Вы тут

В’етнамская паэзія напісана крывёю сэрца...


Міколу Мятліцкага, паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва (дарэчы, нагодай для высокай адзнакі майстра мастацкага слова стаў яго плён у справе перакладу анталогіі «Пад крыламі Дракона: Паэты Кітая»), чытач выдатна ведае і як перакладчыка сусветнай паэзіі. У апошнія гады Мікалай Міхайлавіч працаваў над пераўвасабленнем на беларускую мову паэзіі В’етнама. Зараз праца над перакладам і укладаннем анталогіі завершана. Кніга рыхтуецца да выдання ў Выдавецкім доме «Звязда». А наша размова з спадаром Мятліцкім — пра тое, як праходзіла творчая праца, якія ўражанні пакінула знаёмства з паэзіяй далёкай азіяцкай краіны.


— Мікола Міхайлавіч, завершана чарговая вялікая праца. Вы пераклалі анталогію сучаснай в’етнамскай паэзіі — «Матылькі і бомбы»... Як прыйшла гэтая задума?

— Жаданне ўзяцца за пераклад в’етнамскай паэзіі — мара даўняя. Яна спароджана балючай дзіцячай памяццю, калі да сямейнага болю аб загінуўшых у гады ваеннага ліхалецця многіх мной не сустрэтых родзічах далучыўся і інфармацыйна данесены боль в’етнамскай трагедыі. Дзед Яўхім мяне, малога, часта прыводзіў на ўскраек калгаснага двара да былых сіласных ям, на месца расстрэлу сям’і ягонага брата Дзям’яна. Ён падоўгу стаяў моўчкі і курыў люльку, а я ганяўся за матылькамі ў густа сплеценым разнатраўі. Не памятаю, калі свядома ўявіў карціну гэтага жудаснага расстрэлу. Але потым ужо, як дзеда не стала, прыходзіў на расстрэльнае месца адзін — падоўгу стаяў у роспачным задуменні. А ўжо радыёэфір наскрозь быў працяты трывожнымі звесткамі з далёкай в’етнамскай вайны. Я запамінаў усёрастучы лік збітых амерыканскіх самалётаў, з жахам уяўляў разрывы скінутых бомб, ад асколкаў якіх гінулі такія ж дзеці, як Паліна і Паўлік, і калі бываў каля ям, узіраўся ў нябесны блакіт, мне здавалася, што вось-вось з’явяцца чарнакрылыя «Б-52», скінуць свае жахотныя бомбы. «Запырсканае крывёй, працятае слёзным: „мама“, яно над планетай усёй, неба В’етнама», — такія радкі, адны з першых, прыйшлі да мяне ў тыя мінуты ўзрушэння. Ужо ў гады літаратурнай сталасці захацелася пабачыць, сэрцам адчуць, як адлюстраваліся гэтыя смертаносныя дні ў в’етнамскай паэзіі. 

— У Беларусі традыцыйна перакладчыкі ў другой палове XX стагоддзя былі ўважлівыя да в’етнамскай літаратуры. Дастаткова прыгадаць Язэпа Семяжона з анталогіяй перакладаў в’етнамскай паэзіі «Апалены лотас», а яшчэ Янку Сіпакова з кнігай Хо Шы Міна «Турэмны дзённік». Вам знаёмы вопыт папярэднікаў?

— Я падаўся ў Мінск, у сваё студэнцтва, калі яшчэ амерыкана-в’етнамская вайна не была завершанай. Ужо на ўвесь свет крывавіла, як і наша Хатынь, паўднёвав’етнамская вёска Сангмі. Як тады пісалася ў газетах, усё прагрэсіўнае чалавецтва паўтарае адно: «Рукі прэч ад В’етнама!» Памятаю, з якім душэўным хваляваннем узяў у нашай «ленінцы» в’етнамскую паэтычную анталогію «Апалены лотас». Гэта было маё першае знаёмства з паэзіяй гераічнага В’етнама. У ёй тры дзесяцігоддзі непахіснага мужнага змагання за незалежнасць і цэласнасць краіны. Сплаў духу і мужнасці. Абапіраючыся на наш беларускі трагічны досвед, Язэпу Семяжону ўдалося данесці да кожнага сэрца і в’етнамскі боль, і в’етнамскую прагу волі. Але ў гэтай кнізе яшчэ не гучалі пераможныя акорды, якія пачуліся ў в’етнамскай паэзіі толькі ў 1975-м. Гераічны В’етнам здабыў сваю незалежнасць, прайшоўшы самыя трагічныя выпрабаванні, стаў адзінай краінай. Потым з не меншым хваляваннем чытаў і старонкі «Турэмнага дзённіка» Хо Шы Міна, пераствораныя па-беларуску нашым слынным Янкам Сіпаковым. Памятаюцца радкі аднаго з лепшых сыноў в’етнамскага народа, яго будучага лідара, датаваныя 12 лістапада 1942 года: 

Самалётаў варожых у небе гуд. 

Усе ў бамбасховішча бегма бягуць; 

І нас канвойнікі з камер выводзяць. 

Радасць — пад бомбамі! — волю адчуць! 

Язэп Семяжон.

Потым праз усю в’етнамскую змагарную паэзію скразной дамінантай духоўных сіл пройдзе знакамітая сцежка Хо Шы Міна. На гэту сцежку і мне, як перакладчыку, выпала ступіць. Жаданне заняцца перакладам в’етнамскай паэзіі яшчэ болей акрэпла ў душы, калі ў нашым мінскім Доме дружбы пачаў сустракацца з в’етнамскімі дзяржаўнымі дэлегацыямі, а таксама з непасрэднымі ўдзельнікамі тых гераічных падзей, нашымі землякамі. Гэта ўжо не сакрэт, што і нашы савецкія воіны ваявалі ў В’етнаме. Іх яшчэ ў нас болей за паўтары сотні, яны згуртаваліся ў самае гераічна дужае таварыства беларуска-в’етнамскай дружбы. Неаднойчы давялося бачыць, як шануе іх мужны ўнёсак у здабытую в’етнамскім народам перамогу кіраўніцтва гэтай краіны. Мая задума дакрануцца да паэтычных струн збалелай в’етнамскай душы набыла, як мне падалося, свой пэўны сэнс — даць і ім, і многім іншым суайчыннікам магчымасць пачуць на роднай мове тых в’етнамскіх паэтаў, чыя творчасць стала самымі адметнымі старонкамі народнай эпапеі змагання. Пакуль гэта пераклады твораў пятнаццаці паэтаў аднаго пераможнага пакалення ў трыццацігадовай барацьбе за сягонняшні мірны росквіт жыцця свайго народа. 

— Што зараз адзначылі б як агульную характарыстыку в’етнамскай паэзіі?

— В’етнамская паэзія дваццатага стагоддзя люструе сабой усе этапы складанай барацьбы за дзяржаўнае станаўленне. У ёй не маглі не ўвасобіцца памкненні многіх пакаленняў да шчасця і волі. Яна выспела, як і сам свабодалюбівы дух мужнага, нязломнага народа. Нават тады, калі можна было захапіць тэрыторыю, усталяваць каланіяльныя парадкі жыцця, нельга было адняць у народа непахіснай веры ў лепшую будучыню, надламіць чалавечае сэрца. І ў гады японскай акупацыі, і пад прыгнётам англічан, французаў, а потым і ў жорсткай кровапралітнай барацьбе з амерыканскімі агрэсарамі в’етнамская прага да волі і нацыянальнага адзінства не траціла моцы, што асабліва выразна, з падзейнай дакладнасцю, выявілася і ў паэтычным слове. У кнізе «Матылькі і бомбы» пададзены ўсяго толькі пэўны этап гэтае барацьбы — другая палова шасцідзясятых і першая палова сямідзясятых гадоў ХХ стагоддзя. Паэты гэтай гераічнай плеяды засведчылі сваю прыналежнасць да суровай в’етнамскай гісторыі і пяром, і штыком. Ім выпала тварыць акопную праўду крывавай вайны, а некаторым стаць і яе ахвярамі, пакінуўшы ў радках жывое сэрцабіццё як сведчанне здзейсненага ўсенароднага подзвігу. У іх вершах шмат суровых рэалій апаленага напалмам лёсу. Яны і самі раслі і сталелі на шырокім полі вайны. Над іх калыскамі ў бамбасховішчах разрываліся бомбы, яны з заўсёдным жахам узіраліся дзіцячымі вачыма ў пагрознае неба, а ў прызыўным узросце ўзялі ў рукі зброю. Якасна інакшай, узлётна духоўнай, стала паэзія аднаўленчай пары — апошняй чвэрці стагоддзя. І ў новае стагоддзе і тысячагоддзе в’етнамская літаратура ўступіла з паўнакроўным дыханнем, сцвярджаючы ідэалы гуманізму і міру, адлюстроўваючы ўсю шкалу нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей. Я ведаю дакладна, што сваё паэтычнае слова любіць і шануе в’етнамскі народ, што і сягоння паэты В’етнама самыя значныя аўтарытэты духоўнага жыцця, што іх многія радкі на вуснах і ў сэрцах суайчыннікаў. 

— Наколькі тэматычна разыходзяцца беларуская і в’етнамская паэзія?

— На вялікі жаль, лёсы многіх народаў свету судакранаюцца ў сваім падабенстве болевымі кропкамі. «З цемры да святла» або «людзьмі звацца» — гэтыя словы нашага нацыянальнага генія Янкі Купалы дакладна пазначылі не толькі беларускі шлях. Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да многіх. Гэтыя словы цалкам стасуюцца і з в’етнамскай нядаўняй гісторыяй. Беларусаў і в’етнамцаў яднае святое памкненне да волі, багата разоў акрываўленае, а яшчэ больш — здабытае права суверэннага жыцця пад сонцам. І наша гераічная зямля з кмецінамі даўніх і нядаўніх войнаў. І наша літаратура ўвабрала ўвесь народны боль, сталася адной з самых гуманных у свеце, гаворачы звышдоказна і пра чалавечую мужнасць, і пра чалавечую высакароднасць. Адстаянае права на жыццё народам — невычэрпная крыніца і духу, і творчасці. Як жа судакранаюцца і сэнсава, і пафасна творы беларускіх і в’етнамскіх франтавікоў і партызан! І ў сягонняшніх палітычных варунках нам, беларусам, варта памятаць, як лёгка можна выпусціць з рук само права на годнае зямное існаванне. Спадзяюся, што і нашы беларускія, і в’етнамскія рукі свой суверэнітэт трымаюць надзейна крэпка, не спакусяцца на вабныя поклічы тых, хто прыносіць «дэмакратыю» на крылах бамбардзіроўшчыкаў. 

— Апошнія дзесяцігоддзі прывялі да развалу сацыялістычнага ўкладу жыцця ва ўсім свеце. Новыя законы жыцця, палітычнага і эканамічнага ўладкавання працуюць зараз і ў В’етнаме. Ці не склалася ў вас уражанне, што паэзія ранейшых дзесяцігоддзяў не пераходзіць у новы час?

— Так. З сыходам Савецкага Саюза ў гісторыю планетарны імперыялізм яшчэ больш азвярэў. Знікла патрэба лжэгуманнасці, боязь перацягвання ў камуністычную веру. Ды ніколі не астыне ў людскіх сэрцах цяга да сацыяльнай справядлівасці, і тое, што 26 самых «сытых» маюць столькі, як палова чалавецтва, будзе бачна нават сляпому воку. В’етнам, спадзяюся, больш як хто іншы ведае сапраўдную цану лжэдэмакратыі: яе куды раней, як у Югаславію або Лівію, неслі на гэту тручаную-ператручаную, паленую-перапаленую зямлю на крылах «Б-52». Але так і не здолелі ўціснуць у грунт. Думаю, што не ўціснуць і ў чалавечыя душы. І не астыне душа В’етнама да сваёй гераічнай паэзіі, яна крывёю напісана. 

— Каго б з паэтаў анталогіі, над якой зараз працавалі, вылучылі б асабліва?

— Усе паэтычныя імёны, прадстаўленыя ў гэтай кнізе, вартыя самай сур’ёзнай увагі. Кожны адкрывае перад чытачом сваю душу, прамаўляе самае лёсава значнае. Чан Данг Кхоа, Нгуен Хыў Тхінь, Фан Тхі Тхань Нян, Суан Куінь, Банг В’ет, Ле Ань Суан, Тху Бон — ім асабліва, на мой погляд, удалося разгарнуцца на ўсю паэтычную моц, выказаць паэтычным радком думкі і пачуцці мільёнаў сваіх суайчыннікаў. Іх творчасць пададзена надзвычай шырока, таму меркаванне аб ёй можа быць болей дакладным, як аб творчасці астатніх аўтараў. Трагедыя заўсёды націнае ўсе струны чалавечай душы, яны гучаць без адзінай фальшывай ноты. Таму які ні кранеш верш, ён абавязкова зачэпіць за самае жывое, прынясе свае звесткі з поля бою за чалавечае шчасце. Не зможаш не пачуць, што тая рука, якая трымала сціло, зусім няподаўна сціскала прыклад вінтоўкі. Хачу асабліва адзначыць палымяныя вершы Ле Ань Суана, каму не выпала сустрэць Дзень перамогі. Малады паэт-франтавік загінуў у 1968 годзе ў самы разгар вызваленчай вайны. Перад тым, як патрапіць на фронт, ён паспеў закончыць гістарычны факультэт Ханойскага педагагічнага інстытута, выдаць зборнік вершаў «Крык пеўня». З 1965 года знаходзіўся ў Паўднёвым В’етнаме, дзе змагаўся ў радах арміі Вызвалення. Загінуў у Сайгоне падчас усеагульнага вясновага наступлення. Яго вершы ваенных гадоў склалі пасмяротна выдадзеную ў 1971 годзе кнігу «Кветкі какосавай пальмы». У вершы «Вобраз В’етнама», напісаным незадоўга да сваёй трагічнай смерці, паэт з гарачай верай у перамогу гаворыць аб в’етнамскім салдаце: 

Ў поўны рост ты ўставаў — беглі ворагі ўсе ўрассыпную, 

уцякалі ад куль, вечны страх працінаў іх да пят. 

Ты загінуў, герой. Ды не выбраў ты долю другую.

«У атаку, у бой!» — твайго сэрца мы чуем загад. (...) 

 

Не пакінуў нам здымак, не ведаем адраса блізкіх. 

Непрыкметна ты ў вечнасць ступіў. Не вярнуцца назад. 

На наступнасць усю над краінай устаў абеліскам. 

Хай пабачаць нашчадкі, якім быў в’етнамскі салдат! 

У бронзавым абліччы абаронцы-салдата в’етнамскі народ сягоння пазнае і рысы аднаго са сваіх самых любімых паэтаў. 

Нялёгкай была і франтавая жаночая ноша, аб чым яскрава сведчыць творчасць паэтак Фан Тхі Тхань Нян і Суан Куінь. Ім давялося не толькі прайсці франтавымі дарогамі, аднак і на іх узбочынах, на кароткіх прывалах, пісаць у патрапаных блакнотах патаемна-шапоткія радкі пра жаданае чалавечае шчасце, якое складаецца з позірку закаханых вачэй, з блакітнага пробліску неба і не дрыгучага ад узрываў снарадаў і бомб лапіка роднай зямлі. У сховішчах і ва ўкрыццях на гэтай зацяжной, доўгай вайне выпала ім нарадзіць і падняць на ногі сваіх дзяцей, гадаваць дзяцей загінуўшых сябровак, а таксама на салдацкім прывале шчымотнай песняй аб родным доме падымаць баявы дух аднапалчан. 

Янка Сіпакоў.

І яшчэ адзін, магчыма, самы шчымотны боль — вайна, убачаная дзіцячымі вачамі. В’етнамскі юны паэт Чан Данг Кхоа напісаў свае першыя сур’ёзныя, сталыя вершы ў васьмігадовым узросце. І гэтыя вершы не могуць не крануць да слёз. У іх дзіцячы боль спакутаванага В’етнама. Адзін з іх — «Наказ сястрычцы» — хачу прывесці цалкам:

У мамы з татам спраў па горла — рыс даспеў. 

Ісці мне ў школу самы час прыспеў, і будзеш ты адна, 

Дык слухай мой наказ: не стой каля акна, 

Не бегай, не сваволь, ідзе паўсюд вайна у нас не першы год, 

А раптам з’явіцца над полем самалёт, 

Куды схаваешся, каб перабыць налёт? 

Як кроў, зара... 

Ты не выходзь, разумнай будзь, сястра, 

А матылёк павабіць са двара — махні рукой, 

За ім не пабяжы, не пакідай пакой... 

У мамы з татам зараз клопат свой, 

Я ў школе, у мяне на сэрцы непакой, як там сястра... 

Гэтыя радкі напісаныя дзевяцігадовым хлапчуком. У васямнаццаць год, будучы аўтарам двух паэтычных зборнікаў — «З закутка майго двара» і «Маё неба», Чан Данг Кхоа стаў членам Саюза пісьменнікаў В’етнама, яго творчасць — адна з самых адметных старонак сучаснай в’етнамскай паэзіі. Можна пра кожнага аўтара зборніка «Матылькі і бомбы» гаварыць і гаварыць. Ды і сама назва зборніка — тая назва, якую даў свайму вершу яшчэ адзін знакаміты в’етнамскі паэт Тху Бон. Калі выбіраў яе для будучай кнігі, прыгадаліся мне і матылькі над былымі бабчынскімі сіласнымі ямамі. Падумалася: як жа судакранаюцца самымі шчымотнымі струнамі людскія душы на нашай планеце. 

— Ці будзе ў анталогіі «Матылькі і бомбы» працяг? Вы ж, захапіўшыся кітайскай паэзіяй, і дзве анталогіі выдалі, і вялікі зборнік Ай Ціна па-беларуску падрыхтавалі...

— Не ўпэўнены, што далёка адступіўся ад мудрай кітайскай паэзіі. Магчыма, яшчэ выпадзе нешта значнае перакласці. Кітайскі глыбінны творчы калодзеж невычарпальны. В’етнамская ж паэзія, як казаў ужо, даўняя мара перакладчыка. Тое, што шукала душа, атрымаў. Але і сам добра разумею: зроблена пакуль небагата. Я даўно прырос душою да ўсепланетарнага в’етнамскага болю і, думаю, калі будуць сілы, яшчэ не раз пастараюся дастойна агучыць мужную в’етнамскую паэзію на роднай мове. 

— Зразумела, Усход прыцягвае... Літаратуры народаў Усходу — таксама. Засвоіўшы кітайскую, в’етнамскую паэзію, ці звернецеся да мастацкага, літаратурнага свету Індыі, Японіі?

З індыйскай паэзіяй твар у твар як перакладчык ужо сустракаўся. У кнігу маіх перакладаў «Лучнасць» увайшлі з вершамі Сарвешвар Даял Саксена, Прэмендра Мітра і Умашанкар Джосі. Рэалістычная плынь індыйскай паэзіі мяне захапляе. Багата ёсць на небасхіле індыйскай літаратуры такіх паэтычных зорак, да святла якіх хочацца дакрануцца. Некалі з вуснаў індыйскага пасла пачуў радкі верша, якому чатыры з паловай тысячы год. Запомніў сэнс: як ні кроч наперад, а за далягляд не зойдзеш, ён аддаляецца. Трэба заўсёды памятаць, што і ў творчых памкненнях не ўсё ахопіш. Выбірай бліжэйшае для душы і сэрца. Таму, мабыць, японская паэзія застанецца для мяне неспасцігнутай таямніцай. Аднак бываюць і творчыя непрадбачанні. Ува мне гадамі шчыміць боль Хірасімы і Нагасакі. Хацелася б пачуць, як ён адгукнуўся ў сэрцах японскіх паэтаў, і агучыць яго па-беларуску. 

Дзякуй, Мікалай Міхайлавіч, і за здзейсненае… Якое толькі выдаць засталося асобнай кнігай… І ўвогуле за вашу плённую перакладчыцкую працу!

Гутарыў Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.