Вы тут

​Ці вырасце цана на імпарт?


Міністэрства па падатках і зборах інфармуе, што з першых дзён студзеня падняліся стаўкі падатку на дадатковую вартасць на ўвоз некаторых тавараў — лекаў, медыцынскіх вырабаў, харчовых і дзіцячых тавараў.


Да новых партый тавараў будуць прымяняць ужо абноўленыя стаўкі ПДВ. А да 1 лютага аптэкі і гандаль павінны перагледзець цэны ў рознічнай сетцы на рэшту тавараў з улікам уключэння ў іх ПДВ па новых правілах. Гэтыя новаўвядзенні прадугледжаны абноўленым Падатковым кодэксам, растлумачылі рэдакцыі ў Галоўным упраўленні развіцця падатковых органаў Міністэрства па падатках і зборах краіны.

Такім чынам, да 2021 года лекі і медыцынскія вырабы, у тым ліку пратэзна-артапедычныя, якія ўвозілі ў Беларусь, вызваляліся ад ПДВ. А з гэтага года стаўку падатку для іх усталявалі на ўзроўні 10 %. У спісе пазіцый, на якія раней пры ўвозе ў краіну дзейнічаў «нулявы» падатак, былі ў тым ліку актываваны вугаль, вата, вазелін, спіртавыя настойкі, харчовыя прадукты, тлушчы з печані рыбы, альбуміны, дэзінфікуючыя сродкі, сродкі для гігіены паражніны рота і зубоў, лінзы і аправы для акуляраў, растворы для захоўвання кантактных лінзаў, тальк.

Спіс лекаў і медыцынскіх вырабаў, на якія не выплачваўся ПДВ, вялікі. Сярод іншага падымуць падатак і на дыягнастычныя або лабараторныя рэагенты, сертыфікаваныя эталонныя матэрыялы. Гэта значыць, існуе верагоднасць, што могуць падаражэць таксама платныя аналізы і абследаванні.

У Міністэрстве фінансаў растлумачылі, што стаўкі ПДВ на лекі паднялі «для іх упарадкавання ў першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй». Цяпер стаўкі па ПДВ на лекі аднолькавыя, а раней у Беларусі яны былі больш ільготныя.

Але па факце гэта не давала больш нізкай цэны на лекі на самай справе. Таму што ў тым ліку адсутнічаў кантроль заяўленага кошту на імпартныя лекі, бо плаціць пры ўвозе нічога не трэба было — ні ПДВ, ні мытныя пошліны. Адпаведна, і кантроль за гэтай цаной быў больш «мяккім». Цяпер цэны ў аптэках пракантралююць адпаведныя службы — Міністэрства аховы здароўя і МАРГ. На думку Міністэрства, гэтыя ведамствы не дапусцяць неабгрунтаванага росту цэн.

Якія прадукты і дзіцячыя тавары не падаражэюць

З першых дзён года паднялі ПДВ на харчовыя і дзіцячыя тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь, — з 10 % да 20 %. Пры гэтым на некаторыя тавары, як дзіцячыя, так і прадукты харчавання, гэты падатак па-ранейшаму будзе на ўзроўні 10 %.

З харчовых тавараў такая (мінімальная) стаўка цяпер прымяняецца да сацыяльна значных. А з дзіцячых тавараў стаўка ў 10 %, як планавалася, будзе на тыя вырабы, якія ўваходзяць у склад спажывецкага кошыка для сям’і з чатырох чалавек.

Да прыкладу, з прадуктаў харчавання стаўка ПДВ у 10 % сярод іншага засталася на мяса і харчовыя мясныя субпрадукты, малако і малочную прадукцыю, рыбу (уключна з філе і іншымі відамі рыбы — жывой, свежай, астуджанай, марожанай), рэпчаты лук, сланечнікавы алей, таматы, рапсавы алей, гатовыя прадукты з мяса (акрамя далікатэсных), хлеб, макароны. Гэта значыць на гэтыя тавары цэны з-за ПДВ не вырастуць. Але трэба ўлічваць, што дзяржава ўстанаўлівае для сацыяльна значных тавараў мяжу па росце цэн.

З дзіцячых тавараў ПДВ не павышаецца, да прыкладу, на дзіцячыя пялюшкі і падгузнікі, школьныя ранцы, партфелі, заплечнікі, школьныя дзённікі, сшыткі, некаторыя курткі, касцюмы, камплекты, пінжакі, штаны, камбінезоны, курткі, вятроўкі, воданепранікальны абутак з падэшвай і з верхам з гумы або пластмасы.

Хутчэй за ўсё, пасля першага лютага падаражэюць прывазныя настольныя і пакаёвыя дзіцячыя гульні, дзіцячыя санкі, пластылін для лепкі, пеналы, вокладкі для падручнікаў, альбомаў для малявання. Адсутнічае ў пераліку льготнага падаткаабкладання і істотны спіс дзіцячага адзення. Цяпер у ім няма, да прыкладу, такіх пазіцый, як галаўныя ўборы, пальчаткі, рукавіцы, калготкі і панчохі.

Азнаёміцца са спісам харчовых і дзіцячых тавараў, на якія распаўсюджваецца стаўка ПДВ у 10 %, можна на 118–120-й старонках абноўленага Падатковага кодэкса.

Сяргей КУРКАЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.