Вы тут

Беларусы ўсё больш захапляюцца Беларуссю. Дзе і як лічаць за лепшае адпачываць нашы суайчыннікі?


Больш за 90 % беларусаў разглядаюць Беларусь як месца магчымага адпачынку. Каля 30 % нашых суайчыннікаў падарожнічаюць па краіне некалькі разоў на год. А сярод аб'ектаў, якія можна лічыць нашай візітоўкай, беларусы найчасцей называлі Мірскі замак, Брэсцкую крэпасць, Нясвіжскі замак, Белавежскую пушчу, Хатынь, а таксама Мінск, Брэст, Нясвіж, Гродна і Мір. Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук правёў сацыялагічнае апытанне «Турыстычныя перавагі жыхароў Беларусі». Апытанне праводзілася ў першых паўгоддзях 2021, 2022 і 2023 гадоў.


З сям'ёй на прыродзе

Важнай часткай жыцця адпачынак назвалі 73,4 % рэспандэнтаў (у 2021-м гэта лічба была вышэйшай — 87,7 %). Як патлумачыў намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Сухоцкі, пандэмія стала стрэс-тэстам для індустрыі турызму, таму многія хацелі падарожнічаць. А сёлета сітуацыя стабілізавалася.

Сярод спосабаў адпачынку, якім беларусы аддаюць перавагу, найчасцей называлі адпачынак на прыродзе (45,1 %), рыбалку, паляванне, збор ягад і грыбоў (39,2 %), адпачынак на дачы (31,5 %). Таксама сярод папулярных адказаў былі наведванне гістарычных мясцін, адпачынак на пляжы, наведванне прыродных адметных мясцін, храмаў і манастыроў, актыўны адпачынак, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы.

Пераважная большасць беларусаў аддае перавагу адпачынку з сям'ёй — 72,6 %. З сябрамі бавяць вольны час 35,4 %, у адзіноце — 11,7 %, з калегамі па працы ці вучобе — 7,4 %. Пры гэтым 70 % апытаных выбіраюць самастойную арганізацыю адпачынку, да тураператараў і агенцтваў звяртаецца 21,5 %. Спыняюцца падчас водпуску беларусы найчасцей у сваякоў (36,4 %), у гасцініцах і атэлях (30,5 %), у арандаваным жыллі (18,1 %), кемпінгах (14,5 %), санаторыях (12,7 %).

Топ-10 гарадоў і славутасцяў для наведвання

Каля 13 % апытаных планавалі сёлета выезд за мяжу. У топ-10 краін для падарожжаў нашых суайчыннікаў увайшлі Расія (42,3 % збіраліся наведаць гэту краіну), Турцыя (11 %), краіны Еўропы (7,9 %), Германія (яе апытаныя часта называлі асобна, 7,1 %), Егіпет (5,6 %), Польшча (5,6 %), Грузія (3,6 %), Іспанія (2,5 %), Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (2,3 %), Тайланд (1,9 %).

Усё больш беларусаў арыентуюцца пры выбары месца адпачынку на родную краіну — 91,7 % (у 2021 годзе такіх было 84,5 %). Пры гэтым 7,3 % не разглядаюць Беларусь як месца адпачынку. Іх спыняюць высокія, па іх меркаванні, цэны (37,2 %), мала цікавых і прывабных месцаў (15,9 %), недахоп інфармацыі (13 %), нізкая якасць сэрвісу (6,9 %).

— Беларусы ўсё больш захапляюцца Беларуссю, — каментуе Мікалай Сухоцкі. — У 2021 годзе тых, хто не разглядаў нашу краіну як месца адпачынку, было нашмат больш — 42,7 %.

Некалькі разоў на год па Беларусі падарожнічае каля 30 %, у асноўным гэта моладзь. Пятая частка апытаных не падарожнічала цягам года па краіне. Сярод мэт падарожжа найчасцей называлі наведванне гістарычных і культурных месцаў, сваяцкія візіты і наведванне малой радзімы, наведванне прыродных аб'ектаў, лячэнне і аздараўленне, наведванне мерапрыемстваў, фестываляў, выстаў, рэлігійных аб'ектаў.

У топ-10 рэгіёнаў, па якіх найчасцей падарожнічаюць, па выніках апытання ў 2023 годзе ўвайшлі Брэст, Мінск, Гродна, Нясвіж, Віцебск, Мір, Магілёў, Гомель, Полацк, Браслаў. Гэтыя ж гарады, толькі ў іншай паслядоўнасці, трапілі ў дзясятку месцаў, якія беларусы хацелі б абавязкова наведаць. Яна выглядае так: Брэст, Мінск, Гродна, Віцебск, Гомель, Магілёў, Мір, Нясвіж, Браслаў, Полацк.

А вось што нашы суайчыннікі параілі б сябрам ці гасцям краіны для наведвання: Брэст, Браслаўскія азёры, Нясвіж, Мінск, Гродна, Брэсцкую крэпасць, Мір, Белавежскую пушчу, Нарач, Віцебск. Топ-10 гістарычных аб'ектаў, вартых, па меркаванні апытаных, стаць візітоўкай Беларусі, выглядае так: Мірскі замак, Брэсцкая крэпасць, Нясвіжскі замак, Мінск, Нясвіж, Белавежская пушча, Брэст, Хатынь, Гродна і Мір.

Сярод мерапрыемстваў, якія беларусы хацелі б наведваць, найбольшую цікавасць выклікаюць музычныя конкурсы і фестывалі, а таксама кірмашы, гістарычныя мерапрыемствы, нацыянальныя святы, спартыўныя спаборніцтвы.

Адпачынак у санаторыях пакідае станоўчыя ўражанні

Чвэрць апытаных у апошнія пяць гадоў наведвала беларускія санаторыі. З іх 76,1 % задаволены якасцю паслуг. А ў 97,7 % такі адпачынак пакінуў станоўчыя ўражанні. Сярод найлепшых санаторыяў, па ўласных адчуваннях і водгуках сяброў, беларусы называлі здраўніцы «Нарач», «Радон», «Ружанскі», «Прыазёрны», «Прыдняпроўскі», «Белая вежа», «Рассвет-Любань», «Белая Русь», «Буг», «Азёрны».

Што адпачывальнікі хацелі б палепшыць у рабоце санаторыяў? Найперш разнастаіць культурна-масавыя мерапрыемствы. А таксама знізіць цэны, палепшыць харчаванне, абслугоўванне, спартыўны інвентар, пашырыць пералік працэдур, зрабіць больш сучасны рамонт, палепшыць якасць медыцынскіх працэдур і медыцынскую базу.

У цэлым каля 65 % апытаных лічыць, што апошнім часам сфера ўнутранага турызму змянілася ў лепшы бок, прычым найперш гэта датычыцца аздараўленчага сэрвісу. А вось над развіццём пунктаў грамадскага харчавання на турыстычных аб'ектах і па дарозе да іх варта яшчэ папрацаваць. Лячэбна-аздараўленчы турызм беларусы лічаць і найбольш перспектыўным відам. Таксама развіваць варта ваенна-гістарычны і аграэкатурызм. Сярод перспектыўных называлі актыўны і спартыўны, культурна-адукацыйны, пляжны, падзейны, рэлігійны і прамысловы віды турызму.

Апытаныя выказалі меркаванне, што ў нашай краіне варта павялічваць колькасць бюджэтных месцаў для адпачынку, прасоўваць адметныя мясціны ў СМІ, паляпшаць якасць абслугоўвання ў існуючых аб'ектах і павялічваць колькасці новых, развіваць турызм, арыентаваны на мясцовую і рэгіянальную спецыфіку. Якія меры могуць гэтаму спрыяць? Найперш рэстаўрацыя і аднаўленне культурна-гістарычных помнікаў і арганізацыя свят і фестываляў, а таксама развіццё інфраструктуры і пашырэнне сеткі турыстычных маршрутаў і інфармацыі пра іх.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.