Вы тут

«Школьны» шашлычок, філе птушкі з ананасам і «разумныя буфеты». Як улічваюцца новыя тэндэнцыі ў харчаванні вучняў?


Адной з асноўных прычын, чаму старшакласнікі адмаўляюцца харчавацца ў школьнай сталовай, з'яўляецца знешні выгляд работнікаў кухні. Гэта паказала праведзенае некалькі гадоў таму анкетаванне сярод школьнікаў.


— Для дзяцей мае значэнне ўсё: як аформлена памяшканне, у якім яны харчуюцца, сервіроўка сталоў, які посуд пры гэтым выкарыстоўваецца, бо яны «ядуць вачыма», і такія нюансы для іх вельмі важныя, — падкрэслівае загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА. — Калі на харчаванне дзяцей у дашкольных установах скаргаў да нас практычна не паступае, то на арганізацыю харчавання ў школах скардзяцца часта.

Што не задавальняе дзяцей, якія адмаўляюцца наведваць школьную сталовую? Па-першае, у новага пакалення змяніліся смакавыя прыхільнасці. Мы лічым, што прыкладныя рацыёны для навучэнцаў павінны распрацоўвацца не на год, а пастаянна пераглядацца і абнаўляцца з улікам і сезонных асаблівасцяў, і густаў школьнікаў. Калі ў меню прысутнічае нейкая страва, якая пастаянна адпраўляецца ў адходы, ніякая агітацыя не дапамагае і дзеці ўпарта яе ігнаруюць, значыць, трэба замяніць. Канешне, мы не можам выканаць усе пажаданні і запыты дзяцей і іх бацькоў — мой унук, напрыклад, просіць мяне дазволіць у школе шаўрму (смяецца. — Аўт.). Харчаванне павінна быць здаровым, бяспечным і дыетычным. Але і ігнараваць новыя тэндэнцыі ў харчаванні сучасных дзяцей — няправільна!

«Што сёння часцей за ўсё трапляе ў адходы ў школьных сталовых? — разважае Ала Малахава. — Гэта першая страва, трэцяя і хлеб. У сельскай мясцовасці дзеці ядуць першую страву, там гэта традыцыя ў харчаванні захоўваецца, а ў гарадскіх сем'ях ужо даўно адмовіліся ад супоў. Таму зусім неабавязкова ўключаць іх у школьныя рацыёны або можна пакінуць раз ці два на тыдзень, напрыклад, боршч.

Увогуле, рацыёны для сельскіх і гарадскіх школьнікаў не могуць быць аднолькавыя. Заўважана, што гарадскія дзеці таксама не ядуць фармаваны хлеб у «цаглінках». Многія школьнікі не жадаюць піць салодкі чай, бо ў сям'і ад цукру адмовіліся. Таму мы рэкамендуем уключаць у меню не толькі салодкія напіткі. Увогуле, можна проста паставіць цукарніцу на стол, каму хочацца — няхай сам сабе падсалодзіць. У нарматыўных дакументах прапісана, што рацыёны павінны быць аднолькавыя і ў дзяцей, якія харчуюцца за кошт бюджэтных сродкаў, і ў тых, за чыё харчаванне плацяць бацькі. Але ў школах гэты дакумент трактуюць няправільна. У дзяцей абавязкова павінен быць выбар! У Мінску зараз практыкуецца два варыянты меню. Калі дзіця, напрыклад, не есць рыбу дома, то не будзе яе есці і ў школьнай сталовай. Значыць, мы выкідаем грошы на вецер: або дзяржаўныя, або бацькоўскія. Такое нельга дапускаць. Ссабойкі ў школе не забараняюцца, але яны павінны быць з карысных прадуктаў, захоўвацца ў належных умовах, і спажывацца ссабойка павінна не ў класе, а ў сталовай. Задача настаўніка (класнага кіраўніка) — прасачыць, ці харчуецца дзіця ў школе. Бо інтэрвалы паміж прыёмам ежы не павінны перавышаць чатыры гадзіны. А ўвогуле дзіця павінна на працягу сутак харчавацца чатыры разы. Трэба разумець, што школьнае харчаванне складае ўсяго 20—25 працэнтаў ад сутачнай патрэбы дзіцяці».

Ала Малахава заўважыла, што ёсць сем'і, якія перайшлі на вегетарыянства: «Але сапраўднае вегетарыянства — вельмі дарагое задавальненне, таму што прадукты, якія выключаюцца з рацыёну, трэба паўнацэнна замяняць. А ў нас часцей за ўсё проста адмаўляюцца ад тых ці іншых прадуктаў. Таму і педагогам, і ўрачам-педыятрам неабходна размаўляць і пераконваць бацькоў у тым, што пераводзіць дзяцей на вегетарыянства — недапушчальна. У 18 гадоў няхай яны самі вырашаюць для сябе пытанне, ці падыходзіць гэта ім».

Ала Малахава дадала, што харчаванне павінна адпавядаць нормам па каларыйнасці, наборы бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, адпавядаць узросту і фізічнай актыўнасці. Неабходна, каб яно было разнастайным. Штодня дзіця павінна ўжываць мяса, рыбу, гародніну, садавіну, малако (каля 500 мл у дзень), у тым ліку шклянку кефіру на ноч. Два разы на тыдзень спажываць смятану і тварог, а сметанковае масла і алей павінны быць у рацыёне дзіцяці кожны дзень.

Арганізацыяй харчавання ў сталічных установах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі займаецца Камбінат школьнага харчавання, а ў дашкольных — цэнтры па забеспячэнні дзейнасці ўпраўленняў па адукацыі дзевяці адміністрацыйных раёнаў Мінска.

У Мінску гарачым харчаваннем ахоплена каля 94 працэнтаў школьнікаў, а бясплатнае харчаванне атрымліваюць каля 55 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў. Як сцвярджае начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Люцыя МІХАЛЬЧУК, школьнае харчаванне не з'яўляецца абавязковым і пісаць пісьмовую адмову ад яго не патрабуецца. Але бацькам варта задумацца над тым, што толькі бутэрбродамі харчавацца няправільна.

Дарэчы, у новым вучэбным годзе ў харчаванні мінскіх школьнікаў з'явіцца шэраг навінак, якія павінны спадабацца дзецям.

«За летні перыяд мы распрацавалі новае меню на вучэбны год, якое прайшло гігіенічную ацэнку ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, — паведаміла дырэктар Камбіната школьнага харчавання горада Мінска Надзея ЛУКАШЭВІЧ. — З гэтага года ўзялі на сябе абавязацельства — абнаўляць школьнае меню кожную чвэрць, улічваць сезоннасць і перавагі дзяцей і бацькоў, каб ахоп школьным харчаваннем быў як мага большым. Так, у меню ўключаны як новыя стравы, так і класічныя, якія дзеці любяць. Ролы мы з яго выключылі, а шашлычок «Школьны», які вельмі падабаецца ўсім, уключылі ў восеньскае меню. У ліку навінак — філе курынае «Смачнае», запечанае пад сырнай-смятаннай масай, біточкі «Далікатныя», прыгатаваныя з мякаці сцягна кураня. Спадабаецца дзецям таксама філе птушкі, запечанае з ананасам.

З новых салатаў — «Рамонак» са свежага агурка з яйкам і цукровай кукурузай з раслінным алеем. А салата «Аліўе» ў школьным меню сёлета будзе ісці з дадаткам «новая» ў назве, таму што мы выключылі ў складзе цыбулю, якая не падабалася дзецям. У гэтым годзе для запраўкі і прыгатавання страў будзем працаваць на рапсавым алеі айчыннай вытворчасці, а ў якасці эксперымента ў дзіцячыя сняданкі ўключаем перапёлчыны яйкі.

Надзея Лукашэвіч заўважыла, што на сайце камбіната ёсць поўная інфармацыя аб прыкладных меню. І кожны з бацькоў можа паглядзець, што будзе ў дзіцяці ў гэты дзень ці на бягучым тыдні.

Дырэктар Камбіната школьнага харчавання таксама нагадала, што з верасня ў школах Мінска ўкараняецца праект «Разумны буфет». Купіць ежу дзеці ў ім змогуць па безнаяўным разліку праз асабісты QR-код.

— Гэты праект накіраваны на тое, каб выключыць наяўныя плацяжы і паскорыць абслугоўванне дзяцей у буфетах падчас перамены, — распавяла яна. — Акрамя таго, з'явіцца элемент празрыстасці. Усё, што купіць дзіця ў «разумным буфеце», выкарыстоўваючы QR-код, які яму прысвояць бацькі, яны змогуць убачыць у справаздачы ў дадатку. Дарослыя могуць выставіць абмежаванні па суме грошай альбо адзначаць у спецыяльным дадатку, якія стравы дзіцяці можна купляць, а ад якіх варта ўстрымацца. Гэта опцыя асабліва карысная, калі ў школьніка ёсць індывідуальныя абмежаванні, якія патрабуюць выключыць з харчавання пэўныя прадукты.

Упершыню «разумныя буфеты» былі апрабаваныя ў Партызанскім раёне Мінска летась. Яны атрымалі высокую ацэнку вучняў, бацькоў і настаўнікаў. У верасні такія буфеты адкрыліся ўжо ў ста сталічных школах, а да канца вучэбнага года плануецца ахапіць усе навучальныя ўстановы.

Што датычыцца школьных буфетаў, то, як заўважыла Ала Малахава, «яны не павінны пераўтварацца ў краму». Некалькі гадоў таму санітарная служба ўводзіла абмежаванні на рэалізацыю там кандытарскіх вырабаў і розных ласункаў.

— У буфеце могуць рэалізоўвацца салаты, садавіна, сокі, кісламалочныя прадукты. Калі дзецям прапануецца шакалад, то гэта павінен быць шакалад аднаго віду, напрыклад, «Любмімая Алёнка», а не дзесяць гатункаў розных вытворцаў, — падкрэсліла спецыяліст. — Мы не абмяжоўваем выпечку ўласнай вытворчасці, пры прыгатаванні якой выкарыстоўваецца сметанковае масла і не дапускаецца выкарыстанне маргарыну ці харчовых дабавак. Вельмі прыемна бачыць у школьных буфетах уласныя піражкі з капустай, яблыкамі, курагой — тое, што карыснае дзецям.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.