Вы тут

Ад «Жаваранка» да «Соф'і Гальшанскай»: Музычны тэатр запрашае на юбілей


Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр 17 студзеня адзначыць 50-годдзе творчай дзейнасці. Менавіта ў гэты дзень паўстагоддзя таму тут паказалі першы спектакль — гераічную музычную камедыю Юрыя Семянякі «Пяе «Жаваранак». Да юбілею тэатрам падрыхтаваны святочны канцэрт, у якім нам пакажуць найлепшыя нумары, створаныя цяперашняй трупай. Прагучыць і аперэтачная класіка, і сучасны мюзікл.


За мінулыя гады тэатрам былі пастаўлены сотні спектакляў самых розных жанраў. На яго сцэне выраслі пакаленні таленавітых салістаў, а сотні тысяч гледачоў апладзіравалі і захапляліся майстэрствам акцёраў, хору, балета і аркестра тэатра. Напрыклад, калі зазірнуць у рэпертуар першага сезона, то там прыхільнікам тэатральнага мастацтва прапаноўвалі для прагляду аперэты «Баядэра», «Халопка», «Вольны вецер», «Фіялка Манмартра», музычную камедыю «Каўказская палонніца». Сёння ў рэпертуары можна знайсці не толькі аперэты, але і мюзіклы, балет, музычна-драматычныя спектаклі, музычныя праграмы і музыкальнае рэвю, спектаклі для дзяцей і іншае.

Пагартаем разам старонкі гісторыі...

Тэатр быў створаны ў 1970 годзе і да 2000-га меў назву «Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь». Творчы лёс яго складваўся няпроста. Так, першыя дзесяць гадоў існавання калектыў не меў свайго памяшкання, таму са спектаклямі даводзілася вандраваць па розных сцэнічных пляцоўках сталіцы. І толькі 15 кастрычніка 1981 года адбылося адкрыццё новага, дванаццатага, сезона ў новым будынку па адрасе: Мяснікова, 44, дзе Музкамедыя знаходзіцца і дагэтуль. Тады тэатр паказваў аперэту Іагана Штрауса «Лятучая мыш». Дарэчы, спраектавалі будоўлю на месцы невялікага клуба камбіната тонкасуконнага валакна. Кіравалі будаўніцтвам вядомыя архітэктары Аксана Ткачук і Уладзімір Тарноўскі. Будынак, які і да сёння застаецца домам музычнага і тэатральнага мастацтва, з'яўляецца адной з выдатных пабудоў свайго часу. Як распавядала ў адным з інтэрв'ю Аксана Фёдараўна, у працэсе работы над будучым храмам тэатральнага мастацтва было шмат цікавага і разам з тым складанага. Напрыклад, у «Мінскпраекце», дзе яна працавала, тады не было спецыялістаў па акустыцы, таму іх давялося шукаць у Ленінградзе. У архітэктуры тэатра прысутнічае шэраг адметных кампазіцый і дэталяў. Так, на фасадзе каля ўвахода вельмі заўважныя пяць алегарычных скульптур з кованай медзі, якія ўвасабляюць муз музычнага тэатра: паэзію, музыку, драму, выяўленчае мастацтва і танец. Каля тэатра таксама можна ўбачыць скульптурную кампазіцыю «Батлейка», выкананую па матывах беларускага народнага тэатра. Тут ёсць дзе пахадзіць і ў што паўглядацца.

Многія спектаклі, пастаўленыя ў гэтых сценах, сталі важнымі падзеямі ў культурным жыцці краіны і ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры. На сцэне музычнага тэатра атрымалі права першай пастаноўкі такія творы беларускіх аўтараў, як «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан» Юрыя Семянякі, «Несцерка» і «Судная гадзіна» Рыгора Суруса, «Дзяніс Давыдаў» Андрэя Мдывані, «Джулія» і «Шклянка вады» Уладзіміра Кандрусевіча, «Вясновая песня» і «Прыгоды ў замку Алфавіт» Віктара Войціка, «Мільянерка» Яўгена Глебава. З пашырэннем жанравага рэпертуару павялічваўся і сам творчы калектыў. Сёння тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, выдатны сімфанічны аркестр, харавы калектыў і балетная трупа, пастановачна-тэхнічны састаў. Ладзяцца праграмы і з удзелам запрошаных творчых калектываў, салістаў, праводзяцца конкурсы, фестывалі, абменныя гастролі.

Калектыў тэатра і яго салісты неаднаразова былі адзначаны рознымі званнямі, станавіліся лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Напрыклад, мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча «Соф'я Гальшанская» (яго прэм'ера адбылася ў 2013 годзе) стаў на думку журы ІІІ Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» найлепшай пастаноўкай сярод тэатраў музычнай накіраванасці. Яго рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Кавальчык стаў тады лаўрэатам прэміі як найлепшы рэжысёр, а выканаўца ролі караля Ягайлы — саліст тэатра Антон Заянчкоўскі адзначаны як найлепшы акцёр спектакля музычнага тэатра. Уклад калектыву ў развіццё беларускай музычнай школы і беларускага музычнага мастацтва быў заўважаны, і ў 2000 годзе тэатру прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», а ў 2009-м — званне «Акадэмічны», пасля чаго ўстанову перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.

Любяць і ведаюць калектыў і ў Мінску, і па ўсёй краіне, а таксама за яе межамі. Тут працуюць народныя артысты Беларусі Маргарыта Александровіч, Васіль Сердзюкоў, Веніямін Захараў, Антон Заянчкоўскі, Людміла Станевіч і многія іншыя таленавітыя прафесіяналы. Прыезд тэатра ў абласныя, раённыя цэнтры — гэта заўсёды сапраўднае свята для мясцовых жыхароў. Калектыў — жаданы госць і ў іншых краінах. У гастрольнай скарбонцы маюцца паездкі па краінах СНД і бліжняга замежжа.

Нават нягледзячы на пандэмію, якая ўнесла пэўныя карэктывы ў работу тэатра, тут працягваюць служыць тэатральнаму мастацтву. У снежні мінулага года публіку парадавалі прэм'ерай мюзікла «Рамэа vs Джульета. Праз ХХ гадоў», убачыць яго можна і ў студзені. А ў нядзелю тут чакаюць гледачоў, каб адсвяткаваць свае плённыя творчыя гады на сцэне. Добры настрой і вечар у цікавай кампаніі будзе найлепшым падарункам для ўсіх удзельнікаў імпрэзы.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.