая маркіроўка кніг?

— Знак узроставай катэгорыі дзейнічае ў нашай краіне ўжо больш за пяць гадоў. Гэтая інавацыя была ўведзена з мэтай абараніць дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю.

У цэлым парадак прысваення ўзроставай катэгорыі выконваецца. Разам з тым непаразуменні, звязаныя з прысваеннем гэтага знака, узнікаюць. Трэба разумець, што знак узроставай катэгорыі — гэта не ідэнтыфікатар чытацкага адраса. Калі на кнізе стаіць лічба «6+», гэта не сведчыць аб тым, што яна прызначана дзецям старэйшага ўзросту. Гэта папярэджанне аб магчымасці негатыўнага ўплыву інфармацыі, якая там ёсць. Чытацкае прызначэнне кнігі «для дзяцей» прыводзіцца ў выпускных звестках выдання і ацэньваецца па зусім іншых прыкметах.

Акрамя таго, крытэрыі вызначэння ўзроставай катэгорыі дзяцей, сярод якіх дапускаецца распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, абазначаны ў заканадаўстве недастаткова дакладна і празрыста. Таму розныя выдаўцы могуць па-рознаму інтэрпрэтаваць адны і тыя ж крытэрыі. Асаблівасці ўспрымання дзецьмі змешчанай у кнізе інфармацыі, на мой погляд, павінен ацэньваць псіхолаг ці педагог, а не сам выдавец.

— Пандэмія паставіла амаль усе галіны культуры і бізнесу ў вельмі жорсткія ўмовы. У сувязі з гэтым хацелася б спытацца, ці моцна паўплываў каранавірус на дзейнасць выдавецтваў?

— Нягледзячы на крызіс 2021 года, звязаны з пандэміяй, выдавецкая галіна пачала аднаўляцца. У тым ліку дапамаглі меры па падтрымцы эканомікі, якія здзейсніла дзяржава. Рост паказчыкаў кнігавыдання ў большай ступені залежыць не ад павелічэння колькасці дзеючых выдаўцоў, а ад аднаўлення пасля каранакрызісу актыўнасці тых, хто цвёрда стаіць на нагах, што пацвярджае сітуацыя, якая фактычна склалася ў мінулым годзе: колькасць дзеючых выдаўцоў не зменшылася, а засталася на ўзроўні мінулага года.

— А калі разглядаць сітуацыю, не ўлічваючы каранавірус, з якімі асноўнымі праблемамі сутыкаецца айчыннае кнігавыданне?

— Засмучае і турбуе зніжэнне выдання літаратурна-мастацкіх выданняў: за апошнія дзесяць гадоў іх выпуск знізіўся вельмі значна, па колькасці назваў на 45 %, а па тыражы — на 85 %. Гэта вельмі паказальнае падзенне, і яно патрабуе ўвагі як з боку дзяржавы, так і з боку выдаўцоў. Прапаганда чытання сярод дзяцей і падлеткаў, папулярызацыя пісьменнікаў і кніг, уручэнне ўзнагарод і прэмій, стварэнне тэлевізійных і інтэрнэт-праектаў — не новыя, але неабходныя механізмы. Да гэтых мерапрыемстваў трэба падыходзіць творча. Архіважна і падтрымка бібліятэк, эканамічныя стымулы для вытворцаў і распаўсюджвальнікаў кніг, гэта б пасадзейнічала зніжэнню кошту кнігі.

Тэндэнцыю да спаду папулярнасці сярод выдаўцоў з 2019 года дэманструе і перакладная літаратура. Але ў гэтым месцы я б хацела зрабіць рэмарку: безумоўна, замежныя творы ў перакладзе ўзбагачаюць літаратурную прастору краіны, але нельга забывацца аб тым, што нацыянальная стратэгія — прыярытэтны напрамак у кнігавыдавецкай дзейнасці.

— Да гэтага часу аўтарам даводзіцца пераадольваць вялікі шлях, пакуль іх творы пабачаць свет у якасці кнігі. Алена Вітальеўна, як вы лічыце, такі складаны працэс — неабходная ўмова для адсейвання слабейшых або ўсё ж трэба нейкім чынам спрашчаць працэдуру?

— На мой погляд, у кніжным бізнесе ёсць цікавы напрамак — «гібрыдныя выдаўцы», якія ўзніклі ў прасторы паміж традыцыйным кнігавыданнем і самвыдатам. Але агаваруся, што маецца на ўвазе не забаронены савецкай уладай самвыдат, а сучасны. Той, які выступае ў якасці спосабу самавыяўлення, а дакладней — самапублікацыі. Пры гэтым выдавец можа выконваць абавязкі па стварэнні макета электроннай кнігі, яе распаўсюджванню праз інтэрнэт-крамы, а пры неабходнасці — друкавання.

— А наконт маладых аўтараў: зразумела, што выдавецтвы зацікаўлены ў новых імёнах. Ці прапаноўваюць яны больш лёгкія ўмовы маладым пісьменнікам?

— Не ўсе кніжнікі падзяляюць меркаванне аб зацікаўленасці выдаўца ў новых імёнах. Традыцыйныя выдавецтвы з задавальненнем ствараюць новыя праекты за кошт сродкаў літаратара, а вось выдаткаваць уласны бюджэт на невядомага аўтара гатовы не многія — выдаць кнігу раскручанага пісьменніка з пазіцыі бізнесу больш надзейна.

З іншага боку, мы чуем: дзе новыя беларускія аўтары, дзе сучасная проза і паэзія, дзе дзіцячая кніга? І вось тут, на мой погляд, вельмі важная падтрымка дзяржавы: не можа ўся без выключэння мастацкая літаратура быць «прыватнаўласніцкай», а пачынаючыя аўтары — разлічваць на самапіяр. У Беларусі дзяржава заўсёды падтрымлівала таленты, у тым ліку і літаратурныя. Напрыклад, летась Міністэрства інфармацыі арганізавала літаратурны стартап LіtUp — праект для прасоўвання новых перспектыўных беларускіх аўтараў. Акрамя гэтага, дзяржаўную падтрымку штогод атрымліваюць сацыяльна значныя выданні, у пералік якіх таксама ўключаюцца творы маладых аўтараў.

— Відавочна, што ў нашым асяроддзі анлайн-сфера перамагае. У Беларусі гэта разумеюць таксама: напрыклад, перад Днём пісьменства ў Капылі анансавалі запуск мабільнага дадатку для праслухоўвання твораў «Чытанка». Ці плануеце працаваць з лічбавымі выданнямі?

— Добрая навіна заключаецца ў тым, што поўны пераход кнігі на лічбу, які прадказвалі яшчэ некалькі гадоў таму, так і не адбыўся. Друкаваныя кнігі застаюцца запатрабаванымі, і гэта не толькі звычка або даніна традыцыі — яны кампактныя, простыя ў выкарыстанні і не патрабуюць дарагіх гаджэтаў. Асабліва моцна папера захавала свае пазіцыі ў дзіцячым і адукацыйным кнігавыданні.

Казаць аб тым, што анлайн-сфера перамагае кнігу, я б не спяшалася. Але тады ўзнікае слушнае пытанне: чаму ж зніжаецца выпуск папяровых кніг? Думаю, што тут справа не толькі ў лічбе. Кнігі сталі празмерна даступныя. Многія з нас назапасілі вялізныя бібліятэкі і дзеляцца адзін з адным прачытаным. Нагадаю хаця б такую з'яву ў кніжным свеце, як буккросінг, калі чалавек, прачытаўшы кнігу, пакідае яе, або, як модна казаць, «вызваляе», у парку, кафэ, метро, каб незнаёмец мог гэтую кнігу знайсці і прачытаць.

Ды не сакрэт, што кнігі, асабліва папулярныя, з добрай паліграфіяй, дастаткова дарагія. Не ўсе могуць дазволіць сабе іх пакупку. Вось чаму мы гаворым аб важнасці эканамічных стымулаў для выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў, якія б садзейнічалі зніжэнню кошту кнігі.

— Алена Вітальеўна, ці дастатковая колькасць выданняў на беларускай мове або гэты працэнт трэба павялічваць?

— Так склалася, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі на рускай мове выдаецца каля 80 % кніг, а на беларускай — 13 %. Мы ўжо пагадзіліся з тым, што кніга з'яўляецца спецыфічным таварам, як бы неабавязковым для набыцця. Акрамя таго, добра арганізаваны выдавецкі бізнес павінен забяспечваць і экспартныя магчымасці. Гэта аб'ектыўная рэальнасць, якую кнігавыдавец мусіць улічваць. Але я ўпэўнена, што кніг на беларускай мове — мове нашай тытульнай нацыі, павінна быць нашмат больш, чым існуючыя 13 %.

Дарэчы, калі зазірнуць у статыстычныя матэрыялы «Друк БССР» за 1918—1965, мы ўбачым зусім іншую карціну беларускага кнігавыдання. Так, напрыклад, у даваенныя гады (1920—1941) выпуск кніг на беларускай мове складаў каля 70 % ад іх агульнай колькасці. Можна запярэчыць: маўляў, палітычны, гістарычны, эканамічны кантэксты таго часу не параўнальныя з сучаснасцю, у якой усё звязана і глабалізавана. Гэта так і не так. Не так, таму што мова народа — з'ява ўнікальная, яна дрэнна ўпісваецца ў кантэкст глабалізацыі. Таму, захоўваючы беларускую мову, перадаючы яе з пакалення ў пакаленне, прымнажаючы колькасць яе носьбітаў, мы захоўваем і ўнікальнасць, і адзінства беларускага народа. А выданне кніг на беларускай мове, безумоўна, гэтаму спрыяе. Тут нам, кніжнікам, вельмі не хапае даследаванняў у галіне кнігі і чытання. Які сёння беларускі чытач? Чаму ён аддае перавагу? Як ён ставіцца да мовы? І шмат чаго іншага. Гэта тэма для асобнай вялікай размовы.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізавета ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.