Вы тут

Пісьменнік з Чэрвеня жыў у Карэліі, Ізраілі


Разглядаючы карту літаратурнага краязнаўства Міншчыны, Чэрвеньшчыны, нельга абыйсці імя ўраджэнца Чэрвеня Лазара ШАПІРЫ (1928 — 2006), чый зямны шлях завершыўся ў Тэль-Авіве. 


Першая кніга ўраджэнца Міншчыны пабачыла свет у 1960 годзе — «Хлопчык з ліхтарыкам». У Петразаводску. У Карэльскім кніжным выдавецтве. Як жа туды патрапіў наш зямляк?..

Бацька Лазара быў спецыялістам у галіне лясной гаспадаркі. І ў пачатку 1930-х гадоў сям’я пераехала ў Карэлію. Можна толькі ўявіць, колькі блізкіх ім людзей засталося на Чэрвеньшчыне, Пухавіччыне і загінула ў полымі Вялікай Айчыннай вайны... Яўрэяў расстрэльвалі ў Смілавічах, Чэрвені, Дукоры, Пухавічах, іншых мясцінах старажытнай Ігуменшчыны, дзе яўрэі дагэтуль жылі ўжо не адно стагоддзе. 

Лазар Шапіра ў 1952 годзе закончыў Петразаводскі дзяржаўны ўніверсітэт. Па размеркаванню быў накіраваны на працу ў школу сяла Вядлозера. Дырэктарам шкколы там працаваў Урха Руханен. Вядлозера — старадаўняе карэльскае сяло, адміністрацыйны цэнтр Вядлозерскага сельскага пасялення Пражынскага нацыянальнага раёна Рэспублікі Карэлія. Недзе каля тысячы жыхароў. Тут працуе племсаўгас. Ёсць лясніцтва. Ёсць у Вядлозеры і Дом культуры, бібліятэка... У 2013 годзе тут арганізаваны Дом карэльскай мовы. Праз паселішча пралягае Блакітны турыстычны маршрут (Швецыя — Нарвегія — Фінляндыя — Расія). Вёска размешчана на паўночна-усходнім беразе возера Вядлозера, у якое ўпадае рака Вохта... Вось у такіх прыгожых, цікавых і шматнацыянальным складам насельніцтва мясцінах спеў, фарміраваўся мастацкі талент нашага земляка. 

Лазар Шапіра ў Вядлозеры пасябраваў з дырэктарам школы. Урха Руханен — вядомы карэльскі пісьменнік. Яшчэ ў 1930-я гады працаваў адказным сакратаром фінскага часопіса ў Петразаводску. Склаў шэраг падручнікаў і хрэстаматый для фінскіх школ Савецкага Саюза. Перакладаў на фінскую мову вучэбную і мастацкую літаратуру. У 1937 быў зволены з працы і выключаны з Саюза пісьменнікаў СССР. У 1938 годзе Урха Руханена арыштавалі і да 1946 года ён знаходзіўся ў мясцінах зняволення. У 1947 годзе, пасля вызвалення, прыехаў у Вядлозера, дзе і працаваў дырэктарам школы да 1961 года. У сакавіку 1956 года пісьменніка і педагога рэабілітавалі. У хуткім часе ён пераехаў у Петразаводск... Дарэчы, Урха Руханен — перакладчык на фінскую мову і твораў класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Васіля Быкава. Перакладчыцкім заняткам сябра Лазара Шапіры спрыяла і тое, што ён працаваў у Петразаводску ў фінскай рэдакцыі вядомага выдавецтва «Прогресс».

...У 1960 — 1970-я гады ў Петразаводску выйшлі многія дзіцячыя кнігі Лазара Шапіры — «Мае знаёмыя», «Добра, Ілмары!», «Так яно і было», «Добрай раніцы», «Строгі настаўнік», «Пра мяне і пра ўсіх»... Крытыка адносіла творы Лазара Шапіры да «добрай літаратуры». 

У 1993 годзе наш зямляк пераехаў у Ізраіль. Доўга хварэў, у апошнія гады жыцця аслеп. І памёр у 2006 годзе ў Тэль-Авіве. Час ад часу асобныя апавяданні Лазара Шапіры друкуюцца ў вучэбных дапаможніках, хрэстаматыях і зараз. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.