Вы тут

Канцэртныя касцюмы і рукапісы Мулявіна паказваюць музеі


Сёлета Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 80 гадоў. Да гэтай даты падрыхтаваныя тэле- і радыёперадачы, канцэрты, экспазіцыі, шматлікія публікацыі. Адкрыць цікавыя факты, папоўніць свае веды пра жыццё і творчасць Уладзіміра Георгіевіча можна, наведаўшы выстаўку ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Выстаўка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры правядзе творчымі шляхамі славутага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Тут прадстаўлены ўнікальныя экспанаты з фондаў музея, напрыклад, нотныя рукапісы Мулявіна, эскізы касцюмаў, зробленыя мастакамі Юрыем Піскуном і Вольгай Дзёмкінай, канцэртныя ўборы музыкантаў, магнітная стужка з раннім варыянтам сумеснай работы ансамбля з гуртом «The New Chrіsty Mіnstrels».

Гэтая экспазіцыя зладжана ў супрацоўніцтве з музеем Уладзіміра Мулявіна ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Са збораў філарманічнага музея — некаторыя касцюмы артыста, яго аўтабіяграфія, буклеты і праграмы канцэртных выступленняў. Таксама наведвальнікі змогуць паглядзець відэазапісы з канцэртаў, пачуць галасы знакамітага калектыву.

У сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вы пазнаёміцеся з нотамі, кампакт-дыскамі, грампласцінкамі, кнігамі і артыкуламі, якія раскрываюць жыццёвы і творчы шлях песняра. Яго гісторыя па-сапраўднаму ўнікальная, паколькі Уладзімір Георгіевіч, нарадзіўшыся далёка за межамі нашай краіны, па волі лёсу апынуўся ў Беларусі і не толькі палюбіў нашу зямлю, але і праславіў яе сваёй творчасцю.

З імем Мулявіна звязана адкрыццё новых кірункаў у беларускім эстрадным мастацтве. Дзякуючы яго бачанню і ўспрыманню паэзіі творы беларускіх класікаў — Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Максіма Танка — атрымалі музычнае афармленне. Уладзімір Мулявін даў другое жыццё шэрагу народных песень, сярод якіх «Касіў Ясь канюшыну», «Купалінка», «Рэчанька» і іншыя — і іх пачулі далёка за межамі Беларусі.

Калі вы жадаеце пранікнуцца атмасферай творчасці вялікага артыста і аддаць даніну яго памяці, самы час наведаць гэтыя выстаўкі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.