Вы тут

Сустракаем Новы год экалагічна. Як зрабіць гэта свята не толькі прыемным, але і карысным для прыроды?


Зусім хутка наступіць галоўная ноч года. Хтосьці пачынае рыхтавацца да яе загадзя, а хтосьці ўсё пакідае на апошнія дні. Але і ў адным, і ў другім выпадку сваімі дзеяннямі можна як дапамагчы, так і нашкодзіць навакольнаму асяроддзю.


Елка: натуральная ці штучная?

Спрэчка на гэту тэму сярод эколагаў цягнецца даўно. І па сёння яны не могуць даць адназначнага адказу, якую елку лепш выбіраць — у кожным варыянце ёсць свае плюсы і мінусы.

Так, натуральная елка — гэта жывая прырода. Сёння зялёную прыгажуню можна купіць на ёлачных базарах ці непасрэдна ў лясніцтвах. Туды навагоднія дрэвы трапляюць з плантацый, дзе іх вырошчваюць з гэтай мэтай каля 10 гадоў. Каб дрэва і пасля святаў паслужыла дабру, а не трапіла на палігон, можна перадаць яго камунальнікам — тады ялінкі выкарыстаюць для ацяплення будынкаў ці ў якасці кампосту. Некаторыя заапаркі таксама прымаюць дрэўцы ў якасці корму для жывёл.

Калі вам не даспадобы ссечанае дрэва, можна купіць ці нават узяць у арэнду елку ў кадцы. Вясной (пры ўмовах правільнага захоўвання) елачку можна пасадзіць на сваім зямельным участку ці ў бліжэйшым лясніцтве падчас традыцыйнай акцыі «Тыдзень лесу».

Што ж тычыцца штучнай елкі, то яна можа дапамагчы прыродзе, калі яе выкарыстоўваць доўгі час, некалькі дзясяткаў гадоў. Мінус у тым, што такія дрэвы вырабляюць з нафтапрадуктаў, часта з кампазіцыйных відаў пластыку, і іх нельга здаць на перапрацоўку. А полівінілхларыд, свінец, ртуць, фталаты ў складзе штучных елак могуць забрудзіць прыроду і паўплываць на здароўе чалавека.

Вытворцы таксама шукаюць спосаб павысіць экалагічнасць штучных елак — напрыклад, вырабляюць іх з перапрацаванага і менш шкоднага пластыку ПЭТ. Але пакуль яны сустракаюцца радзей чым ПВХ і маюць вышэйшы кошт.

У якасці альтэрнатывы можна:

  • выкарыстоўваць галінкі елкі замест цэлага дрэва;
  • упрыгожыць жывую елку за горадам ці хатнія дэкаратыўныя расліны, напрыклад, пальмы;
  • зрабіць елку з падручных матэрыялаў: гірлянды, старой газеты, кніг, сушаных ягад і долек цытрусавых — варта толькі падключыць фантазію і ідэальны для вас варыянт хутка знойдзецца.

Навагоднія аздабленні

Чым бліжэй да Новага года, тым больш яркімі становяцца прылаўкі магазінаў ад безлічы цацак і гірляндаў. Таму бывае цяжка выбраць сапраўды вартыя і экалагічныя тавары. Што ж рабіць?

Самае лепшае — купляць як мага менш цацак, мішуры і гірляндаў. Можна перагледзець свае запасы — старыя ёлачныя цацкі таксама могуць стаць выдатным элементам святочнага дэкору.

Калі ж вы вырашылі абнавіць навагоднія аздабленні, выбірайце тавары з улікам іх доўгага выкарыстання і толькі ў спецыялізаваных месцах. Так можна быць больш упэўненым, што цацкі адпавядаюць усім неабходным патрабаванням бяспекі і якасці. Купленыя з рук могуць утрымліваць свінец, фармальдэгіды і іншыя шкодныя рэчывы.

Лепш не выкарыстоўваць разнастайныя танныя ўпрыгажэнні з пластыку. Самымі ж экалагічнымі лічацца аздабленні з дрэва, шкла ці паперы — яны могуць жыць доўга, а потым трапіць на перапрацоўку.

Цацкі на ёлку таксама можна зрабіць сваімі рукамі. Напрыклад з адпрацаваных звычайнай ці святлодыёднай лямпачкі (люмінесцэнтныя ўтрымліваюць ртуць, таму іх выкарыстоўваць нельга) ці прыродных матэрыялаў. На елцы ці на вокнах таксама будуць выдатна глядзецца сняжынкі з паперы, нітак ці драўніны.

Калі выбіраеце агеньчыкі на елку, аддавайце перавагу святлодыёдным — яны не награваюцца, у адрозненне ад іншых відаў гірлянд, а таксама значна эканомяць электраэнергію і пры беражлівых адносінах могуць праслужыць вельмі доўга.

Выбіраем падарункі

Галоўныя атрыбуты свята — падарункі — таксама можна зрабіць больш экалагічнымі. Па-першае, не набывайце тавары толькі для таго, каб «нешта падарыць». Заўсёды рыхтуйцеся да святаў загадзя, даведайцеся, што вашы родныя і сябры хочуць атрымаць у падарунак. Для гэтага проста ўважліва слухайце сваіх блізкіх падчас штодзённых размоў.

Выбірайце якасныя і даўгавечныя тавары. Сучасная тэхніка сёння ў большасці «запрагравана» на хуткае старэнне, каб людзі часцей куплялі новыя тавары, а не карысталіся старымі. Таму пры выбары новых гаджэтаў уважліва вывучайце іх характарыстыкі і аддавайце перавагу найбольш трывалым.

Калі ёсць магчымасць, выбірайце «зялёныя» эквіваленты, напрыклад, экакасметыку або экалагічныя гаджэты (энергазберагальныя зарадкі, натуральныя палачкі для чысткі зубоў).

Памятайце, што лепшы падарунак не рэч, а прыемныя эмоцыі і ўражанні. Калі ў тэатр ці кіно трапіць цяпер больш складана, можна падарыць падпіску на анлайн-кінатэатр ці цікавую камп’ютарную гульню на экатэматыку.

Рабіце падарункі сваімі рукамі — прыгатуйце любімую страву для сябра, звяжыце цёплыя шкарпэткі, намалюйце партрэт любімага чалавека. Вашы таленты і фантазія дапамогуць выбраць найлепшы падарунак!

 Ці патрэбна для падарункаў дадатковая ўпакоўка? Часам яна бывае залішняй. Калі ж без упакоўкі ніяк, зрабіце яе, напрыклад, са старых часопісаў і газет, мапаў, кавалачкаў тканіны, натуральных ці перапрацаваных матэрыялаў ці выкарыстоўвайце экаторбачкі і палатняныя мяшочкі.

Небяспечныя агні

Не можаце ўявіць святкаванне Новага года без залпаў салюту і ззяння бенгальскіх агнёў? Ведайце, што ўсе гэтыя забавы небяспечныя як для чалавека, так і для прыроды.

Феерверкі пужаюць птушак, траўміруюць іх. Не даспадобы такія выбухі і хатнім гадаванцам, а таксама іх бяздомным сабратам.

Разам з прыгожымі агнямі ў святы гэта піратэхніка вылучае ў атмасферу вялікую колькасць таксічных рэчываў, якія могуць выклікаць дэрматыты, парушаць працу нервовай сістэмы, раздражняць дыхальныя шляхі. Пасля салютаў у паветры павышаецца канцэнтрацыя вуглякіслага газу, пылу і акісляльнікаў.

Нашкодзіць здароўю могуць і бенгальскія агні. Акрамя таго, металічны каркас, які застаецца пасля згарання хімічных рэчываў, не прымаецца на перапрацоўку.

Не меншую пагрозу нясуць і кітайскія ліхтарыкі — часам яны прыводзяць да пажараў. У некаторых краінах нават забаронена іх выкарыстанне.

Экасмачны стол

Каб наступны год быў багаты, многія з нас рыхтуюць на святочны стол шмат самых разнастайных страў. Але непазбежна частка з іх аказваецца ў сметніцы. Трапляючы на палігон арганіка дрэнна раскладаецца і ўдзельнічае ва ўтварэнні парніковых газаў.

Таму калі вы не трымаеце гаспадарку і не можаце парадаваць навагоднімі стравамі сваіх гадаванцаў, у тым ліку каліфарнійскіх чарвякоў, якія з прадуктаў робяць карысны кампост, лепш скараціць колькасць навагодніх страў.

Спецыялісты таксама раяць купляць мясцовыя прадукты, каб зменшыць іх экалагічны след. Зразумела, ад мандарынаў і іншых экзатычных фруктаў адмаўляцца не варта. Але гародніну, мяса, малако, цукеркі выбірайце беларускай вытворчасці.

Дарэчы, з мандарынавых лупін, кававай гушчы і іншых ачысткаў можна зрабіць шмат карысных рэчаў, напрыклад, цукаты ці розныя касметалагічныя сродкі. Пашукайце такія рэцэпты ў інтэрнэце — знойдзеце шмат цікавага.

Святочнае адзенне

На Новы год усе мы хочам выглядаць прыгожа. Як жа зрабіць гэта з карысцю для прыроды?

Лепш за ўсё не купляць новае адзенне, можна адрамантаваць ці перашыць старыя сукенкі і касцюмы. Калі ж без новых пакупак ніяк, перш за ўсё зазірніце ў дабрачынныя магазіны ці сэканд-хэнды. У звычайных крамах перад пакупкай звяртайце ўвагу на склад тканіны, краіны вырабу і сертыфікаты. Увогуле ж купляйце толькі тое, што сапраўды патрэбна і можна выкарыстоўваць не толькі ў навагоднюю ноч.

Многія перад Новым годам ператрасаюць шафы, пераглядаюць свой гардэроб. Непатрэбныя рэчы можна перадаць у вышэй названыя крамы, дабрачынныя праекты ці падарыць сябрам. Так мы зберажом рэсурсы і парадуем іншых людзей.

Хочаце ўпрыгожыць свой убор стразамі і паеткамі ці зрабіць бліскучы макіяж — памятайце, што не дапамагаеце гэтым прыродзе. Гэтыя блёсткі ці глітэры вырабляюцца з пластыку. Дробныя часцінкі палімераў (мікрапластык) не могуць трапіць на перапрацоўку, таму пасля выкарыстання акажуцца ў сметніцы ці ў вадаправодзе, а пазней — у навакольным асяроддзі. Паводле даных вучоных, ужо сёння мікрапластык знаходзіцца ўнутры кожнай трэцяй рыбіны. Знаходзілі яго і ў харчавальнай сістэме чалавека, а нядаўна часцінкі мікрапластыку ўпершыню ўбачылі ў плацэнце.

Некаторыя вытворцы ўжо пачалі ствараць экалагічныя глітэры, таму падчас выбару бліскучага тавару ўважліва вывучыце яго склад. А найбольш удалым варыянтам будзе ўвогуле адмовіцца ад блёстак — лепшым упрыгажэннем на Новы год будзе ваша ўсмешка і шчаслівы бляск у вачах!

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.