Вы тут

Мабільную праграму «Дзённік падарожніка» распрацоўваюць для школьнікаў


Мабільную праграму «Дзённік падарожніка» распрацоўваюць для школьнікаў. Аб гэтым расказала намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Жур падчас праведзенага круглага стала ў БелТА.


Фота: pexels.com

«Гэта аналаг папяровага варыянта дзённіка падарожніка: у ім можна будзе ў электронным выглядзе аформіць інфармацыю аб тых мясцінах воінскай славы, якія дзеці наведалі. Мы пакуль знаходзімся на пачатковай стадыі распрацоўкі, але многім ужо цікава. Дзеці, асабліва малодшага школьнага ўзросту, любяць па-мастацку афармляць свае работы, што дазваляе лепш запомніць, адкласці ў памяці тое, што ім удалося ўбачыць. І дадатак будзе гэтаму толькі спрыяць», — паведаміла Лідзія Жур.

Паводле яе слоў, у Беларусі вялікая ўвага аддаецца адукацыйнаму турызму. У краіне рэалізоўваецца пілотны праект, дзякуючы якому дзеці бясплатна могуць наведваць разнастайныя аб'екты, у тым ліку ваенна-гістарычныя, якія вывучаюцца ў рамках школьнай праграмы. Такая праграма распрацавана і для студэнтаў ВНУ. Сёння акцэнт у адукацыі робіцца на развіццё анлайн-формаў. «Дзеці любяць такі падыход, яны зацікаўленыя, самі імкнуцца ўдзельнічаць, ствараюць 3D-музеі. Дарэчы, апошнім часам мы працуем над стварэннем адзінай інфармацыйнай платформы «Патрыёт.by», да яе падключана больш як 70 устаноў адукацыі. Платформа дае магчымасць вялікай колькасці людзей далучацца да розных мерапрыемстваў і пры гэтым быць не проста слухачамі, а актыўна ўключацца ў працэс», — дадала намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Разам з пошукам новых формаў работы працягваецца рэалізацыя ўжо звыклых. «Праводзяцца інфармацыйныя гадзіны, дыспуты, прэс-канферэнцыі, інтэграваныя ўрокі. Працуе больш за 400 пошукавых аб'яднанняў, якія непасрэдна займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у раскопках згодна з заканадаўствам. Яны ахопліваюць больш як 4 тысячы навучэнцаў. Працягваюць работу ваенна-патрыятычныя клубы, пастаянна адкрываюцца новыя. Дзеці з задавальненнем іх наведваюць. І, безумоўна, Міністэрства абароны прыкладае ўсе намаганні, каб ім было цікава.

Таксама школьнікі вядуць пошукавую работу на базе музеяў ва ўстановах адукацыі У краіне такіх налічваецца каля 1,5 тысячы, з іх больш за 200 мае ваенна-гістарычную накіраванасць. Матэрыялы для іх збіраюць у тым ліку самі дзеці. Яны знаходзяць інфармацыю аб сваіх блізкіх, земляках, у іх з'яўляецца вялікая цікавасць да гэтай тэмы.

Для эфектыўнай работы ў сферы патрыятычнага выхавання можна выкарыстоўваць метад структураванай драмы. Аб гэтым расказала падчас круглага стала метадыст вышэйшай катэгорыі ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Венера Варановіч.

«Гэта новая форма і падыход, сутнасць якога ў тым, каб спазнаваць і вывучаць нешта праз эмоцыі і пачуцці. Ужо прайшоў шэраг семінараў. Так, на адным з іх мы разбіралі подзвіг Мікалая Кісялёва, які вывеў за лінію фронту праз Суражскія вароты больш за 200 чалавек. На базе дакументаў, успамінаў удзельнікі семінара пераўвасабляліся ў дзеючых асоб гісторыі. Эмоцыі прапускалі праз сябе, што дазваляе дасягаць патрэбнага выніку», — удакладніла Венера Варановіч.

Яна таксама паведаміла, што набірае ўсё большую папулярнасць такая форма работы, калі ў анлайн-фармаце ўзаемадзейнічае некалькі ўстаноў. Напрыклад, непасрэдна на ўроку праходзіць анлайн-экскурсія па музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, зносіны з экскурсаводам. Ёсць падобная практыка і ў Брэсцкай крэпасці. Ці калі школы праводзяць сумесныя анлайн-заняткі. Дзеці атрымліваюць заданні, разам працуюць і пазней абмяркоўваюць атрыманыя вынікі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.