Вы тут

Прэзідэнт: Беларусь вучыцца ў Славакіі па многіх пытаннях — ад спорту да эканомікі


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са Старшынёй Нацыянальнага Савета Славацкай Рэспублікі Андрэем Данка. Акрамя спікера, на сустрэчы са славацкага боку прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў нашай краіне Йозэф Мігаш і старшыня Канстытуцыйна-прававога камітэта парламента Славакіі, кіраўнік групы дружбы з Беларуссю Роберт Мадэй.


«Мне прыемна сустрэцца з вамі, прадстаўніком брацкага народа. Няма неабходнасці гаварыць пра тое, што мы з вамі маем адны карані, мы — славяне. Больш за тое, вы — член Еўрапейскага саюза, мы — член іншага эканамічнага саюза. Тым не менш, [гэта ЕАЭС — «Звязда»] нам не перашкаджае выбудоўваць цёплыя, добрыя, сяброўскія адносіны. Я вельмі спадзяюся, што так будзе і надалей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён падзякаваў суразмоўцу за тую ролю, якую Славакія згуляла ў нармалізацыі адносінаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам. «Напэўна, гэта была значная і вырашальная роля», — падкрэсліў беларускі лідар і дадаў, што ў сувязі з гэтым еўрапейцы «былі вымушаныя павярнуцца тварам да нашай краіны і пільна паглядзець на працэсы ў Беларусі». На яго думку, гэта было карысна як для нас, так і для ЕС.

Таксама Прэзідэнт асабліва адзначыў ролю Славакіі ў гістарычным развіцці Еўропы. Гэта актуальна сёлета ў сувязі з такімі падзеямі, як 75 гадоў вызвалення Беларусі ад фашызму і 75 гадоў славацкага нацыянальнага паўстання.

«Славацкае паўстанне — гэта значная старонка антыфашысцкага руху ў Еўропе. Вельмі моцная старонка, якой можа ганарыцца славацкі народ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Славакіяй знаходзяцца на вельмі высокім узроўні.

«Я часта канстатую факт высокіх палітычных адносін з той ці іншай дзяржавай і адставанне ў эканоміцы, гандлі. У адносінах са Славакіяй я гэтага сказаць не магу», — адзначыў Прэзідэнт і дадаў, што мы маем прыстойны тавараабарот — амаль 218 мільёнаў долараў за 2018 год.

Ён звярнуў увагу, што палітыка тут адыграла вельмі важную ролю ў плане падцягвання да гэтага ўзроўню і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Гэта добра. Але патэнцыял у нас значна вышэй. Я думаю, калі б у нас сёння больш за мільярд быў тавараабарот — напэўна, гэта было б заканамерна і нармальна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, у гэтым плане яшчэ мае быць вялікая праца.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: без актыўнай ролі парламентарыяў цяжка было б дасягнуць такіх вынікаў у супрацоўніцтве. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзякаваў славацкаму парламенту за тую вялікую ролю, якую ён выконвае ва ўзмацненні супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.

«Я вельмі спадзяюся, што мы даможамся вялікіх поспехаў, будзем вельмі разлічваць на вас, на ваша важкае слова, таму што каму як ні вам гаварыць пра Беларусь. Вы больш за ўсё ведаеце нашу краіну, вы нават адчуваеце нашу краіну», — дадаў ён.

Паводле яго слоў, Беларусь вучыцца ў Славакіі па многіх пытаннях — ад спорту да эканомікі. 

Даведка

Як было сказана, тавараабарот паміж Беларуссю і Славакіяй у 2018 годзе склаў 217,9 млн долараў (136,3 % да ўзроўню 2017 года), у тым ліку беларускі экспарт — 114 млн долараў (194,1 %), імпарт — 103,9 млн долараў (102,8 %). Знешнегандлёвае сальда склалася дадатнае ў памеры 10,1 млн долараў.
У студзені — сакавіку 2019 года тавараабарот паміж Беларуссю і Славакіяй склаў 54,5 млн долараў (павялічыўся на 18,5 % да студзеня — сакавіка 2018 года), у тым ліку беларускі экспарт — 34,2 млн долараў (павялічыўся у 1,8 раза), імпарт — 20,3 млн долараў (зменшыўся на 25,9 %). Знешнегандлёвае сальда склалася дадатнае ў памеры 13,9 млн долараў.

Вядучыя пазіцыі экспарту з Беларусі ў Славакію: прылады медыцынскага прызначэння, скручаны дрот з чорных металаў без ізаляцыі, нафтапрадукты, поліаміды, ніткі сінтэтычныя, трактары, клямары з чорных металаў, фанера, мэбля і іншае.

Вядучыя пазіцыі імпарту з Славакіі: прамысловае абсталяванне, вырабы з чорных металаў, аўтамабілі легкавыя і запасныя часткі да іх, кукуруза, вырабы з пластмас.


Старшыня Нацыянальнага Савета Славацкай Рэспублікі Андрэй Данка па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі распавёў журналістам, што адна з тэм, якія ён абмеркаваў з кіраўніком дзяржавы, — гэта ўзаемнае прызнанне дыпломаў аб адукацыі. Таксама казалі пра магчымасці эканамічнага супрацоўніцтва, пра перспектывы ўзаемнай работы ў сельскай гаспадарцы.

«Але больш за ўсё ўвагі мы прысвяцілі рызыкам, звязаным з сучаснай лічбавай эпохай. Перш за ўсё, абароне нашых дзяцей у лічбавай прасторы. Так, каб мы захавалі нашу славянскую дабрыню і нашы славянскія карані. Як еўрапейская дзяржава, мы вельмі добра разумеем, якія рызыкі звязаны з медыяпрасторай інтэрнэта — і як небяспечна, калі яе сродкі пачынаюць уплываць на палітыку», — распавёў ён.

Яшчэ на сустрэчы абмяркоўвалі тое, як важна шанаваць і паважаць сваю гісторыю. Андрэй Данка выказаў захапленне тым, як гэта арганізавана ў Беларусі. Дарэчы, падчас свайго візіту ён наведаў Музей Вялікай Айчыннай вайны — і ў сувязі з гэтым Старшыня Нацыянальнага Савета Славакіі звярнуў увагу, што ў нашай краіне шануюць і памятаюць не толькі сваіх, але і славацкіх воінаў, якія змагаліся на беларускай тэрыторыі. «У сувязі з гэтым я запрасіў вядучых асоб дзяржавы на ўрачыстае святкаванне 75-годдзя славацкага нацыянальнага паўстання», — дадаў ён.

Андрэй Данка асабліва адзначыў, што народы Беларусі і Славакіі — сапраўды вельмі блізкія народы, якія маюць велізарны патэнцыял супрацоўніцтва і могуць шмат чаму адзін у аднаго навучыцца.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.