Вы тут

Кніга Паўла Жукава распавядае пра ўлюбёнасць да роднай старонкі Мядзельшчыны


Чарговая кніга журналіста і пісьменніка Паўла Жукава «Тут зямля такая», складзеная з апавяданняў і нарысаў, — кніга пра ўлюбёнасць да роднай старонкі, да Мядзельшчыны. Так склалася ў лёсе творцы, што ён доўгія гады тут працуе, прыкіпеў душою і сэрцам да гэтага края. І як журналіст на старонках «Нарачанскай зары», і як аўтар мастацка-публіцыстычных кніг, імкнецца выкласці даніну павагі да Мядзела і яго ўраджэнцаў, людзей, якія жывуць і працуюць тут альбо некалі жылі. 


З уступным словам да зборніка «Тут зямля такая» выступае заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Зіновій Прыгодзіч. Пра адзін з твораў, якія ўвайшлі ў кнігу, ён піша наступнае: «Не часта мы сустракаемся з такой суровай праўдай, якой напоўнены гэты нарыс. Да гонару аўтара ён змог сказаць пра пакручасты чалавечы лёс чэсна, аб’ектыўна, узважана. Застаецца толькі пагадзіцца з яго простай і адначасова такой глыбокай высновай: калі на зямлю прыходзіць вайна, людзі могуць трапляць у розныя сітуацыі. Пры гэтым нярэдка ад іх мала што залежыць... Але галоўнае — заставацца чалавекам, патрыётам сваёй Айчыны. 

Гэтую выснову, гэты жыццёвы дэвіз можна прыкласці да ўсіх герояў новай кнігі Паўла Жукава». 
Многія старонкі выдання — аповед пра шчырых рупліўцаў зямлі мядзельскай, людзей, якія ствараюць матэрыяльныя каштоўнасці, напаўняюць усебеларускую скарбніцу збожжам, малаком, іншымі здабыткамі вясковага гаспадарання, аповед пра людзей, якія працуюць у мядзельскіх, нарачанскіх санаторыях. Расказвае пра іх Павел Жукаў лёгка, нязмушана, з веданнем дэталяў побыту, веданнем многіх жыццёвых калізій. 

Чытаючы кнігу «Тут зямля такая», неўпрыкмет задумваешся, што такога характару публіцыстычных і мастацкіх твораў не хапае, не стае ў рэспубліканскім друку. З вышыні сталічных рэдакцыйных гмахаў часам не відаць жывога жыцця. А ў кнізе таленавітага публіцыста яно прысутнічае, яно прыцягвае і якраз яно прымушае ўважліва перагортваць старонкі кнігі, знаёміцца з рознымі яе героямі. 

Як на мой прыватны погляд, такія кнігі павінны выходзіць і ў дзяржаўных кніжных выдавецтвах (зборнік Паўла Жукава накладам 220 экзэмпляраў аддрукаваны ў Друкарскім доме «Вішнёўка»). Дарэчы, летась, у 2021 годзе, у агульных абсягах выдадзеных у краіне болей як дзевяці тысяч назваў кніг і брашур публіцыстыка займае ўсяго толькі каля 30 назваў... «Тут зямля такая» — адна з іх. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.