Вы тут

Распачалася рэспубліканская акцыя «Не пакідайце дзяцей адных»


Распачалася рэспубліканская акцыя «Не пакідайце дзяцей адных», прысвечаная бяспецы дзяцей і прымеркаваная да Міжнароднага дня сям'і і Дня абароны дзяцей, паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацый.


Акцыя пройдзе з 3 мая да 1 чэрвеня і заклікана прыцягнуць увагу да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, паспрыяць зніжэнню колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і гарантаванню іх агульнай бяспекі (дома, на вуліцы, падчас адпачынку і іншага). Мерапрыемствы пройдуць у чатыры этапы.

Першы этап праходзіць з 3 да 15 мая ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах, кінатэатрах, адкрытых пляцоўках і ў іншых месцах, дзе бацькі адпачываюць разам з дзецьмі. Для ўдзельнікаў акцыі разгорнуцца паркі атракцыёнаў «МНС-Лэнд», дзе будуць арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі з конкурсамі, віктарынамі і гульнямі. У рамках Міжнароднага дня сям'і ратавальнікі правядуць спартыўныя конкурсы для дзяцей і іх бацькоў «Мама, тата, мы — у бяспецы моцныя».

З 3 да 15 мая ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці стартуе першы этап новага рэспубліканскага конкурсу «Сем'Я бяспекі». Удзельнікі конкурсу будуць з дапамогай прозы, паэзіі альбо песні раскрываць важнасць асноў бяспекі жыццядзейнасці ў сям'і і вучыцца захоўваць гэтыя правілы самім. Работы пераможцаў раённых этапаў будуць удзельнічаць у абласным этапе конкурсу і найлепшыя з іх адправяцца ў сталіцу, дзе на адкрытай пляцоўцы Палаца дзяцей і моладзі прагучыць фінальны акорд конкурсу.

Другі этап акцыі пройдзе з 17 да 21 мая. Асноўны акцэнт будзе зроблены на будучых і маладых бацьках, з якімі ратавальнікі правядуць інтэрактыўныя гутаркі «Галоўны эксперт», «Веру — не веру» і гульні «Пытанне — адказ», «Супер-мама. Супер-тата». Мерапрыемствы гэтага этапу пройдуць ва ўстановах аховы здароўя.

Таксама ратавальнікі правядуць мерапрыемствы і для маладых бацькоў падчас выпіскі з радзільных дамоў. Наваспечаных бацькоў не толькі павіншуюць з нараджэннем дзяцей, але і раскажуць пра важнасць стварэння бяспечных умоў жыцця для новага члена сям'і і падораць ім у якасці напаміну пра гэта наглядна-выяўленчую і сувенірную прадукцыю.

На трэцім этапе акцыі (24 — 28 мая) асаблівая ўвага будзе аддадзена шматдзетным сем'ям і сем'ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Работнікі МНС правядуць гутаркі, гульні і віктарыны па АБЖ як з дзецьмі, так і з іх бацькамі, пакажуць мультфільмы і ўручаць падарункі. А ў дзіцячых забаўляльных цэнтрах, дамах культуры і арганізацыях грамадскага харчавання адкрыюцца інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі.

Заключны этап акцыі адбудзецца 31 мая і 1 чэрвеня. Ён будзе прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Шырокамаштабныя мерапрыемствы пройдуць на адкрытых пляцоўках у парках адпачынку. Работнікі МНС арганізуюць інтэрактыўныя зоны, віктарыны і конкурсы, выступленні падраздзяленняў МНС, тэатралізаваныя прадстаўленні на тэму бяспекі, а таксама прадэманструюць аварыйна-выратавальную тэхніку і абсталяванне.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв'ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Ратавальнікі нагадваюць пра бяспеку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.