Вы тут

Барыс Буаняр. Жыццёвы хронаметраж з французскай вытанчанасцю


Пра ўраджэнца французскага горада Перона Барыса Буаняра, які пасяліўся ў беларускай глыбінцы, цяпер ведаюць многія ў нашай краіне. А першы нарыс пра незвычайнага жыхара вёскі Стражавічы, што ў Чашніцкім раёне, рыхтавала я. Тады, у 2016-м, некаторыя спецыялісты з тых, хто займаецца праблемамі бежанцаў і перасяленцаў, прачытаўшы матэрыял, запэўнівалі: «Доўга ён тут не затрымаецца. Вернецца ў сваю Францыю».


Песімістычныя прагнозы не спраўдзіліся. Вось ужо сёмую зіму былы перонскі повар і самелье жыве ў неперспектыўных Стражавічах, дзе няма крамы, школы. Простую вясковую хату пабудовы сярэдзіны мінулага стагоддзя руплівы гаспадар ператварыў у сучаснае добраўпарадкаванае жыллё. Асаблівай утульнасцю вылучаецца і падворак месье.

Мясцовыя даўно не лічаць Барыса іншаземцам. Паміж імі ўсталяваліся самыя цёплыя адносіны. Працавітасць француза ўражвае стражавіцкіх бабуль. Ён ніколі не адмовіцца дапамагчы. Ды і прасіць не заўжды трэба. Сам бачыць, калі трэба суседцы снег пачысціць, нешта падрамантаваць, паднесці.

Няма той справы, якая б не давалася Барысу. Вяскоўцы ведаюць: перонец здолен даць майстар-клас не толькі па прыгатаванні далікатэсаў, але і па вырабе шкурак шашка ці па доглядзе качак або коз, па зборы ягад і грыбоў. Вяскоўцы ўсяляк імкнуцца спрыяць заняткам суседа.

Барысу Буаняру было амаль пяцьдзясят, калі ён вырашыў пераехаць у Беларусь. Француза зачаравала віцяблянка Аксана, якая стала яго жонкай і дзеліць з ім цяжкасці і радасці жыцця. На радзіме Барыс меў два рэстараны. У краіне лясоў і азёр таксама не адыходзіць ад кулінарнай справы. Працаваў у рэстаранах Новалукомля, Віцебска. Але апошнім часам крыху змяніў арыенціры. Цяпер частуе вытанчанымі стравамі гасцей розных фестываляў.

Стравы Барыса паспелі пакаштаваць і ацаніць удзельнікі міжнароднага фестывалю «Бярэзіна-2019» у Барысаве, прысвечанага 207-й гадавіне падзей вайны 1812 года, нясвіжскага «Гранд-кірмашу» ў Палацы Радзівілаў.

Пасябраваў Барыс з Кацярынай Аверкавай і Мацвеем Сабуравым, арганізатарамі міжнароднага фестывалю «SPRAVA», які штогод ладзіцца ў суседняй са Стражавічамі вёсцы Белая Царква. Іх яднаюць не толькі дзелавыя сувязі, але і цікавасць да гісторыі.

У шчыльным графіку ўлюбёнага ў беларускае жыццё Барыса заўсёды знаходзіцца час, каб паехаць на радзіму, наведаць сяброў і родных. Як распавесці ім пра найпрыгажэйшую ў свеце краіну, якой лічыць Беларусь? Для гэтага перонец выкарыстоўвае фотаапарат.

Разглядаючы здымкі Буаняра, цяжка ўявіць, што зроблены яны непрафесійным фатографам. Многія з іх нагадваюць мастацкія палотны, хаця гэта ўсяго толькі хобі.

Паводле Барыса, цікавасць да фотасправы дасталася яму ад бацькі. Упершыню ўзяў у рукі фотаапарат чвэрць стагоддзя таму, калі адправіўся падарожнічаць па гарах. Вельмі хацелася, каб сваякі даведаліся, які прыгожы свет Альпаў. Здымкі ўсім прыйшліся даспадобы. З той пары камера — надзейны паплечнік ва ўсіх вялікіх і малых падарожжах.

«Каб зрабіць добрае фота, — распавядае француз са Стражавіч, — я магу гадзінамі назіраць за людзьмі, жывёламі, прыродай. Трэба ўлавіць момант шчырасці. На здымках мы перадаём пэўныя пачуцці, адчуванні. Не бойцеся быць шчырымі, эмацыянальнымі. Цэнтрам ўвагі ў маім аб’ектыве можа стаць любая рэч: і пабудова, і камень, і дрэва, і горны пік, і асоба, і жывёліна. Удалы партрэт чалавека атрымаецца тады, калі ён паводзіць сябе натуральна, не апранае маску, а застаецца сам сабою».

Барыс прызнаецца, што вельмі любіць фатаграфаваць у Беларусі. Найлепшае таму сведчанне — яго пейзажныя фотазамалёўкі. Кожны кадр — мініяцюрная карціна. Вось да раніцы развітваецца з зімнім лесам заходзячае сонца, а гэта — трысняговыя зараснікі пад снегам на рацэ. Следам — першыя падснежнікі, што абвясцялі вясну. Далей — вабіць халадком летняя сажалка і радуе вока ўпрыгожанае квітнеючым лубінам поле. Напрыканцы — вераснёўскі лістапад… Такая тэматычная калекцыя!

«Многія пачынаючыя фатографы імкнуцца выйсці на прагулку ў сонечны дзень, бо ўпэўнены: гэта найлепшы час для стварэння шэдэўра, — дзеліцца вопытам перонец. — На самай справе пахмурнае, нават дажджлівае надвор’е з навальніцай дае больш магчымасцей для атрымання цудоўных здымкаў».

Цячэ жыццё, зімы змяняюць вёсны, а нястомны Барыс Буаняр стварае каляровы хронаметраж перажытага, у якога свая велічыня вымярэння часу.

Цудоўныя фотаздымкі ацанілі не толькі сябры і сваякі. У 2015 годзе ён браў удзел у фотаконкурсе «Беларусь вачыма іншаземцаў», дзе яму прысуджана III месца.

Ірына ТОРБІНА

На здымках: Барыс Буаняр і яго работы

Друкуецца ў выданні «Літаратура і мастацтва».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.