Вы тут

Пачынаецца чэмпіянат Еўропы па баскетболе


Нацыянальная жаночая зборная Беларусі па баскетболе пачынае выступленне на чэмпіянаце Еўропы. З 17 па 21 чэрвеня кантынентальны турнір пройдзе ў дзвюх гарадах. Групавы этап, кваліфікацыя ў чвэрцьфіналы і самі чвэрцьфіналы пройдуць у Валенсіі (пулы А і В) і ў Страсбургу (пулы C і D). Беларускі правядуць свае матчы ў Валенсіі. 


За званне чэмпіёнак кантыненту змагаюцца 16 мацнейшых жаночых каманд. Пераможцы кожнай групы выходзяць у чвэрцьфіналы. А каманды, якія ў сваіх пулах зоймуць другія месцы, 21 чэрвеня ў кваліфікацыйных матчах разыграюць пуцёўку ў чвэрцьфіналы, што запланаваныя на 23 чэрвеня. Затым ўсе дружыны працягнуць барацьбу ў Валенсіі. Паўфіналы чэмпіянату Еўропы запланаваныя на 26 чэрвеня, фінал і матч за трэцяе месца — на 27 чэрвеня. 

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Наталля Трафімава ўключыла ў выязны склад на кантынентальнае першынства наступных баскетбалістак: Вольга Зюзькова, Таццяна Ліхтаровіч, Юлія Рыцікавая, Аляксандра Тарасава, Яніна Інкіна, Вікторыя Гаспер, Анастасія Верамеенка, Ганна Брыч, Алекс Бэнтлі, Марыя Папова, Юлія Васілевіч, Алёна Карасевіч . Галоўны трэнер — Наталля Трафімава, асістэнты трэнера — Алескей Пынцікаў і Златан Прэшыч. 

«Вызначыліся з канчатковым складам на Еўрабаскета літаральна за дзень да вылету ў Іспанію. У выніку ў ростыры можна ўбачыць як прозвішчы дасведчаных ігракоў, якія не адзін год з’яўляюцца прызнанымі лідарамі каманды, так і прадстаўнікоў новай хвалі нашай баскетбольнай школы. На гэты раз з-за пашкоджання, атрыманага ў апошнія дні збору, у заяўцы мы не ўбачым Ксенію Малашка. У астатнім жа ў Валенсію адправяцца ўсе тыя ігракі, якія на дадзены момант сапраўды з’яўляюцца наймацнейшымі ў нашай краіне», — прыводзіць словы трэнера прэс-служба Беларускай федэрацыі баскетболу. 

Нацыянальная зборная Беларусі займае 6 месца еўрапейскага рэйтынгу ФІБА і 11 месца сусветнага рэйтынгу ФІБА. Свой першы матч беларускі правядуць супраць каманды Іспаніі, якая размяшчаецца на 1 месцы еўрапейскага рэйтынгу ФІБА і на 3 месцы ў сусвтеным рэйтынгу. Матч адбудзецца 17 чэрвеня ў 22.00 (па беларускім часе). 

У інтэрв’ю прэс-службе Беларускай федэрацыі баскетболу капітан каманды Юлія Рыцікава падзялілася чаканнямі ад сустрэчы: «Зразумела, хвалююча пачынаць чэмпіянат Еўропы з сустрэчы з такім тытулаваным сапернікам як зборная Іспаніі. Да таго ж гаспадынь будуць падтрымліваць мясцовыя заўзятары, што таксама не малаважна. Аднак у першую чаргу мы настройваемся зрабіць сваю працу добра, выканаць трэнерскія ўстаноўкі і выкарыстоўваць свае моцныя бакі. Не варта забываць, што гэта жаночы баскетбол, у якім часам вынік можа быць непрадказальны. Адно магу сказаць дакладна, мы верым у сябе і настроены даць бой аднаму з фаварытаў турніру».

Усяго ў межах групавога турніру чэмпіянату беларуская каманда правядзе тры матчы. Пасля іспанак беларусак чакае матч з камандай Славакіі — 18 чэрвеня ў 19.00 (па беларускім часе). 20 чэрвеня ў 16.00 (па беларускім часе) зборная Беларусі сустрэнецца з камандай Швецыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.