Вы тут

Арабіст пра вытокі араба-ізраільскага канфлікту


Пра вытокі араба-ізраільскага канфлікту гутарым з вядомым арабістам, загадчыкам кафедры новай і найноўшай гісторыі БДУ, доктарам гістарычных навук, прафесарам Уладзімірам Кошалевым.


— Праблема цяпер на Блізкім Усходзе — гэта палесціна-ізраільскі, але ж у большай ступені гэта араба-ізраільскі канфлікт, якому ўжо шмат-шмат гадоў. Часам ён згасаў, але цяпер абвастрыўся, як ніколі. Вы як яго кваліфікуеце, Уладзімір Сяргеевіч?

— Згодзен, што палесціна-ізраільскі канфлікт неабходна разглядаць у кантэксце араба-ізраільскага канфлікту. А араба-ізраільскі канфлікт неабходна разглядаць у цэлым у кантэксце міжнароднай сітуацыі, у кантэксце глабальных праблем. Так ёсць у гэтым стагоддзі, так было ў ХХ і нават у ХІХ стагоддзях. Вось такая матрошка супадпарадкавання гэтых праблем — адной у дачыненні да іншай.

— Наогул Палесціна як гістарычная тэрыторыя існавала задоўга да з’яўлення гэтага канфлікту. Яна была складовай часткай Асманскай імперыі. Калі імперыі развалілася пасля Першай сусветнай вайны, яна стала падмандатнай тэрыторыяй Вялікабрытаніі. Корань праблем у тым, што на тэрыторыі Палесціны больш уплывовыя сілы задумалі стварыць яўрэйскую дзяржаву…

— Сапраўды, стварэнне дзяржавы Ізраіль — гэта ўнікальная падзея ў сусветнай гісторыі. Адразу не магу згадаць выпадку, каб дзяржава, якая па назве існавала 2-3 тысячы гадоў таму, была адноўлена ў наш час, у ХХ стагоддзі. Гэта ўнікальная сітуацыя, якая прымушае нас звярнуцца не толькі да нядаўніх падзей, але і да спраў даўно мінулых дзён.

— Ну а сучасная гісторыя жахлівая, 7 кастрычніка 2023 года з тэрыторыі сектара Газа выпушчаны тысячы ракет па Ізраілі, пасля якіх пачаліся наземныя напады радыкальных палесцінскіх рухаў ХАМАС і «Ісламскі джыхад». Так была створана нагода для таго, каб Ізраіль адказаў.

— Безумоўна, гэта нагода для любой нармальнай дзяржавы адказаць на падобны тэрарыстычны акт, на акт нападу, які суправаджаўся нябачанымі ахвярамі для Ізраіля.

— Але мы ў першую чаргу звернемся да вытокаў, датычных стварэння дзяржавы Ізраіль. Гэта 1947 год. Перадумовы і непасрэдныя вытокі сыходзяць у адносна недалёкае мінулае і да гістарычнай тэрыторыі Палесціны, дзе цяпер знаходзяцца Іарданія, дзяржава Ізраіль, няпоўная дзяржава Палесціна.

— Сапраўды гэта так, але ж мы пойдзем далей у мінулае. На гэтай гістарычнай тэрыторыі ў пачатку ХІХ стагоддзя пражывала ўсяго некалькі тысяч яўрэяў — ад пяці да васьмі. Да канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя сітуацыя мяняецца — іх колькасць павялічваецца. А ў сярэдзіне ХХ стагоддзя абвяшчаецца дзяржава Ізраіль. Да гэтага часу быў гатовы ўвесь інструментарый, усе гэтыя планы рэпатрыяцыі яўрэяў, інстытуалізацыі будучай дзяржавы — усё гэта не нарадзілася ў адзін дзень. Доўжылася гэта з канца ХІХ стагоддзя, з утварэння Сусветнай сіянісцкай арганізацыі, якая паставіла задачу стварыць дзяржаву для яўрэяў на тэрыторыі Палесціны. Пасля выхаду кнігі Тэадора Герцля ў 1896 годзе «Яўрэйская дзяржава» канчаткова зацвердзіліся са стварэннем дзяржавы на тэрыторыі Палесціны — на тэрыторыі без народа, якая павінна належаць народу без тэрыторыі. Вось такая формула была ўведзена.

— Калі Асманская імперыя развалілася, у 20-х гадах ХХ стагоддзя Атацюрк правёў рэвалюцыю, у выніку якой нарадзіліся дзяржавы, якія не існавалі раней. Палесціны сярод іх не аказалася. У той час гэта тэрыторыя была падмандатнай Вялікабрытаніі.

— Да нядаўняга часу дзяржавы Палесціны не было ні ў якой форме — ні ў пераддзяржаўнай, ні ў форме ўласна дзяржавы. Гэта была гістарычная вобласць, як, напрыклад, Закаўказзе. Палесціна ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі і падпарадкоўвалася яе кіраўніку. Усе астатнія арабскія тэрыторыі рэгіёна таксама ўваходзілі ў склад Асманскай імперыі. На асколках Асманскай імперыі ўзніклі Турцыя і шэраг іншых сучасных арабскіх дзяржаў, якія ў асманскі перыяд таксама не мелі дзяржаўнага статусу. Яшчэ Першая сусветная вайна не скончылася, а Англія і Францыя падзялілі тэрыторыю Блізкага Усходу на сферы ўплыву. І менавіта Англіі дасталася вось гэтая гістарычная Палесціна. Яна знаходзілася ўжо фактычна пад брытанскай акупацыяй. Усё гэта было легітымізавана ў 1922 годзе рашэннем Лігі Нацый. Англія атрымала мандат на кіраванне гэтай тэрыторыяй. Матывавалася гэта тым, што насельніцтва яшчэ не дарасло да дзяржаўнасці. Падрасце, маўляў, трохі, атрымае адукацыю, выхаваецца неяк, тады можна будзе падумаць аб ліквідацыі права Англіі на кіраванне Палесцінай. Яна стала, па сутнасці, калоніяй. Мандат быў фігавым лісточкам, які прыкрываў гэты факт. Ёсць яшчэ адзін важны момант. Ліст міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Бальфура аднаму з апекуноў сіянісцкага руху барону Ротшыльду. У англійскім варыянце гэтая дэкларацыя складаецца з 54 слоў. Урад абяцаў яўрэям, г. зн. сіянісцкаму руху, усяляк садзейнічаць стварэнню яўрэйскага нацыянальнага ачага на тэрыторыі Палесціны. З гэтага моманту ўзмацняецца рэпатрыяцыя яўрэяў на тэрыторыю Палесціны.

— Міграцыя яўрэйскага насельніцтва вяла да сутыкнення інтарэсаў з мясцовым насельніцтвам, з арабамі. Адзін час прыйшлося абмяжоўваць гэтую міграцыю.

— Адным словам, арабы і яўрэі ў ХХ стагоддзі сталі ненавідзець адзін аднаго. Або, лепш сказаць, іх навучылі ненавідзець адзін аднаго. Таму што гістарычна адносіны паміж арабамі і яўрэямі былі даволі добрыя. Мірныя. Ва ўсіх хоць трохі буйных арабскіх гарадах пражывала яўрэйская абшчына. Яна жыла адасоблена. Канфліктаў на гэтай глебе не было. У процівагу таму, што я чытаю і чую, хачу падкрэсліць, што канфлікт мае тысячагадовыя карані, што гэта заканамернае наступства той далёкай эпохі, пра якую мы нічога не ведаем. 

Я лічу правільнай думку, што іх навучылі ненавідзець адзін аднаго ў ХХ стагоддзі. Гэта быў вынік дзейнасці Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Яна была створана ў 1897 г. 

Эксплуатавалася рэлігійная цяга яўрэяў-іўдзеяў да гары Сіён — гэта важны кантэкст. Такім чынам, з аднаго боку, палітыка буйных еўрапейскіх дзяржаў, з іншага боку, Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Недзе іх інтарэсы перапляталіся, таму што Вялікабрытанія выкарыстоўвала сіяністаў у якасці інструмента сваёй палітыкі. Гэты інструмент быў вельмі значным, праўда, часта іграў сваю музыку. Дзейнічаў сам па сабе. Палітыка Вялікабрытаніі ў заахвочванні міграцыі яўрэяў вяла да сутыкнення інтарэсаў з мясцовым насельніцтвам, арабамі. Вялікабрытанія ўсяляк садзейнічала стварэнню сіянісцкіх арганізацый і структур на тэрыторыі Палесціны. Задоўга да абвяшчэння Ізраіля ўжо існавалі правобразы розных устаноў і інстытутаў. Ствараліся падпольныя ваенізаваныя арганізацыі тыпу Іргун, Штэрн, Лехі і іншыя, якія з абвяшчэннем Ізраіля сталі складовай часткай палітычнага арганізма ў цэлым, арміі абароны Ізраіля ў прыватнасці. Не раз прыйшлося абмяжоўваць міграцыю. У самым пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя хваляванні былі настолькі моцныя, што частку Палесціны давялося аддаць пад стварэнне Трансіарданіі, іншымі словамі, «за Іарданам», на ўсходнім беразе Іардана. Затым у 30-я гады працэс міграцыі быў перапынены, таму што пачалося вялікае паўстанне арабаў у Палесціне 1936–1939 гг. 

Пад такой назвай яно і ўвайшло ў гісторыю. Была і іншая прычына. Арабскія ўрады, арабы іншых краін таксама былі негатыўна настроены ў адносінах да гэтага працэсу. Хачу адзначыць, што савецкая школа ўсходазнаўства, паслядоўнікам якой я з’яўляюся, больш аб’ектыўна падыходзіць да разумення нюансаў, пра якія я расказваю.

— Я чытаў, што СССР прыклаў руку да стварэння Ізраіля. Сталін выступіў за тое, каб Ізраіль быў. Як бы вы растлумачылі гэта?

— Дакументальна пацверджана, што Савецкі Саюз адназначна «прыклаў руку» да стварэння дзяржавы Ізраіль. Ён падтрымаў яго стварэнне пасля таго, як пытанне аб лёсе падмандатнай тэрыторыі Палесціны было перанесена на разгляд ААН. Вядома выступленне міністра замежных спраў Андрэя Грамыкі ў падтрымку стварэння гэтай дзяржавы, права яўрэяў на яе стварэнне. СССР прагаласаваў за стварэнне гэтай дзяржавы, адным з першых прызнаў яе 15 мая 1948 года. Устанавіў дыпламатычныя адносіны. Першым паслом у Савецкім Саюзе была Голда Меір. Аднак я разумею падтэкст вашага пытання — што ў Савецкага Саюза былі нейкія іншыя мэты, акрамя афіцыйна заяўленых. Сцісла можам закрануць гэтую тэму. Гаворка ідзе аб тым, што, па адной з версій, Савецкі Саюз падтрымаў дзяржаву Ізраіль не для таго, каб дэмакратычны Ізраіль супрацьпаставіць капіталістычнаму свету, імперыялістычнай Вялікабрытаніі. Іншымі словамі, не толькі для гэтага. Але і зыходзячы з іншых разлікаў. Коратка кажучы — стварэнне Ізраіля ў абмен на сакрэтныя матэрыялы Манхэтэнскага праекта. А гэта праект стварэння ядзернай зброі. У гэтым праекце было задзейнічана вельмі шмат яўрэйскіх вучоных — Эйнштэйн, Нільс Бор і іншыя. Амаль усе важныя ў праекце постаці былі яўрэямі. І вось выкарыстоўваючы гэты фактар, Сталін нібыта хацеў займець дакументы па стварэнні ядзернай зброі, паколькі СССР адставаў у гэтым ад ЗША і Германіі. У сувязі з гэтым было гарантаванае заступніцкае стаўленне да рэалізацыі сіянісцкага плана стварэння дзяржавы Ізраіль. Ускосным шляхам, не маючы пад рукой дакументаў, можна меркаваць нешта падобнае. Але я прывяду іншыя факты. Рэзалюцыя № 181 аб стварэнні дзяржавы Ізраіль была прынята ГА ААН 29 лістапада 1947 г. — рэзалюцыя аб падзеле Палесціны на дзве дзяржавы — арабскую і яўрэйскую. Яна з’яўляецца міжнародна-прававой асновай стварэння і існавання на тэрыторыі Палесціны, як дзяржавы Ізраіль, так і арабскай дзяржавы — Палесцінскай. За гэтую рэзалюцыю прагаласавалі 33 дзяржавы. Гэтага было дастаткова. Але за тры дні да гэтага, 26 лістапада, было першае галасаванне, яго назвалі папярэднім. Тады за рэзалюцыю прагаласавалі 25 дзяржаваў. Гэтага было недастаткова. Таму прыйшлося праз тры дні перагаласаваць. За гэты час дабавілася прыхільнікаў рэзалюцыі. Хто займаўся ўгаворамі? Не толькі сіяністы. Ды і ў іх не было аўтарытэту, асабліва ў азіяцкіх краінах. Але, я так думаю, і Савецкі Саюз. А хто яшчэ? Штаты ў той час індыферэнтна паставіліся да гэтага пытання. Вялікабрытанія была на нажах з сіянісцкім рухам. Сіянісцкія напалову ваенізаваныя арганізацыі ў 1945 годзе ўчынілі такі тэрор англічанам, што яны не сталі аднаўляць свой мандат на кіраванне Палесцінай і перадалі рашэнне пытання аб лёсе Палесціны ў нядаўна створаную ААН. Прапаноўваліся розныя праекты: напрыклад, стварэнне адзінай дзяржавы для двух народаў. Калі стала зразумела, што немагчыма стварыць араба-яўрэйскую дзяржаву, спыніліся на праекце падзелу на дзве часткі. Але ўжо як падзялілі — гэта асобная размова. Коратка скажу: не вельмі справядліва для арабаў і Палесціны.

— Таму і рушыла ўслед араба-ізраільская вайна 1947–1949 гг. Пагаворым аб тым, якія яна мела вынікі.

— У 1947 годзе нядаўна заснаваная ААН прапанавала новы план падзелу пакінутай часткі Палесціны на арабскую і яўрэйскую дзяржавы. Іерусалім і яго наваколле павінны былі застацца пад міжнародным кантролем. План быў прыняты яўрэйскімі лідарамі і адхілены арабскімі, якія ў цэлым пярэчылі стварэнню яўрэйскай дзяржавы, незалежна ад яе плошчы. Як выказаўся тагачасны кіраўнік Вярхоўнага арабскага камітэта Джамал Аль-Хусейні, «Палесціна будзе ахоплена агнём і крывёй, калі яўрэі атрымаюць хоць якую-небудзь яе частку». Так і сталася. Пачалася Араба-ізраільская вайна (1947–1949). У яе выніку каля паловы тэрыторый, якія ААН прапаноўвала вылучыць пад арабскую дзяржаву, а таксама Заходні Іерусалім, увайшлі ва ўтвораную дзяржаву Ізраіль. Пры гэтым Заходні бераг ракі Іардан, уключаючы Усходні Іерусалім, быў акупаваны Іарданіяй, а ў 1950 годзе анексіраваны ёй. Сектар Газа быў акупаваны Егіптам. Яўрэі на тэрыторыях былой падмандатнай Палесціны, якія кантралююцца арабамі, былі цалкам выгнаны або знішчаны, іх маёмасць канфіскавана. Іншымі вынікамі вайны сталі зыход і выгнанне з Ізраіля палесцінскіх арабаў-бежанцаў, а таксама сыход і выгнанне яўрэяў з мусульманскіх краін. Яўрэі арабскіх краін, якія страцілі дамы, змаглі атрымаць грамадзянства Ізраіля і іншых дзяржаў, але палесцінскім арабам-бежанцам было адмоўлена ў атрыманні грамадзянства ўсімі арабскімі краінамі. Толькі палесцінцы, якія апынуліся на Заходнім беразе ракі Іардан, атрымалі грамадзянства Іарданіі, якая анексіравала гэтую тэрыторыю.

— Яшчэ была Шасцідзённая вайна (1967 г.). У выніку яе сектар Газа і Заходні бераг ракі Іардан перайшлі пад кантроль Ізраіля; апрача аднаўлення старых, пачалося будаўніцтва новых яўрэйскіх паселішчаў.

— Заснаваная ў 1964 годзе Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП) адмаўляла, паводле сваёй Палесцінскай хартыі 1968 года, права Ізраіля на існаванне. Заяўляючы аб праве палесцінскага народа на самавызначэнне, АВП выкарыстоўвала як прапаганду, так і тэрор. Узаемнае прызнанне Арганізацыі вызвалення Палесціны і Ізраіля адбылося толькі ў верасні 1993 года. Бакі ўступілі ў перагаворы. Нягледзячы на прынятыя ў Осла пагадненні (1993–1995), канфлікт працягнуўся. У выніку гэтых пагадненняў сектар Газа і значная частка Заходняга берага Іардана апынуліся пад поўным або частковым кантролем АВП, якая стварыла Палесцінскую нацыянальную адміністрацыю. У абмен АВП абавязалася спыніць тэрор (гэтая канцэпцыя атрымала назву «тэрыторыі ў абмен на мір»). Тэрор, наадварот, узмацніўся. Кульмінацыя яго прыйшлася на пачатак 2000-х гадоў. Насуперак патрабаванням Палесцінскай нацыянальнай аўтаноміі, якія падтрымліваюцца ААН, ЕС і Дэмакратычнай партыяй ЗША, Ізраіль працягнуў будаўніцтва сваіх паселішчаў на Заходнім беразе Іардана і ў новых яўрэйскіх раёнах ва Усходнім Іерусаліме. Лічачы ўсю тэрыторыю Заходняга берага сваёй, палесцінскі бок называе такую дзейнасць «крадзяжом зямлі», «этнічнай чысткай» і «генацыдам», не прымаючы аднабаковую анексію Ізраілем любой часткі гэтых земляў, калі анексія адбудзецца не ў рамках канчатковай здзелкі. Па меркаванні часткі палесцінцаў, ізраільскія паселішчы на спрэчных тэрыторыях знішчылі магчымасць рашэння па формуле «дзве дзяржавы для двух народаў», паколькі арабскія і яўрэйскія населеныя пункты цяпер перамяшаныя, што абцяжарвае правядзенне граніц новай дзяржавы.

— Увесь свет гаворыць аб неабходнасці міру на Блізкім Усходзе. Гэта ж і амерыканцы гавораць. На словах яны за справу міру, цывілізаванае вырашэнне канфліктаў, перагаворы і ўсё такое…

— Дзіўную заканамернасць мы назіраем: дзе з’яўляюцца іх дыпламаты, там пачынаецца вайна. 

З уласцівым ім прагматызмам амерыканцы разлічваюць, што ўзаемны генацыд ізраільцян і палесцінцаў можа стаць для іх вельмі выгаднай справай, якая прыкрываецца лозунгамі, што Амерыка павінна вярнуцца на Блізкі Усход. Бяда ў тым, што Амерыка пасля Другой сусветнай вайны ніколі адтуль і не сыходзіла. Менавіта таму на Блізкім Усходзе і палае столькі ваенных канфліктаў.

Гутарыў Леанід НОВІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.