Вы тут

Яркім праектам моладзі — дарогу!


Днямі прайшоў фінал 10-га сезона рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ «100 ідэй для Беларусі». Усяго было пададзена больш за 1200 заявак ад таленавітых хлопцаў і дзяўчат з усіх куткоў краіны, у фінал прайшла сотня найлепшых праектаў па розных кірунках.


Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар СЕРГЕЕНКА падчас цырымоніі адкрыцця адзначыў: «Праект, які зарадзіўся дзесяць гадоў таму, стаў традыцыяй сучаснай Беларусі. Ён карыстаецца папулярнасцю і цікавасцю ў моладзі і з кожным годам набірае абароты, пра што гаворыць рост колькасці намінацый. Выдатна, што ў праекце не толькі аспіранты, маладыя навукоўцы, студэнты, але і старшакласнікі, навучэнцы каледжаў. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для выяўлення таленавітых хлопцаў і дзяўчат і развіцця іх творчай ініцыятывы. Адна з галоўных задач Саюза моладзі — прасоўванне гэтых людзей і ўвасабленне іх праектаў у жыццё».

Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, член Савета Рэспублікі Дзмітрый ВАРАНЮК дадаў, што фіналу папярэднічалі многія дні, месяцы і нават гады падрыхтоўкі. «Упэўнены, што для кожнага з прысутных гэта гістарычная падзея. Хтосьці тут набыў новых сяброў, нехта запазычыў для сябе нешта важнае, новае. Але самае галоўнае, разам мы пачынаем рэалізацыю шматлікіх яркіх ідэй. Вы з'яўляецеся патрыётамі, што сёння вельмі важна. Найлепшыя праекты атрымаюць падтрымку, у тым ліку фінансавую, і будуць рэалізаваныя. Галоўнае, каб ідэі былі даведзены да лагічнага завяршэння».

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА звярнуў увагу: «У тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўзнагароджаны талентам вынаходніцтва, інавацыйных падыходаў, незалежна ад таго, дзе яны пражываюць, ёсць магчымасць рэалізаваць свае праекты, прадэманстраваць іх. За дзесяць гадоў існавання праекта ад моладзі паступіла 15 тысяч прапаноў, з іх тры тысячы рэалізаваныя. Хачу заклікаць, каб вы не стаялі на месцы. Самае галоўнае, каб напрацоўкі маладых хлопцаў і дзяўчат рэалізоўваліся ў нас у краіне, каб моладзь заставалася тут, атрымлівала адукацыю, якая ў нас на вельмі высокім узроўні. Ад вас залежыць будучыня і развіццё Беларусі — інавацыйнай, перадавой і сацыяльна камфортнай».

Праект «Бранзалет клопату».

На выстаўцы былі прадстаўлены праекты ў дзесяці намінацыях, усе рознабаковыя: тэхналогіі барацьбы з ракам, інклюзіўныя распрацоўкі, карысная касметыка, мабільныя праграмы... Напрыклад, адны з пераможцаў — адзінаццацікласнікі сталічнай сярэдняй школы № 111 Максім СУВОРАЎ і Аляксандр МЕЛЬГУЙ прэзентавалі «Адукацыйную платформу «БМВ» (Беларуская мова вучням)». Яна створана з мэтай укаранення дыстанцыйнага навучання па роднай мове ў перыяд пандэміі. «Платформа дапаможа развіць у вучняў маўленчыя і моўныя кампетэнцыі, паспяхова здаць ЦТ па вучэбным прадмеце, прадугледжвае таксама і абмен інфармацыяй паміж яе карыстальнікамі ў форме чата».

Вучаніца дзясятага класа той жа школы Ганна БАНДАРОВІЧ і яе кіраўнік Наталля ЧЫРЫЦА прыдумалі «Жывую руку»  праект для дзяцей з ДЦП, скіраваны на аднаўленне функцый руху верхніх канечнасцяў, паляпшэння рухомасці суставаў, карэкцыю рухальных дысфункцый рук. «Адной з эфектыўных і сучасных формаў работы з такімі дзецьмі з'яўляюцца заняткі з выкарыстаннем аўтарскага комплексу, якія ў нашым выпадку складаюцца з трэнажораў, абсталявання, зробленых з дапаможнага матэрыялу сваімі рукамі, а таксама стварэння кабінета эрга-і механатэрапіі на базе ўстановы адукацыі. Зараз у нашай школе займаюцца дзесяць вучняў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і 18 — з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця», — расказала Наталля Чырыца. Дарэчы, ініцыятыва гэтых распрацоўшчыкаў стала адной з найлепшых у намінацыі «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка».

Мабільную праграму Eng for kіds прэзентавалі Данііл ВЕЧАР і Лізавета ПІНЧУК, вучні мікашэвіцкай гімназіі імя У. І. Нядвецкага. «Гэта магчымасць сумяшчаць прыемнае з карысным, не выходзячы з дому. Часта малым складана вывучаць замежную мову без асацыяцый, гульняў, таму мы стварылі такую праграму. З дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці дзеці запамінаюць удвая больш інфармацыі. У межах сваёй школы мы правялі эксперымент паміж дзвюма групамі дзяцей за перыяд у месяц: адны вучылі словы без нашай праграмы, другія — з ёй. Тыя, хто вывучаў англійскую мову з Eng for kіds, запомнілі ў два разы больш слоў, чым без яе. На рэалізацыю праекта сышло каля трох месяцаў. Займаліся ім цалкам удваіх з Лізай. Зараз ён ужо размешчаны на Google Play. У далейшым хацелі б супрацоўнічаць з рознымі школамі краіны», — расказалі распрацоўшчыкі.

«Бранзалет клопату» — так гучыць ініцыятыва Кацярыны ЯРМАЛЮК і Эльнура АДЗІЛАВА, навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Праект стаў адным з пераможцаў у намінацыі «Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера. «Ён скіраваны на своечасовае аказанне медыцынскай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі (хто перанёс інсульт, пакутуе на цукровы дыябет, астму, эпілепсію і іншыя захворванні). Бранзалет дапаможа мінакам або медыцынскім работнікам хутка вызначыць, якую першую медыцынскую дапамогу трэба аказаць чалавеку, якому стала дрэнна на вуліцы ці ў грамадскім транспарце. Адсканаваўшы штрых-код на рэчы, можна даведацца пра гісторыю хваробы пацыента, ці маюцца алергічныя рэакцыі, супрацьпаказанні і гэтак далей. На бранзалеце нанесены QR-код, які зможа прачытаць любы, у каго ёсць смартфон. Такім чынам, хворыя будуць абаронены, аб іх стане своечасова даложаць у хуткую дапамогу — гэта паскорыць працэс рэагавання. Счытваючы QR-код, медработнікі будуць мець поўную інфармацыю пра пацыента, адпаведна, будзе большая верагоднасць па яго выратаванні ад смяротнага зыходу. Сілікон, з якога зроблены бранзалет, — экалагічны і гіпаалергенны матэрыял, які не вылучае ў паветра небяспечныя рэчывы».

Аляксандра Барысенка з праектам «Жывое адзенне».

Мабільную праграму «Словаход» прадставіла Анастасія НЕЎДАШЭНКА, навучэнка Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. «Праект распрацаваны з мэтай папулярызацыі беларускай мовы сярод дзяцей і моладзі. Навучанне аформлена ў выглядзе мабільнай гульні. Такі від дзейнасці любяць усе, таму яна арыентавана на любы ўзрост. Аналагаў няма ні ў нашай краіне, ні ў краінах СНД. Падобныя праекты арыентаваныя ў першую чаргу на адукацыйную функцыю, мой жа — у тым ліку і на забаўляльную, каб актывізаваць пазнавальную дзейнасць, паказаць, што вывучэнне мовы — гэта вельмі займальна. Часта дзеці ўспрымаюць працэс вывучэння мовы як нешта аднастайнае, я ж хачу даказаць, што гэта нясумная прыгода. Гульня ўлічвае асаблівасці нашага мозга, памяці, увагі, усё зроблена так, каб была задзейнічана даўгачасная памяць. Я займаюся графічным складнікам, праграмны код дапамагалі пісаць спецыялісты, у далейшым для развіцця дадатку неабходна дапамога філолагаў па беларускай мове, аніматараў, кампазітараў. Хацелася б укараніць такую гульню ва ўстановы адукацыі нашай краіны».

Яшчэ адзін пераможца — праект «Батлейка, беларускі народны лялечны тэатр, інавацыі на аснове адраджэння традыцый. Кантактны тэатр з элементамі эмацыянальнай тэрапіі» Мікалая ШАЎКО і Кацярыны ФЯДЗЬКОВІЧ, вучняў Празароцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы імя Ігната Буйніцкага Глыбоцкага раёна.

— Наша распрацоўка нацэлена на адаптацыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, іх развіццё і інтэграцыю ў грамадстве. Пачалося ўсё з таго, што на базе нашай школы мы, вучні, разам з настаўніцай Святланай Кузняцовай рэалізавалі беларускі лялечны тэатр — батлейку, — кажа Кацярына. — Сцэнай для самаробных лялек служылі спецыяльна зробленыя пераносныя скрынкі, якія сваім вонкавым выглядам нагадвалі хатку з адным ці некалькімі паверхамі. Спектаклі суправаджаліся музыкай і спевамі, сцэна і лялькі асвятляліся свечкамі. Дэталі лялек, дарэчы, выкананы тэхнікай лепкі халодным фарфорам, а для пашыву адзення выкарыстаны льняная і трыкатажная тканіны, футра, сінтэпух і іншае. Усе персанажы «жывыя», з імі можна павітацца, парукацца, паразмаўляць. Я ў пэўны момант стала вывучаць мову жэстаў, каб усе дзеці змаглі цалкам разумець тое, што мы перадаём. Наш тэатр кантактны, для кожнай лялькі ёсць свой пах — дзеці нюхаюць і ў малых з'яўляецца больш цэласны вобраз персанажаў. Сцэнарыі бяром як тыя, што ўжо ёсць, так і ствараем новыя самі.

— Лічым, што развіваць такі праект вельмі важна, паколькі моладзі трэба паказваць і перадаваць такую спадчыну, каб захоўваць традыцыі і гэтую каштоўнасць перадаваць далей, — дадаў Мікалай. — Дзецям вельмі падабаецца, прыходзяць да нас з задавальненнем. Усіх акцёраў у нас 12, лялек 11. Больш за ўсё малым падабаюцца анёл і чарцяня, але ёсць і асаблівыя — для тых, хто не бачыць.

«Экапосуд» з Гомельшчыны.

«Птушыны дом» — праект пераможцы ў намінацыі «Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў» каманды сярэдняй школы вёскі Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна на чале з яе дырэктарам Таццянай СІНЯЎСКАЙ. Ён прадугледжвае стварэнне актывістамі на тэрыторыі закінутага кар'ера ў вёсцы рэкрэацыйнай зоны пад такой назвай. Мэта каманды — стварыць прыродны парк з вела-пешаходнымі сувязямі і тэматычнымі зонамі, а таксама веластанцыі на базе школы, дзе будзе захоўвацца транспарт.

— Падчас добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі вырашаецца адразу некалькі задач: ствараецца зона адпачынку для насельніцтва, ліквідуецца забруджванне тэрыторыі смеццем, павялічваецца біялагічная разнастайнасць мясцовых дзікіх птушак і прыцягваецца падрастаючае пакаленне да пытанняў аховы прыроды пры дапамозе стварэння адукацыйнай экасцежкі. Для нас важна сфарміраваць у мясцовых жыхароў экалагічнае мысленне. Чаму выбралі такую назву ініцыятывы? Цяпер на тэрыторыі кар'ера (а гэта пяць гектараў) утварылася своеасаблівае экалагічнае асяроддзе з гнездавання птушак. На жаль, узровень вады ў кар'еры даволі нізкі, таму лебедзі тут больш не жывуць, але мы плануем адрадзіць біялагічную разнастайнасць і павялічыць папуляцыю птушак. А на сцежцы настаўнікі змогуць праводзіць адкрытыя школьныя заняткі па біялогіі і прыродазнаўстве. Зробім яе не толькі навучальнай, але і прыгодніцкай. Участак працягласцю ў 200 метраў разаб'ём на 10 вузлоў, дзе арганізуем квэст, прайшоўшы які, удзельнікі атрымаюць адказы на пытанні ў сферы экалогіі і аховы дзікай прыроды. На гэтым этапе ўсё ўпіраецца ў фінансаванне, таму хочам зацікавіць сваім праектам спонсараў, — падзялілася Таццяна Сіняўская.

Пераможцаў узнагародзілі дыпломамі і статуэткамі. Таксама дзесяць аўтараў найбольш перспектыўных праектаў атрымалі грашовыя сродкі ў памеры да 40 тарыфных ставак на распрацоўку бізнес-планаў для іх далейшага ўдзелу ў штогадовым рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Нагадаем, арганізатарамі рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» з'яўляюцца БРСМ, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Ад задумы — да рэалізацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.