Вы тут

Якія лясныя праблемы сёння трэба вырашаць?


Якія дасягненні ў справе абароны лясоў адбыліся за апошнія гады і якія лясныя праблемы сёння трэба вырашаць, учора, у Сусветны дзень дзікай прыроды, расказалі спецыялісты лясной гаспадаркі, аховы прыроды і навукоўцы.


Зрабіць лясы больш устойлівымі

Сяргей САЗОНАЎ, кансультант упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі, адзначыў, што сёння лясістасць нашай краіны складае больш за 40 %. Гэта максімальны паказчык больш чым за стагадовы перыяд нашай гісторыі. Па шэрагу ключавых паказчыкаў Беларусь уваходзіць у першую дзясятку лясных дзяржаў Еўропы.

Прыродаахоўныя лясы займаюць каля 1,6 млн га, ці 16 % тэрыторыі ляснога фонду. Асноўную іх частку складаюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Каб каштоўныя тэрыторыі захоўваліся найбольш эфектыўна, выяўляюцца і перадаюцца пад ахову землекарыстальнікам тыповыя і рэдкія біятопы, асобныя ўчасткі лесу ў іх натуральным стане. З 2015 года выяўлена і перададзена пад ахову больш за 250 біятопаў агульнай плошчай каля 27 тысяч гектараў.

Лясы іграюць вялікую ролю ў захаванні воднага балансу, дапамагаюць змяншаць выпарэнне вільгаці і зніжаць паверхневы сцёк. Акрамя таго, лясныя экасістэмы рэгулююць тэмпературны рэжым на планеце, з'яўляючыся галоўным паглынальнікам аднаго з парніковых газаў — вуглякіслага. Так, штогод лясы краіны паглынаюць больш за 35 млн тон СО2.

— Мінлясгас распрацаваў і зацвердзіў шэраг дакументаў, накіраваных на зніжэнне наступстваў ад змены клімату ў галіне лясной гаспадаркі, — адзначыў прадстаўнік міністэрства. — Мерапрыемствы, запланаваныя ў дакументах, дазволяць павялічыць плошчу лясоў і лясістасць краіны да 42 %, палепшыць пародную і ўзроставую структуру лясоў, павялічыць прадукцыйнасць насаджэнняў.

Смарагдавая сетка ў Беларусі

Лясы застаюцца галоўным асяроддзем пражывання для трох чвэрцяў усіх відаў жывёл, раслін і грыбоў, расказаў кансультант аддзела біяразнастайнасці
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь КАРАНЧУК.
І каб захаваць прадстаўнікоў флоры і фаўны, неабходна зберагчы іх тэрыторыі пражывання. Таму прыярытэтам беларускай прыродаахоўнай палітыкі з'яўляецца захаванне прыродных комплексаў і экалагічных сістэм, у тым ліку лясных.

Каштоўныя прыродныя тэрыторыі Беларусі звязаны з аналагічнымі еўрапейскімі аб'ектамі праз так званую Смарагдавую сетку прыродаахоўных тэрыторый, куды ўваходзяць 155 беларускіх тэрыторый агульнай плошчай 2,3 млн га, ці 11 % ад плошчы краіны. Туды ўключаны і асабліва ахоўныя прыродныя
тэрыторыі (ААПТ).

— Агульная плошча ААПТ сёння складае 1,8 млн га, ці 9 % ад агульнай плошчы краіны, — адзначыў Віталь Каранчук. — За апошнія тры гады яна павялічылася на 67,5 тыс. га — гэта больш, чым тэрыторыя Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».

У склад Смарагдавай сеткі ўваходзяць таксама прыродныя тэрыторыі, якія падлягаюць спецыяльнай ахове — гэта месцы пражывання чырванакніжнікаў, каштоўныя і рэдкія біятопы. Сёння ў Беларусі зарэгістраваны 1758 месцаў пражывання дзікіх жывёл і 2265 месцаў росту дзікарослых раслін, 622 біятопы.

Неабходна таксама выяўляць з дапамогай вучоных і іншыя тэрыторыі, якія адпавядаюць крытэрыям Смарагдавай сеткі. Дзякуючы гэтаму яна зможа вырасці ў нашай краіне да 13—15 %.

Праблемы, якія трэба вырашаць

Сёння ў свеце захавалася прыблізна палова тых лясоў, якія існавалі да інтэнсіўнага развіцця чалавецтва, ці 4,06 млрд га. І лясы Беларусі складаюць усяго 0,27 % ад лясоў свету. Але нават гэтую невялікую ў параўнанні з іншымі краінамі долю неабходна захоўваць і прымнажаць — упэўнены дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Аляксандр ПУГАЧЭЎСКІ. Лясная гаспадарка і лесанарыхтоўка даюць 2,7 % ВУП Беларусі. Наша краіна цалкам забяспечвае сябе драўнінай, за выключэннем драўніны трапічных парод.

Па словах Аляксандра Пугачэўскага, дзякуючы ў тым ліку стварэнню ААПТ прыкладна ў пяць разоў вырасла доля спелых і перастойных лясоў, адначасова ідзе паляпшэнне іх узроставай структуры. Але нягледзячы на работу, якую праводзяць прадстаўнікі розных ведамстваў і навуковых арганізацый па захаванні і прымнажэнні лясных тэрыторый, сёння існуе шмат праблем, якія патрабуюць свайго вырашэння.

  • • Змяняецца клімат — пакутуе лес

Прыродныя бедствы, выкліканыя ў тым ліку працэсамі змены клімату, значна ўплываюць сёння на стан лясных насаджэнняў. Так, у выніку ўспышкі масавага размнажэння караедаў у 2018 годзе быў пастаўлены гістарычны антырэкорд — страчаны 50 000 га лесу.

Змена клімату таксама правакуе павелічэнне колькасці лясных пажараў. Але ўсё ж галоўная прычына іх узнікнення — гэта бяздумныя паводзіны людзей. З чалавечым фактарам звязаны 84 % усіх узгаранняў у лесе. З астатніх 16 % па значнай частцы выпадкаў не атрымліваецца знайсці прычыну.

Штогод шкода ад лясных пажараў складае ад 0,5 да 9,5 мільёна долараў. Пры гэтым, дзякуючы дзейнасці спецыялістаў, каля 83 % узгаранняў у лясным фондзе выяўляюцца на працягу адной гадзіны.

• Купляеце чарамшу — падтрымліваеце браканьераў

Гэты чырванакніжны від раслін, што расце ў лясах, увесну актыўна прадаецца на стыхійных рынках. Ці проста спыніць знішчэнне віду? Па словах Віталя Каранчука, у лясных масівах праводзяцца рэйды як інспектарамі тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды, так і сумесна з прадстаўнікамі Дзяржінспекцыі жывёльнага і расліннага свету. Але працаваць неабходна і ў гандлёвых пунктах — тут павінны падключацца прадстаўнікі МАРГ, мясцовыя органы ўлады.

— Мы дзейнічаем у розных кірунках, — кажа Віталь Каранчук. — Звяртаемся да насельніцтва з заклікам не купляць чарамшу, а вырошчваць яе на прысядзібных участках, тлумачым: купляючы мядзведжую цыбулю, вы падтрымліваеце браканьерства. Магчыма, калі знікне попыт на гэтую расліну, спыніцца і незаконная нарыхтоўка чырванакніжніка.

  • У лясных рэсурсаў вялікі кошт

У лясах захоўваюцца значныя рэсурсы расліннага свету — лекавыя, харчовыя (ягады, грыбы, духмяныя травы), тэхнічныя расліны, эксплуатацыйны запас якіх ацэньваецца ў 497,8 тысячы тон. Усё гэта можна выкарыстоўваць не толькі ўнутры краіны, але і прадаваць за мяжу.

Па словах Аляксандра Пугачэўскага, калі кошт стваловай драўніны ў Беларусі складае 5,4 млрд долараў ЗША, то кошт усіх лясных рэсурсаў — лекавых, харчовых, кармавых раслін, футра і мяса жывёл, ляснога мёду, бярозавага соку і іншых — 12,2 млрд долараў.

Але гэтыя каштоўныя рэсурсы сёння выкарыстоўваюцца далёка не поўнасцю. Як зрабіць беларускія грыбы і ягады, лекавыя расліны канкурэнтаздольнымі на знешнім рынку? Гэта пытанне патрабуе адказу.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.