Вы тут

Агляд лютаўскай «Маладосці»: Жаданні і здзяйсненні


Пабачыў свет лютаўскі нумар часопіса «Маладосць». Тыражы літаратурна-мастацкіх выданняў зараз не дужа вялікія. І ў рознічным гандлі не так проста знайсці іх, таму «Звязда» імкнецца падрабязна знаёміць са зместам аўтарытэтных літвыданняў. А прачытаць, між іншым, на іх старонках заўсёды можна шмат цікавага. 


У лютаўскім нумары «Маладосці» прозу і паэзію прадстаўляюць Юлія Макарэвіч (друкуецца яе апавяданне «Запаветнае жаданне»), Марына Варабей (змешчана яе вершаваная падборка «Дыхаем пра адно і тое»), Ліндо Рандзір (знаёмцеся з яго апавяданнем «Дзяўчына Міра»), Ірына Чачотка (паэтка сярод іншых твораў знаёміць з вершам «Каліна зімы», які адрасуе «Памяці Я. Янішчыц), Яна Нікіфарава (паэтэса, аўтар двух зборнікаў, у «Маладосці» выступае з двума кароткімі апавяданнямі), Яна Цэгла (адрасуе чытачу падборку казак), Андрэй Кімбар (не абмініце яго вершаваную падборку «Золку чароўныя сполахі»). Выступаюць у нумары і пісьменнікі старэйшага пакалення: Навум Гальпяровіч з маленькай аповесцю «Горад», Хведар Гурыновіч з падборкай вершаў «Полымя, вада, жанчына», Уладзімір Мазго з цыклам лірычных мініяцюр «Знічкі вечнасці». 

Уражлівай падаецца публікацыя ў раздзеле «Пераклады» — «Маладосць» друкуе пераклады апавяданняў Джэймса Джойса «Эвэлін», «Маці», «Трагічны выпадак». Над пераўвасабленнем твораў вялікага ірландскага пісьменніка рупіліся студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Андрэй Палуян, Марына Макарыч, Кацярына Гулецкая. 

Дасведчаны архівіст і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль падрыхтаваў для «Маладосці» дзённікавыя запісы Алеся Наўроцкага, аб’яднаныя адной назвай — «Споведзь». З прадмоўкі да публікацыі: «...„Споведзь“ — гэта, можна сказаць, спалучэнне дзённікавага, мемуарнага і белетрыстычнага жанраў, а месцамі і журналісцкага рэпартажу: пісьменнік не без іроніі занатоўваў пачутае на канферэнцыях медработнікаў і сесіях сельсавета. Яшчэ адна частка, пад назвай „Запісная кніжка (Калі я працаваў санфельчарам)“ увабрала ў сябе пачутыя дыялогі, жарты, прыказкі, прымаўкі і асобныя словы». Да 100-годдзя з дня нарадждэння народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага выступае з артыкулам Юлія Кавалёва. Знойдзеце ў лютаўскай «Маладосці» і інтэрв’ю публіцыста Зіновія Прыгодзіча з Уладзімірам Слабодчыкавым «Скульптура — мастацтва без слоў». Наконт пытання, ці не састарэў жанр рамана, разважаюць Алег Ждан, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Генадзь Аўласенка. 

Паверце, у лютаўскай «Маладосці» ёсць што пачытаць. Не пашкадуеце, адкрыўшы гэты нумар часопіса. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.