Вы тут

Кнігі як юбіляры


Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага заўсёды вылучаецца цікавымі ініцыятывамі, якія скіраваны на пашырэнне бібліятэчнай і ўвогуле асветніцкай прасторы. Адкрыйце, напрыклад, «Каляндар знамянальных і памятных дат на 2022 год», які толькі што падрыхтавалі берасцейцы. Складальнікі — супрацоўнікі навукова-метадычнага аддзела абласной бібліятэкі А. КУЗЬМІНА, А. ПАСТЫКА. Рэдактарам выступіла намеснік дырэктара — Л. КАРОЛЬ. Адказны за выпуск — дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага А. СТРЫЖЭВІЧ. 


У календары — наступныя раздзелы: «Даты беларускага і краязнаўчага календара»; «Даты расійскага і замежнага календара»; «Кнігі-юбіляры». 

Звернемся спачатку да тэмы пра кнігі, якім з часу выдання спаўняецца той ці іншы юбілей. І пачатак, трэба заўважыць, даволі цікавы. У 2022 годзе — 1595 год з дня нараджэння кнігі Аўрэлія Аўгусціна Блажэннага «Пра град Божы» (427). 825 гадоў з часу напісання паэмы «Сем прыгажунь» Гянджаві Нізамі. «Бедная Ліза» М. Карамзіна надрукавана ў часопісе 230 гадоў назад — у 1792-м... 

Сярод кніг-юбіляраў — творы А. С. Пушкіна, М. В. Гогаля, М. Ю. Лермантава, І. А. Ганчарова, Л. М. Талстога, І. С. Тургенева, М. Я. Салтыкова-Шчадрына, Ф. М. Дастаеўскага... 100 гадоў спаўняецца аповесці-феерыі Аляксандра Грына «Пунсовыя ветразі», «Майдадыру» К. Чукоўскага. 

А якія ж даты краязнаўчага, рэгіёназнаўчага характару аказаліся ў полі зроку берасцейскіх бібліятэкараў? У 2022 годзе спаўняецца 925 гадоў з часу першага ўпамінання Пінска ў летапісах (1097); 735 гадоў — першай згадкі Кобрына ў Іпацьеўскім леапісе (1287); 570 гадоў першага ўпамінання Драгічына ў пісьмовых крыніцах (1452)... Юбілеі будуць адзначаць і Бяроза, Лагішын, Ружаны, Пружаны. 

Што датычыць асоб, то ў студзені 2022 года спаўняецца 75 гадоў ураджэнцу Давыд-Гарадка — пісьменніку Георгію Марчуку, 60 гадоў скульптару Аляксандру Дранцу (нарадзіўся ў Столінскім раёне). У лютым — 70 гадоў мастаку-манументалісту Уладзіміру Крываблоцкаму (нарадзіўся ў Пружанскім раёне), 70 гадоў — пісьменніцы Ніне Гарагляд (нарадзілася ў Пінскім раёне). У сакавіку — 75 гадоў вядомаму беларускаму журналісту Леаніду Екелю (нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне). Не забыліся берасцейскія бібліятэкары на даты з дня нараджэння тых пісьменнікаў, асветнікаў, дзеячаў мастацтва, вучоных, хто даўно пайшоў з жыцця. У 2022 годзе — 130 гадоў з дня нараджэння паэта Альбіна-Міхаіла Дзяконскага (ураджэнец Жабінкаўскага раёна), 140 гадоў з дня нараджэння драматурга, рэжысёра, акцёра Уладзіслава Галубка (нарадзіўся ў Баранавіцкім раёне), 115 гадоў з дня нараджэння мастацтвазнаўцы Алены Аладавай і шмат іншых цікавых асоб, якія пакінулі свой след у айчыннай гісторыі. 

Адметна і тое, што па-за ўвагай складальнікаў не засталіся краязнаўцы Берасцейшчыны, Беларусі. Гаворка пра юбілеі Льва Коласава, Рамана Гашкевіча (1892 — 1962), Баляслава Брэжгі (1887 — 1957), Паўла Баброўскага (1832 — 1905), Міхася Мялешкі (1892 — 1941)... 

«Каляндар знамянальных і памятных дат на 2022 год» (Брэст, 2021), падрыхтаваны ў папяровым і электронным фарматах, — безумоўна, добры дапаможнік для арганізацыі асветніцкай, краязнаўчай працы. Зразумела, найперш — на Берасцейшчыне. За гэта застаецца толькі падзякаваць калектыву Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.