Вы тут

1826 — 2024: Гісторыя фатаграфіі на выстаўцы ў Мінску


Сёння нікога не здзівіць фотаапаратам ці відэакамерай, цяпер без намаганняў можна зрабіць фотаздымак або зняць відэа, проста трымаючы ў руках смартфон. Але яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад фотаапарат быў прадметам раскошы, а сам працэс фотаздымкі — складаным і дарагім. Як развівалася фотамастацтва і які шлях прайшлі камеры да сучаснага выгляду, можна ўбачыць на выстаўцы «Рэтрафотатэхніка» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.


Гісторыя фатаграфіі пачынаецца з 1826 года, калі французскі вынаходзец Жозэф Нісефор Ньепс з дапамогай алавянай пласціны і камеры-абскура змог атрымаць выяву мясцовага краявіду. Гэта лічыцца першым фотаздымкам у гісторыі, які дайшоў да нас. Выкарыстанне волава не атрымала далейшага развіцця, а вось камерай-абскура карыстаюцца і сёння, але толькі для стварэння арт-аб’ектаў ці для навуковых даследаванняў.

З сярэдзіны ХІХ стагоддзя пачынае развівацца фотаоптыка, шмат дасягненняў таго часу выкарыстоўваюцца для стварэння фотаапаратаў у нашы дні. На выстаўцы можна ўбачыць фотаапарат Eastman View 1890-х гг., які ў свой час быў сапраўдным прарывам. Але ў такой камеры няма відашукальніка, які дазваляе кантраляваць факусіраванне і якасць выявы. Фотаапарат Eastman View незвычайна вялікі і цяжкі ў параўнанні з сучаснай тэхнікай, гэта добра паказвае прагрэс у сферы фотамастацтва за апошняе стагоддзе.

Разам з фотаоптыкай у ХІХ стагоддзі пачынае развівацца новая тэхналогія — стэрэафатаграфія. Гэты метад дазваляе ўбачыць выяву ў 3D-фармаце. Наведвальнікам выстаўкі «Рэтрафотатэхніка» прапанавана паглядзець на такія фотаздымкі з дапамогай спецыяльнай аптычнай прылады таго часу — стэрэаскопа.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з развіццём кінамастацтва з’явілася неабходнасць знайсці новы фотаматэрыял, які дазваляе здымаць адзін кадр за другім бесперапынна. У 1889 годзе была створана першая фотастужка. У экспазіцыі прадстаўлена кінакамера «Кіеў» 1965–1971 гг. У тэхнічным плане яна больш прагрэсіўная, чым яе папярэдніцы, але для работы з ёй таксама выкарыстоўваецца фотастужка, якую наразаюць спецыяльным нажом, а потым склейваюць. Працэс не з лёгкіх, таму на вытворчасць фільма патрабавалася больш часу, чым цяпер.

Нягледзячы на тое, што пасля стварэння лічбавых фотаапаратаў неабходнасць выкарастыння стужкі знікла, людзі працягваюць рабіць фотаздымкі з яе дапамогай. Лічыцца, што так кадры атрымліваюцца больш атмасфернымі.

На выстаўцы можна ўбачыць фотаздымкі жыхароў Мінска 1900–1920-х гг. Усе яны зроблены ў фотаатэлье, якое ў той час набыло вялікую папулярнасць. Фатаграфіі зроблены ў адным стылі. Часцей за ўсё гэта партрэтная здымка аднаго чалавека ці ўсіх членаў сям’і.

Выстаўка здзіўляе разнастайнасцю прадстаўленай фотатэхнікі. Тут ёсць мадэлі фотаапаратаў, зробленых у Германіі, Японіі, СССР, Польшчы, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Кітаі і Вялікабрытаніі. Можна прааналізаваць развіццё савецкай фотатэхнікі. Напрыклад, знакаміты люстраны фотаапарат «Зеніт-Е», распрацаваны на Краснагорскім механічным заводзе імя Зверава, лічыцца самым масавым люстраным фотаапаратам у гісторыі. Было выпушчана больш за 12 мільёнаў штук. Яго гісторыя пачалася ў 1952 годзе. Значнай перавагай у параўнанні з папярэднімі мадэлямі была наяўнасць у фотаапарата «Зеніт-Е» люстэрка пастаяннага візавання, якое дазваляе назіраць за аб’ектамі ў відашукальніку камеры дзеля пабудовы кампазіцыі кадра. Гэта значна спрасціла сам працэс фотаздымкі, а нізкі кошт забяспечыў папулярнасць мадэлі не толькі на тэрыторыі СССР, але і за мяжой. На выстаўцы прадстаўлены розныя мадэлі фотаапарата «Зеніт» з 1957 да 1985 года, зробленыя ў РСФСР і БССР.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя пачалі распаўсюджвацца фотаапараты малога фармату. Гэтаму спрыяла папулярнасць фільмаў і кніг пра сакрэтных агентаў і шпіёнаў, у якіх героі выкарыстоўвалі такую тэхніку. Галоўнай перавагай гэтых мадэляў з’яўляецца кампактнасць і бязгучнасць, чым асабліва карысталіся вулічныя фатографы. Акрамя мікрафотаапаратаў, на выстаўцы можна ўбачыць тэхніку незвычайнай формы. Напрыклад, фотаапарат у выглядзе гадзінніка.

Вялікая частка прадметаў адлюстроўвае этап развіцця фотатэхнікі 1930–1980-х гг. Дзякуючы інфармацыйным стэндам, можна даведацца пра канструкцыю знакамітых фотаапаратаў, працэс фотаздымкі і шмат іншага. Фотатэматыку працягваюць здымкі Мінска 1980-х гг. архітэктара Сяргея Багласава. Чорна-белыя фота дазваляюць акунуцца ў атмасферу той эпохі, паглядзець на сталіцу таго часу.

Наведвальнікі могуць сфатагравацца ў імправізаваным фотаатэлье на фоне Мінска пачатку ХХ стагоддзя. Выстаўка працуе да 7 красавіка 2024 года.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.