Вы тут

«Сухія кветкі магу маляваць бясконца». Мікола Рыжы, мастак з Барысава


У сакавіку спаўнілася пяць год, як няма з намі таленавітага мастака з Барысава, майго земляка Міколы Рыжага. Графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, аўтар экслібрысаў, паштовак, канвертаў, марак – за 40 гадоў напружанай творчай працы ён здолеў напоўніцу праявіць свой шматгранны талент.


Канверт да Дня беларускага пісьменства 2008 года.

Нарадзіўся Мікола Рыжы ў 1953 годзе ў маленькай вёсцы Уцеха, што на Барысаўшчыне, у сям’і сялян. Расказваў пра дзіцячыя гады так: «Адзіны транспарт – калёсы, адзінае святло – газніца». Першая электрычная лямпачка ў вёсцы загарэлася акурат тады, калі Мікола скончыў чатыры класы Сялецкай пачатковай школы. Адоранага хлопчыка, які кожную вольную хвіліну маляваў, залічылі ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву. У 1973 годзе паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне графікі.

З афармлення кніжкі «Забаронены вузел», якую выпусціла ў 1976 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура», пачалося надзвычай плённае супрацоўніцтва Міколы Рыжага з беларускімі выдавецтвамі ў якасці кніжнага ілюстратара. Ён працуе над кнігамі для дзяцей і дарослых, падручнікамі. У фокусе ўвагі мастака аказваліся творы айчынных і замежных пісьменнікаў, класікаў і сучаснікаў. Мікола Рыжы – цудоўны ілюстратар, аб якім можа марыць кожны аўтар літаратурнага твора. Браўся за кнігі рознай тэматыкі, але асабліва прыцягвалі яго гераічныя характары і патрыятычныя ўчынкі.

Паштовы блок, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Аформленая мастаком кніга Уладзіміра Бутрамеева «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі», якая выйшла ў сярэдзіне дзевяностых у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя», атрымала Дыплом I ступені ў Рэспубліканскім конкурсе кнігі. Міколе Рыжаму ўдалося стварыць глыбокія, насычаныя моцнай энергетыкай партрэты гістарычных асоб: Рагвалод і Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Усяслаў Чарадзей, Барыс Усяславіч, Францыск Скарына і многія іншыя. Кожны выяўлены майстрам у тым асяродку, які яму ці ёй адпавядае: кнігі, зброя, дэталі побыту. Мастак вельмі ганарыўся гэтай сваёй працай і падарыў серыю малюнкаў-копій Цэнтральнай Барысаўскай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева.

Канверт з выявай Свята-Васкрасенскага сабора, горад Барысаў.

З вялікім натхненнем працаваў Мікола Рыжы на ніве экслібрыса. «Ex libris» па-лацінску значыць «з кніг», першапачатковая задача гэтага жанра графікі – служыць апазнавальным знакам пэўнай бібліятэкі, адлюстроўваць густы і род заняткаў яе ўладальніка. Сучасны экслібрыс – самадастатковы мастацкі твор, які працягвае абапірацца на сваю базавую прыкмету: сведчыць пра гаспадара бібліятэкі. Першыя кніжныя знакі Мікола Рыжы стварыў яшчэ ў студэнцкія гады. Сваё майстэрства ўвесь час удасканальваў. Для яго мініяцюрная гравюра ад пачатку была высокім мастацтвам. А рабіў ён кніжныя знакі віртуозна. Героі іх – мастакі, вядомыя людзі краіны, сябры і знаёмыя Міколы Рыжага. У экслібрысах ён звяртаецца да нацыянальнай, гістарычнай тэматыкі, насычае мастацкую прастору народнымі вобразамі: гэта сцэны сялянскай працы, беларускія звычаі і касцюмы, мясцовыя птушкі і звяры, палі і сцяжынкі роднай зямлі і, канешне, яе дары – садавіна, гародніна. Вобраз уладальніка кнігазбора часта створаны з цёплым гумарам, добрай іроніяй, аточаны пазнавальнымі дэталямі, якія раскрываюць яго індывідуальнасць. Многія з экслібрысаў Міколы Рыжага знаходзяцца ў прыватных і музейных калекцыях у нашай краіне і за мяжой, як, зрэшты, і іншыя яго работы.

Ілюстрацыя да кнігі «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Уладзіміра Бутрамеева. Ефрасіння Полацкая.

З поспехам удзельнічаў Мікола Рыжы ў міжнародных конкурсах экслібрыса, што праходзілі ў Расіі, Германіі, Польшчы, іншых краінах. У 2006 годзе ў Італіі яго работа атрымала III прэмію. Цікава, што на гэтай выяве мы бачым беларускіх сялян, вёску, вуліцы гістарычнага Барысава. Хлопчык, увасабленне дзіцячага «я» мастака, трымае за вяровачку казачную птушку, верхам на якой ляціць дарослы мастак. Узняўшыся ў нябёсы натхнення, творца не павінен адрывацца ад зямлі, ён мусіць захоўваць сувязь са сваімі каранямі, зямлёй продкаў – так тлумачыў мне сам Мікола Рыжы ідэю гэтага малюнка. У прынцыпе, у алегарычнай форме тут адлюстравана філасофія майстра, яго крэда ў мастацтве.

Па заказе Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь мастак рабіў паштовыя канверты, маркі, юбілейныя паштовыя блокі. Да 480-годдзя беларускага кнігадрукавання зрабіў святочны канверт і маркі, адлюстраваўшы на іх перыяды дзейнасці Францыска Скарыны. Серыя маляўнічых канвертаў прысвечана 900-годдзю Барысава – на іх бачым гістарычныя сюжэты, знакавыя месцы горада і наваколляў.

Ілюстрацыя да кнігі «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Уладзіміра Бутрамеева. Кірыла Тураўскі.

Шмат працаваў над вобразамі вядомых людзей – навукоўцаў, пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва. На яго марках і канвертах – Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Алесь Адамовіч, Кандрат Крапіва, Янка Лучына, Ізі Харык, Уладзімір Жылка, іншыя знакамітыя суайчыннікі. Прыгожы паштовы блок стварыў да 120-годдзя з дня нараджэння беларускіх песняроў Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Маляваў канверты і маркі ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны – удзельніка Мінскага патрыятычнага падполля доктара Яўгена Клумава, Герояў Савецкага Саюза братоў Яўсея і Матвея Вайнрубаў.

Ілюстрацыя да кнігі «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Уладзіміра Бутрамеева. Усяслаў Брачыславіч

У апошняе дзесяцігоддзе, адмеранае яму лёсам, Мікола Рыжы надзвычай удала праявіў сябе ў іпастасі аўтара жывапісных пейзажаў і нацюрмортаў. Гэта палотны з дакладнай, падрабязнай прамалёўкай, кожная рэч на іх самакаштоўная і робіцца сімвалам мастацкага ўніверсума. Яблыкі, гарбузы, грыбы, ягады, каштаны – усё агорнута святлом любові да роднай прыроды, да свету простых рэчаў, сярод якіх ён вырас. Гэта надзвычай светлыя, аптымістычныя работы, у натуральнай цёплай каларыстыцы. Глядзіш на гарбуз, і хочацца дакрануцца да яго шурпатай лупіны – жоўта-аранжавай, з зеленаватымі пражылкамі.

Помню, як уразілі мяне сухія расліны на нацюрмортах Міколы Рыжага. Кажуць, што трымаць сухацветы дома – да суму. Нягледзячы на гэта, усё ж трымаю… На палотнах майстра – бяссмертнікі, мяцёлкі, чарот… «Сухія кветкі магу маляваць бясконца», – прызнаваўся ён. Простыя, дакладна-натуралістычныя фларыстычныя кампазіцыі нясуць адбітак незямнога, нібы святыя, узятыя на неба жыўцом. І сум, які яны спараджаюць, – светлы, лірычны. Глядзіш на палатно і адчуваеш, з якім задавальненнем вымалёўваў аўтар усе гэтыя пялёсткі, сцёблы, мяцёлкі, шышачкі, як любоўна вывяраў нюансы.

Ілюстрацыя да кнігі «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Уладзіміра Бутрамеева. Рагвалод.

На пейзажах мастака ажывае прырода Барысаўшчыны, яго малая радзіма – вёска Уцеха, для якой у 2009 годзе Мікола Рыжы зрабіў жэст сапраўднай сыноўскай удзячнасці: дзякуючы яму і ягонаму земляку там з’явіўся помнік у форме капліцы, прысвечаны ўраджэнцам Уцехі.

За сваё творчае жыццё Мікола Рыжы выстаўляўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Республікі Беларусь, у мінскім Палацы мастацтваў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва сталіцы. Шмат разоў яго персанальныя выстаўкі прымала галерэя «З’ява» Цэнтральнай Барысаўскай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева. У 2019 годзе тут прайшла пасмяротная выстава мастака, якую наведала шмат барысаўчан.   

Ілюстрацыя да кнігі «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Уладзіміра Бутрамеева. Францыск Скарына.

Апошняе дзесяцігоддзе Мікола Рыжы працаваў у майстэрні, якая месцілася на плошчы імя 900-годдзя Барысава – у знакавым месцы старога горада, яго гістарычным цэнтры, дзе старажытны Свята-Васкрасенскі сабор і помнік заснавальніку горада – князю Барысу Усяславічу. Робячы рамонт у майстэрні, усё сваімі рукамі, Мікола Рыжы ўбачыў на балконе лічбу «1893» – узрост будынка ўражвае, хоць у старым Барысаве гэта, бадай, і не дзіўна. У гэтай майстэрні яму лёгка, хораша працавалася. На сценах ён развесіў свае фота з сябрамі – вядомымі мастакамі. Гістарычны цэнтр горада вельмі пасаваў яму і ягонай творчасці.

Кожную дэталь у сваіх графічных і жывапісных працах Мікола Рыжы ўмеў насыціць духам Радзімы, прычым рабіў гэта натуральна, праз сваю любоў да таго, што маляваў. «Многія мастакі з’язджаюць за мяжу, страчваюць сваю нацыянальную асаблівасць дзеля таго, каб зарабляць грошы, – казаў ён. – Я на гэтую “хваробу” не пакутую». Сапраўды, Мікола Рыжы паказаў у сваёй творчасці гістарычнае мінулае нашай краіны і яе сённяшні дзень, яе прыроду і славутых людзей, якімі мы заслужана ганарымся. Творы яго застаюцца з намі, як і памяць пра мастака. 

Алена БРАВА

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.