Вы тут

У чым асаблівасці работы сельвыканкама, які размешчаны абапал Маларыты?


Калі былы Маларыцкі сельсавет скасавалі, а тэрыторыю далучылі да Хаціслаўскага, то новаўтвораны сельсавет нібы ўзяў у кольца райцэнтр. І цяпер нярэдка жартуюць, што Маларыта знаходзіцца на яго тэрыторыі. Калі паглядзець на карту, то можа скласціся менавіта такое ўражанне, — кажа старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета Аляксандр КАРАБЕЙКА.


Ёлка і пастух

Старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета Аляксандр Карабейка.

Ну а ў сельвыканкама пасля рэарганізацыі з'явіліся спецыфічныя клопаты. Найперш па падтрыманні ў парадку тэрыторыі. Мяжа горада і сельскай тэрытарыяльнай адзінкі праходзіць па адной з гарадскіх вуліц. На пэўным участку гэтую ролю адыгрывае вуліца Кальцавая. Скажам, гараджанін пасля свята вынес ёлку, паставіў яе праз дарогу на ўзбочыну, такім чынам аказалася засмечанай ужо не гарадская тэрыторыя, а сельская. Летась было характэрнае крымінальнае здарэнне, якое трапіла ў зводкі. Жыхар горада трымаў прыбор-электрапастуха чамусьці на другім баку вуліцы, відаць, каля гаспадарчай пабудовы. Калі таго пастуха ўкралі, крадзеж быў зафіксаваны як здарэнне на тэрыторыі сельсавета. Але крадзеж — клопат міліцыі. А вось пакеты са смеццем, якія нядобрасумленныя жыхары горада пакідаюць за дарогай, аўтаматычна становяцца клопатам сельскай улады. Даводзіцца прыбіраць.

Канкурэнцыя гандляроў

Блізкасць горада адчуваецца ва ўсім, несумненна, гэта мае і свае плюсы. Ну, напрыклад, гандаль развіваецца па рыначных законах на карысць пакупніку. У Хаціславе з насельніцтвам прыкладна 1000 чалавек да гэтага працавалі крама райспажыўсаюза і прыватны магазін. Перад новым годам яшчэ адзін прадпрымальнік адкрыў свой гандлёвы пункт. Ён набыў пусты будынак былой банкаўскай установы, зрабіў рамонт і пераабсталяваў пад магазін. Перад святам зладзіў такія акцыі і зніжкі, што ў барацьбе за пакупніка дзве іншыя крамы таксама істотна панізілі цэны. Дайшло да таго, што гараджане наймалі таксі і прыязджалі па пакупкі ў вёску з райцэнтра. А жыхары суседніх Мельнікаў і Сушытніцы ставілі абгрунтаваныя пытанні перад сваімі гандлёвымі пунктамі сістэмы спажыўкааперацыі, чаму ў іх цэны вышэйшыя, чым у Хаціславе. Тамтэйшы ж магазін не адставаў ад канкурэнтаў. Канкурэнцыя стала рухавіком прагрэсу, у чым з'явілася магчымасць упэўніцца на прыкладзе адной асобна ўзятай вёскі.

Дажыначнае добраўпарадкаванне

Варта сказаць, што Хаціслаў мае сваю адметную гісторыю. Тут пабудавалі аграгарадок, калі слова такога не ведалі і паняцце сацыяльных стандартаў было яшчэ не на слыху. У вёску, першую ў раёне, прыйшоў прыродны газ. Тут даўно ўзводзілі добраўпарадкаванае жыллё, стваралі сацкультбыт, пракладвалі добрыя дарогі. Усё гэта было ў часы калгаса-мільянера «Запаветы Леніна» на гэтай тэрыторыі. Вытворча-сацыяльная база, створаная ў 70—80-я гады, служыць людзям і цяпер. Зразумела, што яе трэба падтрымліваць і абнаўляць. Гэтай справе добра паслужылі раённыя дажынкі, якія адбыліся ў Хаціславе ў 2020 годзе. Як звычайна, да фестывалю работнікаў вёскі правялі работу па паляпшэнні населенага пункта.

Новая дзіцячая пляцоўка.

— Найперш замянілі пакрыццё плошчы перад Домам культуры, — кажа кіраўнік мясцовай улады. — Знялі старую плітку і паклалі новую. Такім чынам галоўная плошча аграгарадка набыла новы выгляд. Адрамантавалі фасады цэлага шэрагу пабудоў. Спонсары падарылі дзіцячую пляцоўку. Яе паставілі паміж дзіцячым садком і ФАПам. Фактычна тады перажылі хоць невялікае абнаўленне ўсе аб'екты сацыяльна-культурнай сферы. З'явіліся новыя клумбы. Такім чынам, вёска памаладзела і пахарашэла да дажынак.

Жыхары таксама падтрымалі ініцыятыву сельвыканкама, адрамантавалі, пафарбавалі агароджу, навялі парадак на дваровых тэрыторыях. Варта сказаць, што работа, распачатая перад дажынкамі, працягваецца, — расказвае далей Аляксандр Вячаслававіч. — Скажам, да дажынак адрамантавалі фасад Дома культуры, абнавілі дах, а шклопакеты на вокнах культурнай установы ўдалося памяняць перад надыходам зімы. Зараз сельгаспрадпрыемства працуе над падрыхтоўкай былога будынка майстэрні пад перабудову яго ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Старшыня Маларыцкага раённага Савета Алег ЯКУБЧЫК адзначыў, што ў Хаціслаўскім сельскім Савеце шмат робіцца па добраўпарадкаванні тэрыторыі і падтрыманні парадку. Блізкасць горада накладвае свой адбітак. Напрыклад, тут у адрозненне ад іншых сельсаветаў зусім няма пустуючых дамоў. Жыллё хутка набываюць гараджане пад лецішчы, сельгаспрадпрыемства таксама гатовае купіць і адрамантаваць дом для сваіх работнікаў. Сельвыканкам, мясцовыя дэпутаты прыкладаюць намаганні, каб адпавядаць прыгараднай тэрыторыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: З аглядкай на горад

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.