Вы тут

Кім знакамітая Мядзельшчына?


Значнае месца ў экспазіцыі Мядзельскага музея народнай славы адведзена народнаму паэту Беларусі, Герою Сацыялістычнай Працы, грамадскаму і дзяржаўнаму дзеячу Максіму Танку, які нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына. Тут прадстаўлены шэраг матэрыялаў, дакументаў, кніг з яго аўтографамі, зборнікі вершаў, рукапісы, чарнавікі з накідамі вершаў, асабістыя рэчы, пасведчанні, даведкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, паколькі Максім Танк быў на фронце ваенным карэспандэнтам. Шмат таксама фотаздымкаў. Напрыклад, з бацькамі.


У Мядзельскім раёне ў Максіма Танка было лецішча, якое захавалася да сённяшняга дня. Сюды любілі прыязджаць знакамітыя госці. На адным са здымкаў паэт з Максімам Лужаніным, Якубам Коласам. Гэта фота датавана 1956 годам, годам смерці беларускага песняра. Цікавасць выклікае рукапіс верша, які Якуб Колас прысвяціў Максіму Танку экспромтам у 1948-м. У экспазіцыі таксама ваенныя фота. На адным Максім Танк стаіць побач з Аркадзем Куляшовым. На адной з карцін прадстаўлены дом, дзе нарадзіўся паэт у 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына. Аўтар твора — жыхар аграгарадка Златкі, дырэктар мясцовай школы Барыс Пестун.

У невялікай вітрыне сабраны матэрыялы аб народнай артыстцы Беларусі Марыі Захарэвіч, якая нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі. Вёска ўвайшла ў межы Мядзела. На здымках актрыса адлюстравана ў сцэнічных ролях. Марыя Захарэвіч жыве ў Мінску, але часта прыязджае на малую радзіму.

Невялікая экспазіцыя прысвечана Паўліне Мядзёлцы. На здымку 1972 года Мядзёлка з Алай Долгай і Раісай Кашэльнікавай, пазнейшымі выканаўцамі ролі Паўлінкі ў аднайменнай п'есе Янкі Купалы. На іншай фатаграфіі Паўліна Мядзёлка каля помніка Янку Купалу ў Мінску.

Значнае месца ў экспазіцыі музея адведзена жыццю і творчасці народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, мядзельскім паэтам Іосіфу Скурко, Мар'яну Дуксу, Мікалаю Шабовічу, Адольфу Варановічу. У 1990 годзе ў школе № 1 Мядзела адкрыты музей гісторыі школы імя Уладзіміра Дубоўкі, які дзейнічае як філіял Мядзельскага музея.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Са знакамітымі гасцямі на лецішчы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.