Вы тут

У Барысаве адкрылася рэтраспектыўная выстаўка «Ступені майстэрства»


У мастацкай галерэі «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева адкрылася рэтраспектыўная выстаўка дыпломных работ выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава «Ступені майстэрства». Падзея адбылася на Тыдні бацькоўскай любові.


Куратар выстаўкі Таццяна Савік.

Аляксей Глебаў — знакаміты скульптар, аўтар аднаго з найлепшых помнікаў Францыску Скарыну ў Полацку, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Выстаўка «Ступені майстэрства» — своеасаблівая даніна памяці.

Загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Таццяна Кірылава звярнулася да гісторыі галоўнай мастацкай навучальнай установы краіны, якая дае сярэднюю спецыяльную адукацыю.

У 1947 годзе Мінск быў разбураны, але ўжо тады краіна мела патрэбу ў мастацкіх кадрах, людзі цягнуліся да прыгажосці. Мастакі-франтавікі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, працавалі актыўна. Не менш актыўна паступалі і ў Глебаўскае вучы­лішча, якое адчыніла свае дзверы для абітурыентаў якраз у 1947-м. Пра гэты час мог доўга ўспамінаць народны мастак БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі Леанід Шчамялёў.

— Гісторыя гэтай найстарэйшай прафесійнай навучальнай установы шматгранная і цікавая, — адзначыла Таццяна Кірылава. — Я з вялікай павагай і захапленнем ставілася да выпускнікоў «Глебаўкі». Ведаю многіх і рада заўжды бачыць іх у сценах нашай бібліятэкі. У мастацкай галерэі «З’ява» праходзілі персанальныя выставы вядомых беларускіх мастакоў Леаніда Шчамялёва, Барыса Аракчэева, Уладзіміра Уродніча, Андрэя Басалыгі, многіх іншых майстроў. Уяўляю, з якім гонарам у Глебаўцы гавораць аб сваіх выкладчыках і выпускніках, таму што яны — залаты фонд сучаснага беларускага мастацтва.

Антон Валатовіч «Праца ў агародзе», 1963 г.

 

Сустрэліся не толькі прафесіяналы і аматары мастацтва, але і калегі па працы і творчасці — супрацоўнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава і дзіцячай мастацкай школы імя Анатоля Анікейчыка г. Барысава.

— Каледж імя Глебава — адна з прэстыжных навучальных устаноў, куды паступаюць пры жаданні атрымаць сур’ёзную мастацкую адукацыю, — звярнуў увагу на даўнюю ўзаемасувязь навучальных устаноў дырэктар дзіцячай мастацкай школы імя А. А. Анікейчыка г. Барысава Сцяпан Клімчук.

— Дзякуй Таццяне Ігараўне Савік, якая сёння выкладае ў каледжы, за падтрымку ініцыятывы, усім, хто займаўся фарміраваннем выстаўкі. У каледжы дзейнічае праект «Глебаўка збірае сяброў», з якім у гонар 75-годдзя нашай навучальнай установы летась мы праехалі па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Сёлета нашы выпускнікі таксама выстаўляюцца. У Барысаве атрымаўся выдатны працяг, — зазначыў дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Аляксандр Шантаровіч.

Аляксандр Валер’евіч уручыў Таццяне Кірылавай яркае альбомнае выданне пра гісторыю «Глебаўкі» «Шлях у мастацтва».

Святлана Баева «Ніці лёсу», 2009 г.

Выкладчыца дзіцячай мастацкай школы імя А. А. Анікейчыка г. Барысава, выпускніца «Глебаўкі» Наталля Царык згадала час вучобы ў вучылішчы і адзначыла, што карысна ўбачыць карціны педагогаў і студэнтаў разам.

У экспазіцыі заяўлена 26 фарматных работ з глыбокім філасофскім падтэкстам.

Алена БРЫЦКАЯ

Фота Элы ГАЛЬКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.